Паўлінка зноў лягла побач са здраджаным каханкам. Яна была ўсхваляваная. Сэрца ў ейных грудзях валіла як молат.
Алік адчуў праз сон рух і перавярнуўся на іншы бок. Закінуў руку ёй на плячо і зноў пачаў нешта шпарка гаварыць. Жанчына разабрала некаторыя словы:
— …Паўлінка… каханая… Маеш золата… усё добра… Паўця… салодкая Паўлінка…
Паўця краем вока заўважыла, што дзверы пачалі адсоўвацца. Ёй зрабілася так страшна, што яна ажно закалацілася.
Дзверы адчыніліся, і ў праёме выраслі фігуры некалькіх мужчын, адзетых у цывільнае. У руках у іх былі пісталеты. Яны выглядалі вусцішна. Жанчына ледзь не крыкнула ад жуды.
Яны ўваходзілі ў пакой без ніводнага гуку, пры цьмяным святле начной лямпы. Праз хвілю ложак заліў моцны струмень святла з электрычнага ліхтарыка. Баран паварушыўся, але не прачнуўся. Можа, нават у сне ён пачуваўся ў бяспецы побач са сваёй каханай кабетай.
Пяць чалавек абступілі ложак. Рэзка здзерлі з Барана коўдру і ўсе разам рынуліся на яго. Прыкладам пісталета ўдарылі яму ў галаву. Паўця крыкнула і ссунулася з ложка на падлогу. У адказ на гэткі крык з Баранавых грудзей вырваўся хрып. Алік паспрабаваў адбівацца. Глуха захрыпеў:
— Паўця, не бойся! Нічога табе не…
Зноў яму ўвалілі прыкладам пісталета і распласталі на падлозе. Кроў цякла яму цурком па галаве. Звязалі рукі і ногі. Баран ужо не супраціўляўся. Знепрытомнеў.
Дом быў акружаны. Яся таксама сцягнулі з ложка. Агенты ведалі пра лаз у сцяне, які вёў на кухню. Калі адныя разбіраліся з Баранам, іншыя залезлі да Яся. Хлопец не супраціўляўся. Толькі з нянавісцю глядзеў на агентаў, якія заломвалі яму рукі і сноўдалі па пакоі. Настка была цалкам спакойная. Ейныя вочы свяціліся холадна і рэзка. Зірнула на сякеру, якая стаяла ў куце. Але ведала, што гэтак Ясю не дапаможа. Яна чула, што ў доме і навокал поўна людзей.
Неўзабаве пад браму пад’ехаў грузавы аўтамабіль. Папярэдне яго паставілі крыху далей.
Вывелі Яся і вынеслі Аліка, які так і не прыйшоў да прытомнасці. Іх пільнавала шмат узброеных ахоўнікаў. Частка агентаў засталася ў кватэрах і праводзіла грунтоўны ператрус.
Аўтамабіль крануўся з месца.
За ім засталіся Баранавыя мары пра шчасце: невялічкі домік на Захар’еўскай, куст бэзу з павялымі кветкамі і ўжо даўно пустая будка Мілага.
Яся прывезлі ў камісарыят № 1 у цэнтры горада. Зрабілі гэтак знарок, каб разлучыць яго з Баранам, якога пасадзілі пад арышт у Следчым аддзеле. Аліка кінулі ў цёмны ізалятар. Там яму знялі путы з рук і ног ды выклікалі фельчара. Гэта быў той самы эскулап, які загадаў яго перавезці з турмы на Серпухаўскай у вязніцу на Грушаўскай. Той пазнаў свайго пацыента і са злосцю намагаўся вярнуць яму прытомнасць. Занадта моцным спіртам ён спаліў Аліку слізістую абалонку ў носе, але Баран так і не апрытомнеў… З камісарыята № 1, дзе трымалі Паніча, немагчыма было ўцячы. Следчыя паклапаціліся, каб ён не мог мець зносінаў з меркаваным супольнікам. Яны планавалі дапытаць кожнага паасобку, а потым параўнаць паказанні. Усе здагадваліся, што гэта былі вялікія рыбіны, і таму хацелі выцягнуць з іх як мага больш звестак.
У камісарыяце № 1 было дзве камеры: адна для мужчын, другая для жанчын. Яся кінулі ў пустую жаночую камеру. Але ён там пабыў нядоўга. Пасля абеду прывялі некалькі арыштаваных кабет, і Яся перавялі да мужчынаў. Там, праўда, сядзеў толькі адзін затрыманы. Гэта быў малы, худы габрэй — Давідка. Цырульнік па прафесіі. Яго схапілі ў выніку абвінавачвання, што ён нібыта краў лёзы ў цырульніцкім кааператыве на вуліцы Захар’еўскай. Ён быў крыху звязаны з блатнымі і пераняўся Ясевай справай. Спачатку хлопец паставіўся да яго насцярожана, але хутка адчуў, што гэта варты даверу таварыш у нядолі. Цырульнік аднёсся да маладзёна як да даўняга сябра. Давідка сядзеў ужо некалькі дзён, таму распавёў Ясю ўсё, што ведаў. А ведаў ён нямала, бо ў цырульніцкім кааператыве, куды заходжвалі чырвоныя бонзы, ён шмат чаго наслухаўся.
Ён шчыра сказаў Ясю, выслухаўшы гісторыю ягонага затрымання, што ягоная справа — дрэнь. Давідка не ўтойваў, што адсюль вязняў часта забіраюць на Камароўку зусім без разбору. Але са Следчага аддзела бяруць толькі ў выключных выпадках.
— Мусіш цягнуць час, — раіў цырульнік. — Можа, за гэты час нешта зменіцца.
— Але як?
— Не ведаю, — сумна адказаў габрэй. — Але было б лепей, калі б ты трапіў ў Следчы. Тут прападзеш! У мяне дробная справа. Сяджу першы раз і таксама не ведаю, ці мяне не прыстукнуць. Мангола ня скора расколюць. Будуць яго цягаць і цягаць. Ставіць на распазнанні, а табе трэба падмазаць пяты або перавесціся адсюль у сабачарню на Серпухаўскай.
Читать дальше