Пакуль выхавацелі і слугі займаліся ўладкаваннем пасля пераезду, Богусь, якога стамляла іх празмерная апека, непрыкметна выслізнуў з палаца агледзець горад. Кейданы здаліся яму падобнымі да велізарнага рынку. Горад стаяў на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, якія вядуць з Вільні ў Расены [18] Цяпер Расейняй.
і з Коўна [19] Цяпер Каўнас.
ў Рыгу, тут заўсёды, а не толькі ў кірмашовыя дні, было поўна гандлёвага люду. Купцы везлі тавар сухім шляхам і вадой — па шырокай і спакойнай рацэ Няцечцы, як яе называлі русіны, або Нявежысу, як казалі жамойты. Для іх выгоды на Няцечцы была зробленая гандлёвая прыстань. У заходнім прыгарадзе кіпела вялікае будаўніцтва — князь Крыштаф дазволіў там пасяліцца васьмі сотням немцаў-лютэранаў, і Багуслаў, вандруючы па горадзе, адчуваў сябе як дома — нямецкая мова гучала тут на кожным кроку. Але не толькі яна. Кейданы былі падзеленыя на ўмоўныя кварталы вакол шасці вялікіх гандлёвых плошчаў, дзе жылі прадстаўнікі кальвінісцкай, лютэранскай, арыянскай, каталіцкай, праваслаўнай і яўрэйскай абшчын. Больш за ўсё, вядома, было кальвіністаў, сярод якіх вылучаліся выхадцы з далёкай Шатландыі, уцекачы ў чужыя краі далей ад беднасці і рэлігійнага ўціску. Дзелавіты дух гэтай рэлігіі наклаў адбітак на гаспадарчы лад усяго горада. Тут не ўмелі гультаяваць, і нават па святах ці ў тыя гадзіны, калі вусны звыкла шапталі малітву, рукі гараджан былі занятыя справай, бо марнаванне часу лічылася найвялікшым грахом. Строгія парадкі дзівілі падарожнікаў, якія звыклі да святочнай будзённасці гарадоў Рэчы Паспалітай, затое для Багуслава, які добра памятаў нямецкія звычаі, жыццё тут было па-хатняму знаёмым і родным. Ён нават не крыўдзіўся на заклапочаных мінакоў, што няўхвальна пазіралі на хлопца, які павольна прагульваўся і яўна біў лынды. Агледзеўшы новую двухпавярховую школу і друкарню, дзе віравала праца, княжыч завярнуў у гарадскую ратушу. Туляючыся па цвінтары кальвінскага збору сярод патрэсканых ад часу, парослых мохам магільных пліт Багуслаў натрапіў на хлапчукоў — сваіх аднагодкаў. Яны пра нешта горача спрачаліся, і княжыч, якому бракавала дзіцячага таварыства, разглядзеўшы, што перад ім не просталюдзіны, а шляхцічы, зацікаўлена падышоў бліжэй. У гэты момант бялявы мажны хлопец дастаў з мяшка вялікага чорнага ката і, трымаючы яго за шкірку, паказаў таварышам. Тыя спалохана адступілі назад. Толькі адзін застаўся на месцы, няўхвальна гледзячы на гэтую забаву.
— Самуль, ты пэўны, што гэта вядзьмарскі кот? — спытаў ён, аглядаючы перапалоханае стварэнне, што мяўкала так, ажно Радзівіл, скрывіўшыся, заткнуў вушы пальцамі.
— А то які ж? — пакрыўдзіўся Самуль. — Ды сам паглядзі, Ян: чорны, як ноч, яшчэ і з зялёнымі вачыма. Напэўна з нячыстай сілай знаецца!
Ён тыцнуў ката недаверліваму таварышу пад нос, аднак русявы Ян, зазірнуўшы ў поўныя жаху каціныя вочы, толькі паціснуў плячыма.
— Кот як кот, — сказаў ён. — Пусці яго, Стаброўскі, бо ў мяне ў галаве звініць ад віскату.
— Нельга, — сказаў Самуль. — Калі гэта сапраўды нячыстая сіла ў каціным абліччы, дык яна аднойчы ў месячную ноч прыйдзе па вашы душы.
Хлопец злавесна абвёў позіркам прыціхлых таварышаў і зайшоўся нядобрым смехам.
— Ну і чаго ты іх палохаеш? — перабіў яго Багуслаў. — Калі б гэта сапраўды была д’ябальская істота, ты б ужо ляжаў на зямлі з разарваным горлам…
Хлопчыкам гэты аргумент падаўся пераканаўчым, і іх напалоханыя твары трохі пасвятлелі. Стаброўскі пачырванеў. Крутнуўшыся на абцасах сваіх ботаў, ён пагрозліва ўтаропіўся ў прынца. Простая будзённая адзежа Радзівіла ўвяла яго ў зман, і хлопец вырашыў, што мае справу з сынам аднаго з замежнікаў, якія, дзякуючы шчодрасці князя Крыштафа, ужо лічылі Кейданы сваёй радзімай.
— А ты хто такі? — груба спытаў ён. — Чаго сунеш нос у мае справы?
— Бо мне так захацелася, — адрэзаў Багуслаў.
Круглае як поўня аблічча Стаброўскага пачырванела ад злосці, а халодныя шэрыя вочы задзірліва заблішчалі. Хлопец шпурнуў убок ужо лішняга ката, які чорнай маланкай кінуўся прэч, а сам, сціснуўшы кулакі, падышоў да прынца.
— Ты, чужынец, лічыш, што можаш беспакарана тут нораў паказваць? — выскаліўся ён. — Прыйдзецца навучыць цябе ветлівасці.
Багуслаў нават збялеў: ніхто яшчэ не наважваўся так з ім размаўляць. Ён пільна агледзеў ворага. Той быў таўсцейшы за яго і здаваўся мацнейшым, але на такую абразу трэба было адказаць. Таму, не доўга думаючы, княжыч ударыў нахабніка кулаком у твар так, што той крывёй умыўся.
Читать дальше