Толькі цяпер Андзіна праца атрымала прызнанне. Калі пасля родаў дзяўчына ачуняла, цётка, з якой былая гаспадыня ўжо дамовілася пра заробак дзяўчыны, загадала ёй вярнуцца на ранейшую працу.
Андзя зноў у ахвотку ўзялася за працу. Маўчуха, як і раней, яна працавала яшчэ больш рупліва, і ў кватэры быў глянц-парадак. Толькі жыццё самой Андзі цяпер змянілася. Яна больш не размаўляла з чаравікамі, калі іх чысціла. Не бегала па лесвіцы. Яе характар змяніўся праз мацярынства.
Былая Вавёрка назаўсёды знікла з камяніцы.
У кожную вольную хвілю Андзя адведвала і карміла сына. Яго пахрысцілі і далі імя Аляксандр. Цётка супакоілася і перастала рабіць замахі на жыццё дзіцяці. Малы не быў для яе цяжарам і дакукай, бо Андзя заўсёды знаходзіла час, каб самой вырвацца з працы і заняцца сынам.
Мінуў год. Андзя працавала на ранейшым месцы. Гэта, магчыма, цягнулася б яшчэ доўга, але зноў непрадбачаная акалічнасць парушыла звыклы лад жыцця дзяўчыны. У сям’і чыноўніка адным з сыноў быў ужо дарослы Грыша. Ён наведваў у гімназіі сёмы клас, ало вучыўся дрэнна, і зусім не з тых прычынаў, якія часта перашкаджаюць у навуцы здольным і гарачлівым хлопцам. Ён не мог пахваліцца поспехамі толькі праз млявасць, ляноту і капрызнасць. Апошнім часам гэты маладзён з чырвонымі рукамі, бяздумнымі вачыма і гнілымі зубамі пачаў выказваць да Андзі зацікаўленасць. Імаверна, ананізму яму было ўжо не дастаткова. Ён безупынку чапляўся да дзяўчыны, якая з цяжкасцю пазбягала расстаўленых ім пастак. Аднойчы ён заспеў яе падчас прыборкі спальні, схапіў ззаду і разам з ёй паваліўся на ложак. Дзяўчына не закрычала, бо не хацела залішняй увагі іншых дамачадцаў. Грыша быў высокі і досыць моцны, але яна была рухавая і дужая. Яна выкручвалася, але пераўзбуджаны маладзён раптам пачаў яе душыць. У Андзі пацямнела ўваччу. З носа лінула кроў. На твары выступілі сінякі. І тады, прыслухаўшыся да інстынкту самазахавання, які ўрэшце прачнуўся, яна пачала біцца з усёй моцы. Яна падбіла панічу абодва вокі і пару разоў сапхнула яго на падлогу, падскочыла да дзвярэй, але выбрацца з пакою не здолела, бо кавалер замкнуўся на ключ. У пэўны момант Грыша сарваў са сцяны вяшак. Андзя схапіла столік для кветак… На шум збегліся дамачадцы. У дзверы загрукалі кулакамі. Паніч адамкнуўся і, падзёрты ды перапэцканы ў Андзінай крыві, вылецеў з пакою.
— Матуля, гэта ўсё Андзя!.. — зароў герой, хаваючыся за плячыма маткі.
— Ах ты, гадзіна, дзіця мне хацела забіць! Прастытутка ты, жабрачка, зладзейка! Выклікайце паліцыю! Я цябе правучу!..
Андзя памкнулася з кватэры, збегла ў падвал, дзе, тулячы да грудзей Аліка, стала ціхенька плакаць.
На службу яна ўжо не вярнулася, хоць гаспадыня, схамянуўшыся і цвяроза ацаніўшы справу, хацела ўзяць яе назад. У гэтым ёй пасярэднічала цётка:
— Андзька, ідзі заўтра на працу. Табе ж нічога не сталася. А калі паніч хацеў троху пазабаўляцца, то што з таго… Дурная ты. Каб ты мела розум, то яшчэ б атрымала з гэтага якую карысць. А ты як вар’ятка. Знайшла што шкадаваць. І для каго ты марнуешся? Для гэнага твайго хахаля, які цябе кінуў, як сучку са шчанём? Давай выходзь заўтра на працу. Я перапрашу гаспадыню.
— Калі вы папросіце прабачэння, то і працуйце там сама, а я не вярнуся.
Праз два тыдні Андзя знайшла працу на цыгарэтнай фабрыцы, але ў хуткім часе звярнула на сябе ўвагу старшага майстра, які лічыў, што дзяўчаты за заробак мусяць аддзячваць яму сваім целам. Гэта было амаль правіла, якому падпарадкоўваліся ўсе самыя прыгожыя работніцы. Андзя, аднак, абыякава адкінула ўсе залёты майстра. Гэта распаліла яго яшчэ больш. Ён зрабіўся надакучлівым. Андзя сказала яму катэгарычнае «не». А праз некалькі дзён яе выгналі за… «амаральныя паводзіны і кепскую працу».
Праходзілі тыдні, а працы ўсё не было. Цётка штораз больш злосна наракала на дармаедку, хоць Андзя ніколі не сядзела без занятку, выконваючы работу сваёй апякункі, якая ўсё часцей заглядала ў чарку. Андзя ж часта цэлы дзень не мела ў роце нават макавай расінкі. Яна адчувала, што сілы яе пакідаюць — у дадатак яна карміла дзіця. Калі яна схілялася, а пасля выпроствалася, уваччу рабілася цёмна. Не адпачыўшы, яна не магла прынесці нават вядра вады са студні.
Найбольш яе даймала, што галадаў Алік. Каб накарміць яго, яна папрадавала сякога-такога майна, хоць і было ў яе небагата, — але выручаных грошай хапіла ненадоўга. Тады цётка, якая лічыла, што цяпер самы час, прапанавала дзяўчыне «жалаванне» ў немкі Эмы, якая трымала самы шыкоўны ў Менску публічны дом… афіцэрскі, пяцірублёвы. Цётка не раз займалася зводніцтвам і за ніштаватую ўзнагароду і раней намаўляла прыгожых дзяўчат ісці працаваць да Эмы, а цяпер яна спадзявалася добра зарабіць на бесперспектыўнай, як ёй думалася, Андзі. На прапанову Андзя нічога не адказала. Цётка, мяркуючы, што дзяўчына яе не зразумела, пачала тлумачыць, маўляў, добрая праца: там кормяць, прыгожа апранаюць дзяўчат, там весела і поўна культурных і шчодрых кавалераў.
Читать дальше