— Цётка, запомніце, калі ласка: калі вы зробіце яму крыўду, то Бог вам не даруе! Памятайце пра гэта! Я таксама ў вас не застануся… Мяне Бог пакараў, бо я сабе нагу вывіхнула. А вас яшчэ горшы лёс спаткае, калі вы яго заб’яце.
— Сам здохне! — фыркнула кабета, кінуўшы ў бок Андзі поўны злосці позірк.
З той пары замахі на жыццё дзіцяці спыніліся, і цётка мусіла змірыцца з прысутнасцю немаўляці. Зрэшты, хлопчык быў надзіва спакойны і амаль што не дакучаў.
Зацяжарыўшы, Андзя пакінула службу. Калі ў сям’і чыноўніка, а таксама ў цэлым доме ўсе хутка даведаліся пра ейны стан, дык яна нідзе не знайшла спагады або прынамсі разумення. З яе смяяліся, кпілі, называлі вулічнай дзеўкай і шлюндрай.
Ейная даўнейшая гаспадыня неяк заўважыла:
— Я ведала, што гэта за ягадка!.. Я казала дочкам, каб сцерагліся яе, як агню… Ведаю я такіх нявінніц… мілым тварыкам мяне не абалваніш. Я адразу яе раскусіла, як толькі пабачыла…
Бадай, яна забыла, што пазнаёмілася з Андзяй тады, калі той было ўсяго дзевяць гадоў.
— Добра, што яна яшчэ не абчысціла кватэры і не ўцякла з каханкам!.. — усё больш раз’юшвалася крывадушная гаспадыня. — Я пра гэта парупілася!.. Я… а хто ж… Бывай здаровейкам… Бадай цябе качкі затапталі… Мяне нялёгка абвесці вакол пальца!..
Але ў кватэры штораз мацней пачала заўважацца Андзіна адсутнасць. Працы поўна, а рабіць — няма каму. На працу змабілізавалі ўсе рэзервы: дзвюх старэйшых дачок і дзвюх малодшых, а таксама хлопцаў, апрача найстарэйшых, у якіх прабіваліся першыя вусікі — ім было неяк не з рукі працаваць. Нават сама пані адклала раманы Поля дэ Кока і, абвязаўшы галаву хусткай, узялася за прыбіранне пакояў. Праца ішла жвава: адны насілі дровы, другія ваду, іншыя выносілі смецце, мылі посуд, кармілі і пераапраналі меншых дзяцей, падмяталі, мылі падлогу, гатавалі сняданак, абед, вячэру, палілі ў печках, але вечарам выявілася: нягледзячы на тое, што ўсе былі без сілаў ад стомы, яшчэ засталося шмат чаго незавершанага. Гаспадыня пачала бэсціць сталую кухарку, якая ва ўсім пільнавалася сваіх абавязкаў і нават мела нахабства патрабаваць памочніцу. Кухарка ў сваю чаргу прыгразіла звольніцца. Гаспадыня капітулявала.
Праз пару дзён у кухні з’явілася новая гаротніца. Яе адразу ж нагрузілі працай. Але служка была такая нязграбная, ажно яе нават пачалі падазраваць у наўмысным шкодніцтве. Талеркі ў яе біліся цэлымі стосамі. Растаўкла яна і настольную лямпу. Яна здолела нават нейкім таямнічым чынам скінуць са сценкі люстэрка, якое разляцелася на аскепкі. Гэта перапоўніла чашу цярпення. Няўдаху за валасы выкінулі з кватэры.
Ейная пераемніца вечна спала. Яна не прапускала ніводнай магчымасці і нагоды, каб не аддацца свайму ўлюбёнаму занятку. На другі дзень яна знікла. Пасля доўгіх пошукаў яе знайшлі ў склепе, куды яна пайшла з вядром па бульбу. Дзяўчына спала як пшаніцу прадаўшы, седзячы на перавернутым дагары дном вядры. На наступны дзень яна з рана амаль да вечара праспала на гарышчы. Выгналі і яе.
Чарговая служка была досыць спрытная і энергічная. Гаспадыня была вельмі задаволеная: «Нарэшце знайшлася ніштаватая памочніца». Але ейная радасць трывала нядоўга. Жыхары дому заўважылі неўзабаве, што па вуліцы, у браме, на падворку і на лесвіцы з’явілася мноства вайскоўцаў самых розных фармаванняў. Шмат хто выказваў розныя здагадкі, стараючыся зразумець гэтую незвычайную з’яву. «Мусіць, недзе непадалёк стварылі штаб», — нехта зрабіў не надта лагічную выснову. Хутка жыхары заўважылі, што вайсковы наступ прасоўваецца ўсё вышэй па сходах і канцэнтруецца пераважна каля дзвярэй кватэры, у якой служыла вельмі энергічная, але досыць палахлівая дзяўчына. Жаўнеры спрабавалі аднаго разу нават зазірнуць на кухню. А калі двое «жаніхоў» уступілі там у зацятую спрэчку за сэрца сваёй прысухі, прычым найбольш пацярпелі рондалі, супніцы і талеркі, то і тая пакаёўка згубіла працу.
— Прэч! Тут у мяне не казармы! А як жа! Бывай здаравенькая, бадай цябе качка! Пайшла вон!
Наступная служка мела яшчэ больш гарачы тэмперамент. Месца жаўнераў на вуліцы, на падворку, у браме і на сходах занялі ледзь не цэлыя аддзелы пажарнай службы з двух суседніх раёнаў. Спачатку жыхары дому палохаліся і правяралі, ці няма дзе пажару. Але неўзабаве высветлілася, што мэтай атакі рыцараў саламандры было толькі палымянае сэрцайка новай пакаёўкі. Таму выгналі і яе.
Гаспадыня заламала рукі:
— І што мне цяпер рабіць? Як шкода Андзі! Золата, а не дзяўчына была! Якая ціхая, працавітая, спрытная, не балбатуха… Ну, панесла па ўхабіне… бо маладая, нявопытная… Але працавітая, сумленная. Дзе я такую знайду?
Читать дальше