— Ты… дык вось ты як! — ускрыкнуў Стаброўскі і кінуўся на Багуслава.
Яны зацята біліся, аж пыл курэў. Хлопцы абступілі іх і падбухторвалі жартачкамі. Падтрымлівалі, вядома, свайго важака, які біў малога прынца, нібы пярыну выбіваў. Але калі Багуслаў вырваўся з учэпістых абдымкаў саперніка, асядлаў яго і, заламаўшы руку, пачаў біць кулакамі, куды мог дастаць, нават найбольшыя жартаўнікі прыкусілі языкі.
— Здаешся? — спытаў Радзівіл, калі вырашыў, што дастаткова правучыў ворага.
— Не, — выціснуў з сябе Самуль і адразу атрымаў некалькі ўдараў па рэбрах.
— Здаешся?
— Не, хоць і забі мяне! — аж завыў ад болю Стаброўскі.
Ён сабраў апошнія сілы і скінуў з сябе прынца, так, што той ногі задраў. Аднак Багуслаў адразу ўскочыў і ўжо чакаў нападу, сціскаючы кулакі. Убачыўшы, што перавага на баку напышлівага прыхадня, таварышы Самуля кінуліся ратаваць важака. Радзівіл нечакана для сябе апынуўся тварам да твару з чатырма праціўнікамі. Зразумеўшы, што гэта ўжо не жарты, ён схапіў нейкую ламачыну, якая, на шчасце, ляжала пад нагамі. Сціснуўшы яе ў руцэ як хвосткую палку, якімі часта ваяваў просты люд, з усяе сілы ўдарыў у лоб першага ж нападніка. Той ускрыкнуў і, трымаючыся за скрываўленую галаву, асеў на зямлю. А княжыч, не даючы хлопцам апамятацца, раздаваў шчодрай рукой направа і налева добрыя ўдары. Цяжэй за ўсё яму прыйшлося з Янам, які таксама ўзброіўся зручнай палкай і арудаваў ёю, нібы шабляй. Яго таварышы, ужо не адважваючыся лезці ў бойку, шпурлялі ў прынца засохлымі землянымі камякамі і камянямі. Як бы адважна ні біўся Багуслаў, ўсё ж сіла была не на яго баку. І невядома, чым бы скончылася сутычка, калі б на шум не прыбеглі мінакі з мясцовым пастарам. Той, размахваючы цяжкім дубовым кіем, задыхана крычаў нешта пра непавагу да мёртвых і да святога месца. Убачыўшы іх, падшыванцы пакінулі прынца ў спакоі і ўцяклі. Радзівіл таксама не жадаў слухаць натацыі раз’юшанага пастара, таму кінуўся следам. Хутка ён дагнаў Самуля і Яна, якія беглі наперадзе. Тройца завярнула ў глухі завулак і, цяжка дыхаючы, спынілася. Багуслаў знясілена прыхінуўся да сцяны нейкага дома і ад усёй душы ў думках падзякаваў пану Набароўскаму, які кожную раніцу муштраваў яго фізічнымі практыкаваннямі, прымушаючы падымаць цяжар, «каб сілу ў плячах меў», а пасля такіх здзекаў яшчэ і ганяў мілі дзве вакол палаца, павучальна паўтараючы ўслед за Ювеналам [20] Ювенал Дэцым Юній (каля 60 — каля 127 года) — рымскі паэт-сатырык.
: «Mens sana in corpore sano» [21] У здаровым целе — здаровы дух (лац.).
.
— Бягуць? — трымаючыся за грудзі, прахрыпеў Стаброўскі, трывожна ўслухоўваючыся, ці не чуваць пагоні.
— Здаецца, ціха, — выдыхнуў Ян і ўпаў на зямлю як падкошаны, таму што ногі яго ўжо не трымалі.
Самуль з палёгкай уздыхнуў і таксама сеў дзе стаяў.
Апамятаўшыся пасля шалёных уцёкаў і трохі аддыхаўшыся, хлопцы з цяжкасцю ўсталі, з цікавасцю паглядаючы на Багуслава, які спадылба назіраў за імі.
— Добра б’ешся, — з павагай сказаў Самуль і, падумаўшы, працягнуў княжычу руку: — Я Стаброўскі, сын тутэйшага аканома яго міласці князя Радзівіла.
Багуслаў фыркнуў і адвярнуўся.
— Ты не сярдуй, што мы на цябе ўчатырох напалі, — прымірэнча сказаў Ян, правільна вытлумачыўшы пагарду. — Прыйшлося ратаваць таварыша. Калі б мы не ўмяшаліся, ты б з нашага Самуля кавалак мяса зрабіў.
Стаброўскі нахмурыўся, але нічога не сказаў. Радзівіл паглядзеў на Яна: яму спадабаўся яго прыемны, адкрыты твар.
— Ты хто? — ужо трохі лагодней спытаў княжыч.
— Ян Невяроўскі, — сказаў хлопец. — Сын беліцкага старосты князя-гетмана Радзівіла.
Багуслаў злёгку ўсміхнуўся, але адразу паморшчыўся — балела разбітая падчас бойкі губа, і павольна налівалася сіняком падбітае вока. Сапернікі выглядалі не нашмат лепш — на Стаброўскім, здавалася, і жывога месца не засталося, а Невяроўскаму бракавала пярэдняга зуба.
— Добра, — сказаў княжыч. — Я запомню.
І пайшоў. Хлопцы праводзілі яго здзіўленымі поглядамі.
х х х
Праз некалькі дзён Багуслаў у суправаджэнні самага паважанага са слуг князя-гетмана, кейданскага старосты Пятра Кахлеўскага ды пана Пуцяты ўпершыню пераступіў парог школы, дзе павінен быў вывучыць рускую [22] Аўтар мае на ўвазе старабеларускую мову. — Рэд.
(мову Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага), латынь, а таксама арыфметыку, геаграфію, гісторыю і Закон Божы. Сустракаць прынца выйшлі ўсе настаўнікі на чале з рэктарам Янам Дамазовіусам. Рэктар ззяў ад задавальнення, бо Багуслаў адной сваёй прысутнасцю дадаваў гонару школе і цэламу гораду. Ён радасна вітаў Радзівіла і нават здолеў зрабіць выгляд, што не заўважае ні падбітага ў бойцы вока, ні падрапанага твару прынца.
Читать дальше