Ханым усміхнулася:
— А гэтыя металічныя расцяжкі нагадалі мне тваю вежу Эйфеля…
Марскі сабор, Кранштат
Яны спыніліся на сярэдзіне драўлянага насцілу, і Адам абняў дзяўчыну, а тая — не адштурхнула яго. З хвілю памаўчалі, і першым загаварыў ён:
— Я цябе больш не адпушчу! Мы цяпер заўсёды будзем разам.
— Дзе? — сполашна ўздрыгнуліся ейныя вусны, а глыбокія чорныя вочы — як той яр пад імі — напоўніліся туманам.
— Заўтра ў Шчэцін адплывае цеплаход. У мяне асобная каюта. Ты маеш пашпарт… А са Шчэціна праз суткі будзем у Парыжы!
— Гэта вар’яцтва… — ледзь не прастагнала Ханым.
– І немагчыма. Мы — рознай веры…
— Але я кахаю цябе! — Адам адпусціў дзяўчыну і адчайна схапіўся за галаву, нахіліўся на жалезныя парэнчы, а потым павярнуўся да Марскога сабора і ўзняў рукі: — Глядзі: храмы ўзводзяць людзі! А вера… Вера ў нас саміх. У нашых душах. І за каханне няма вышэйшых касцёла, царквы, мячэці ці сінагогі! Безумоўна, калі каханне ўзаемнае… — Адам прыціснуў Ханым да сябе, уліўся ў яе дабіблейныя вочы пад высокімі ўзлётнымі брывамі і прашаптаў: — А ты… кахаеш мяне?
І ў тую хвілю пад ім захістаўся гранітны падмурак моста, а аксамітныя вусны, з якіх зляцела ціхае «Так», адарылі Адама персікавай асалодай…
Незвычайны Макараўскі мост зрабілі ў цэхах Кранштацкага марскога завода, у якім два месяцы пераабсталёўвалі і параход «Роберт». З яго па замове Эмануіла Нобеля на гэтай найстарэйшай расійскай верфі быў створаны карабель, якому пакуль што не было назвы. Цеплаход… салярход… дызельход. Паравыя кацёл і турбіна былі заменены новым рэверсіўным рухавіком Дызеля, забітыя сажай трубы дэмантавалі, — і «Роберт» з новым сэрцам, зробленым на Аўсбургскім маторным заводзе «Таварыства Дызеля», рыхтаваўся да свайго новага плавання з Пецярбурга ў Шчэцін і назад.
1500 марскіх міль. Параходы на гэтай лініі з’ядалі за маршрут каля 50 тон вугалю, а нобелеўскі цеплаход тых жа габарытаў і з нашмат большай агульнай загрузкай абяцаў патраціць не больш за 8 тон сырой нафты! Такі, прынамсі, расход падлічыў і гарантаваў спадару Эмануілу Нобелю Адам Мацкевіч. Тую навіну сенсацыйна растыражавалі сотні журналістаў, якія былі запрошаныя на «дызельны» рэйс. [13] Падлікі Адама Мацкевіча не спраўдзіліся: у цеплаходным рэзервуары засталося яшчэ паўтары тоны нафты.
Назаўтра, калі запусцілі і пачалі праграваць рухавік, Адам вярнуўся ў каюту і спешна напісаў у блакноце:
«Вельміпаважаны спадар Айдар Зэйналабдзін!
Я маю найвялікшы гонар злучыць свой лёс з Ханым. Запэўніваю, што зраблю ўсё магчымае і немагчымае дзеля ейнага шчасця. Калі можаце, зразумейце і даруйце. Пры неабходнасці звязацца са мной можна праз адміністрацыю вядомай Вам рэстарацыі “Vіkon”.
Ваш Адам Мацкевіч».
Падышла Ханым, абняла яго ззаду, прачытала, а потым забрала асадку і дадала:
«Любы татка!
Не хвалюйся. Усё будзе добра.
Твая Ханым».
Адам акуратна адарваў старонку, згарнуў, дапісаў бакінскі адрас і выклікаў памочніка капітана.
— Я ласкава прашу выслаць гэты тэкст тэлеграмай, — і дастаў з кішэні старублёвую асігнацыю.
— Гэтага замнога, — здзівіўся памочнік, а потым выструніўся і кіўнуў галавой: — Рэшту я неадкладна вярну.
Праз гадзіну яны адплылі з Кранштата. Справа ім салютаваў маяк Марскога канала. Як каменныя чарапахі, праслізнулі абарончыя фарты, якія некалі пільнавалі фарватары-падыходы да стольнага Пецярбурга, а цяпер сталі непатрэбнымі: карабельная тэхніка ды ваеннае абсталяванне не стаялі на месцы…
На палубе, любуючыся сонечнымі пералівамі ва ўзбуджанай вінтамі вадзе, Адам мякка абняў Ханым і паўтарыў:
— Усё будзе добра.
Каля Баку ў асабняку Тугіева ішлі цяжкія перамовы аб куплі ягонай нафтавай свідравіны французскай кампаніяй Ротшыльда. Некалі шанцавітаму каменячосу яна дасталася за пяць тысячаў рублёў, а цяпер за яе гатовы былі выкласці мільён.
Дзверы ціха расчыніліся, і да гаспадара спешна прашыбаваў ахоўнік, пакланіўся, паклаў на стол бланк нечаканай тэлеграмы і выйшаў.
Прачытаўшы, Тугіеў некаторы час заставаўся нерухомым, затым перавярнуў паперыну тыльным бокам, устаў, зняў са сцяны цяжкую каўказскую шаблю ў пазалочанай похве і зноў прысеў. Акамянела агледзеў прысутных (толькі ўздрыгнула чорная брывіна), левай рукой накрыў тэлеграму, уздыхнуў, — і раптам над ягонай галавой бліснуў крывы клінок шаблі. Яна секанула па стальніцы і ўелася ў дрэва. На лакаванай паверхні — як на паламаным лёдзе — з’явіліся трэшчынкі-жылкі, а яшчэ — фаланга мезенца…
Читать дальше