— Я адсюль не паеду. Ты думаеш толькі пра сябе. Баішся, што цябе заграбуць. А я хачу зарабляць, каб добра жыць.
— Нічога я не баюся, а толькі пра цябе думаю. Кожнага тут могуць абабраць да ніткі. Паглядзі, колькі крамаў зачынілі! І то як? Гаспадар у зямлю, а грошы ў кішэнь! Да цябе таксама могуць дабрацца!
Паўлінка мела ў галаве апеку агента, якога лічыла вельмі важнай фігурай. «Ён можа кожнага арыштаваць! Сам гэтак сказаў».
— У мяне тут бацька, сястра, брат, — сказала як адрэзала Паўлінка. — І нікуды я адсюль не паеду. Хочаш, дык едзь сам! Я цябе не трымаю.
Баран моўчкі глядзеў ёй у вочы… Глядзеў і адчуваў, што… гіне…
Паўлінка спешна пераадзелася, узяла ключы ад крамы і пабегла з дому. Баран доўга сядзеў пры стале. Потым устаў і пачаў хадзіць па малым пакойчыку як па турэмнай камеры: ад дзвярэй да печы, ад печы да дзвярэй…
Ступаў штораз хутчэй, як стары вязень, не зважаючы на сцены… і думаў, думаў, думаў. Але цяжкія былі ягоныя думкі, як валуны. Нясцерпна гнялі душу.
Пасля гэткага доўгага кідання па клетцы, якую змайстравалі для яго мяккія жаночыя далоні, ён спыніўся каля Паўлінчынага туалетнага століка. Перад люстэркам ляжаў вялікі грэбень. Баран, задумаўшыся, узяў яго ў рукі і глядзеў, амаль не бачачы. Потым заўважыў валасы. Яны паабкручваліся вакол зубоў і засталіся. Баран не зводзіў вачэй з валасоў. Ціха прашаптаў: «Усё кепска, Паўця». Потым пацалаваў ублытаныя ў зубы валасы. Адклаў грэбень на месца. Але адразу ж узяў яго зноў. Сцягнуў адтуль валасы, склаў іх, загарнуў у паперу і схаваў у кішэньцы для гадзінніка. «Усё кепска, Паўця», — круцілася ў ягонай галаве.
Ён і не падазраваў, што цалаваў і схаваў не Паўчыны валасы, а агента Семянцова, які начаваў тут два тыдні таму і часаўся пры люстэрку. Злодзей, позірк якога выхопліваў найменшыя драбніцы, нібыта аслеп, і нават не заўважыў таго, што валасы — хоць таксама светлыя — мелі іншае адценне.
Баран пасунуўся на маліну да Казіка Марацкага. Блатны жыў цяпер у Касі Залатой Трубы. Там жа быў і Мілы. Баран не забраў дварняка назад у будку. Ведаў, што палюбоўніца не зносіць сабаку, і хутка адкрыў, што звярок яе таксама ненавідзіць, таму палічыў за слушнае, каб яны былі здалёк адно ад аднаго.
Мілы не сядзеў цяпер на ланцугу. Ён меў сваю ляжанку пад прыступкамі ганка. Яго добра кармілі і даглядалі. Ён хутка паправіўся. Поўсць блішчэла як шоўк. Барана ён вітаў, скачучы ледзь не пад дах і матляючы хвастом. А злодзей браў яго на рукі, калыхаў, як дзіця, размаўляў, як з чалавекам. Яму, як нікому, шчыра адкрываў сваё сэрца.
— Паўця подлая, сабачка мой даражэнькі… Прападу я з ёй… Няма мне з ёй жыцця… Што рабіць, цюцька?..
Мілы маўчаў. Можа, і ведаў, што трэба рабіць, але як жа сказаць? Тахкала ў сабачых грудзях вернае сэрца. Вочы гаварылі. Нервы дрыжэлі, але што ён мог зрабіць для свайго гаспадара, найважнейшага для яго з усіх людзей на свеце?
— Ты што, зусім ужо вальтануўся? Са сковерам [26] Сковер (звяга) — сабака.
, брахуном гаворыш? Хадзі ў хату, — паклікаў Аліка Казік Марацкі.
Баран з сабакам на руках увайшоў у дом. Пусціў Мілага на падлогу. Прывітаўся з Касяй.
— Ведаеш што, Алік? — пачаў Марацкі. — Я вяртаюся ў Вільню. Тут цяпер ані жыць, ані зарабляць нельга. Што ты на гэта?
Баран маўчаў.
— Хочаш са мной?.. Разам заўсёды лепей. А тут усё адно павяжуць. Мосераў — хоць гаць гаці! На аднаго блатнога дзесяць тайнякоў. Колькі ўжо хлопцаў закіпцюрылі!
Алік не адказваў. Замерла ў ім сэрца. Пакінуць Менск ён марыў ужо некалькі месяцаў. Не было сэнсу тут заставацца. Таму і намаўляў Паўлінку паехаць. Казікава прапанова пацвярджала ягоную рацыю. Але Паўлінка падарыла яму шчасце, гэтак міла і чула прывітаўшы яго пасля вязніцы. Ён не ведаў, што ёй кіраваў толькі страх перад ім. Задобрывала яго… Сёння аднак зразумеў, што ягоны лёс ёй ні свярбіць, ні баліць.
А Казік настойваў:
— Дык як?.. Дамо лататы ў Вільню?
Раптам Баран, нечакана для самога сябе, ціха сказаў:
— Добра.
— Прыбі пятака, брацельнік! На ўдачу!
І Казік з пачуццём ляпнуў сваёй далонню аб Алікаву руку. Баран, які рэдка сам прапаноўваў выпіць, запытаў:
— Ёсць гарэлка?
— Гаміры хоць заваліся.
— Цягні!
Баран піў, амаль не закусваючы. Куляў чаркі, нібы спяшаўся. А Казік малоў языком, як ім найлепш плітаваць [27] Плітаваць — уцякаць.
з Менска і як потым уладкавацца ў Вільні. Баран чуў ягоны голас, але не разумеў усяго. Яны, аднак, дамовіліся, што вечарам адправяцца з горада. Баран паглядзеў на гадзіннік. Была адзінаццатая гадзіна.
Читать дальше