Падумаў, што Паўлінка вяртаецца з працы а дзевятнаццатай. Сказаў захрыплым голасам:
— Добра… Увечары а дзявятай чэшам… І Мілы з намі…
Сабака, нібы згаджаючыся, ласкава схапіў яго зубамі за руку.
х х х
Паўлінка подбегам ляцела ў краму. Са злосцю адмыкала замкі і аканіцы. Алікава прапанова падалася ёй надта нахабнай. «Пакінуць Косціка, добры інтэрас і ехаць на бадзянне ў шырокі свет? Не дачакаешся». Яна некалькі разоў уголас паўтарыла апошнія словы і патрэсла ў паветры кулаком. Меркавала, што Баран навечна прывяжа яе да сябе. Думала, што ён пазбаўляе яе шчасця. Не разумела, што хапіла б адной сур’ёзнай размовы — і ён назаўсёды знік бы з ейнага жыцця. Нават калі б ягонае сэрца сплывала крывёю.
Ведала, што Алік яе кахае, але лічыла, што яна заслугоўвае большага. А ягоная сіла характару і адвага палохалі яе, як і кожную слабую і пустую душу. Яна не была ў стане ісці прамой дарогай, шукала адгаворак. Яна была з гатунку фальшывых, эгаістычных і баязлівых людзей, якія былі б здольныя некага бессаромна забіць нават дзеля невялікай выгады, калі б ведалі, што за гэта ім нічога не будзе.
Гандаль у краме ішоў сёння блага. Пару разоў яна памылілася, выдаючы рэшту. У галаву няспынна лезлі думкі пра Барана і агента. Паўця параўноўвала іх між сабою — заўсёды не на карысць Аліка.
Па Баранавым вяртанні Паўлінка бачылася з агентам толькі аднойчы. Праз тры дні пасля дамоўленага спаткання. Выкарыстала нагоду, бо Баран пад вечар заявіў, што не вернецца начаваць дадому. Меўся ісці з блатнымі на работу. Дзяўчына адразу ж пайшла на кватэру да Семянцова. Яго, аднак, не было ўдома. Чакала цягам гадзіны, а калі ён з’явіўся, кінулася яму на шыю і пачала выбачацца, што не прыйшла на спатканне.
— Тата хварэе. А тут усё навалілася: і крама, і дом, і хворы бацька.
Агент раўнадушна выслухаў апраўданні. Ён таксама не прыйшоў на сустрэчу, але Паўлінка апярэдзіла яго сваім прызнаннем, і ён пра гэта прамаўчаў.
Абыякавасць агента і ягоны холад прыцягвалі Паўлінку. Яна прынесла яму значную суму грошай, пакінутых ёй Алікам. Уручыла каханку.
— Вазьмі, Косцік, дарагі. Табе спатрэбяцца.
Узяў і нават не падзякаваў. Ён паблажліва зносіў Паўлінчына падлашчванне і гарачыя дотыкі.
Выходзячы з кватэры, Паўка кінула:
— Цяпер, Косцік, каханы, няхутка пабачымся. Але, можа, тата ачуняе. Не нудна табе бёз мяне?
— Не…
— А мне страшна сумна. Бывай.
Цяпер думка пра Косціка ўсё больш яе мітрэнжыла. Яна пакінула ў краме памочніцу. Забрала з касы буйнейшыя банкноты і пабегла дадому. «Скажу шаўцу, што да бацькі паклікалі». Але Барана не было. Ён акурат пайшоў да Казіка Марацкага. Паўлінка прыгожа адзелася і скіравалася ў цэнтр. Яна не думала прызнавацца агенту, што Баран — злодзей. Проста хацела параіцца, што рабіць далей. Меркавала расказаць, што Баран з яе здзекуецца, абірае, хоча вывезці адсюль. Спадзявалася, што Семянцоў яе кахае, толькі ён занадта ганаровы пан, каб гэта паказваць. «Ён дакладна падкажа, што рабіць».
Агентава кватэра, аднак, была на замку. Апанаваная сваімі думкамі і планамі, нягледзячы на забарону, яна пайшла да агента на працу. Там чакала на калідоры, крыху баючыся зайсці ў канцылярыю, і нарэшце дачакалася, калі ёй выйшаў.
Семянцову акурат былі патрэбныя грошы. Прагуляўся ў карты, а для хабару неяк не было нагоды. Таму, пабачыўшы Паўлінку на калідоры, ён не раззлаваўся. Падышоў да яе, прывітаўся і сказаў:
— Прыемна цябе бачыць. Мне патрэбныя грошы на важную справу.
Паўлінка радасна, хапатліва выцягнула з сумачкі грошы і ўсунула іх у руку агенту. Потым залапатала:
— Косцік, каханы, знайдзі для мяне троху часу. У мяне вельмі важная справа!
Агент, задобраны значнай сумай грошай, згадзіўся, хоць і не вельмі ахвотна. Выйшаў з ёй на вуліцу. Спяшаючыся і крыху блытаючыся, яна досыць хаатычна пачала яму расказваць пра Барана. Штораз больш хвалявалася. Збівалася. І так яе панесла, што пачала перабольшваць. Прыпляла і Яся, і Настку.
Агент, які спачатку пусціў Паўлінчын аповед паўз вуха, раптам зацікавіўся. Некалькі разоў прагучала знаёмае яму прозвішча — Баран. Адразу не ўзгадаў, што гэта прозвішча вядомага ўзломшчыка. Але калі Паўлінка дадала, што ён спіць з пісталетам пад падушкай, ён пачаў пільна слухаць. Задаваў хітрыя пытанні. І нарэшце зразумеў, што ў ягоныя рукі трапілася добрая справа і нагода, каб выслужыцца. Загадаў Паўлінцы ісці з ім у Следчы аддзел. Паўлінка занепакоілася. Агент гэта заўважыў і наўмысля сказаў:
Читать дальше