Ваенны міністр задуменна хмыкнуў і наліў у кілішкі — цяпер ужо зноў суразмоўцу і сабе. Марудна выпіў, прыціснуў пальцам вусы і ўважліва ўгледзеўся ў Нобеля. Той гэтым разам таксама выпіў да дна, наспех прыкусіў лусцікам сыра і падагульніў:
— Пётр Іванавіч, вы разумееце і перажываеце больш, чым хто іншы… Вы служылі ў тых мясцінах. Вы ведаеце іх. Урэшце, да сваёй высокай міністэрскай пасады вы былі начальнікам недалёкай ад згаданага бакінскага Апшэрона Закаспійскай вобласці… Шчыра заклікаю і прашу: уладай і сілай, якой надзелены, заступіцеся і дапамажыце!
За сталом у невялікай, ціхай і адасобленай зале запанавала маўклівая паўза. Пётр Іванавіч рукой паказаў госцю на закускі, пачаў сам марудна накладваць і паглынаць салаты і мяса, доўга запіваў кампотам, а затым старанна выцер вусны бялюткай ільняной сурвэткай і прамовіў нібы між іншым:
— Пяць адсоткаў ад агульнага прыбытку — і вы забудзеце пра ўсе клопаты і беды.
Эмануіл Нобель наструніўся, адхінуўся ад стала і зрэагаваў імгненна:
— Згода!..
Пасля сустрэчы ў рэстарацыі Данілавых Пётр Іванавіч вярнуўся ў кабінет на Садовай і выклікаў да сябе начальніка Канцылярыі Лобіча.
— Мікалай Львовіч… Толькі што меў я кансультацыю адносна вашага хадайніцтва, — пачаў ён бадзёра, кіўнуўшы на столь, і адразу ж агаломшыў: — Як і думалася, імператар раскідвацца такімі людзьмі жадання не мае. Аднак мы можам пайсці насустрач у пытанні і службовым, і пенсіённым. Вы, упэўнены, начуты пра стварэнне асобнай Каспійскай арміі? Там і цяплей, і паспакойней будзе. З годзік яшчэ, калі ласка, пацярпіце…
Міністр не дагаварыў: яго нястрымна перабіў старэйшы па ўзросце генерал:
— Пётр Іванавіч, дарагі, ты што?.. Зноў мяне ў боты — і падалей? Памілуй: за што?!
— Ды даслухай ты… — не стрымаўся ды «тыкнуў» і гаспадар кабінета. — Будзеш пры арміі маім надзвычайным прадстаўніком з самымі найвысокімі паўнамоцтвамі. І штаб, і інтэнданцкую службу пад сябе прыціснеш. А да ўсяго — і з дзяржаўна-стратэгічнай задачай справішся, — і ён пачаў па звычцы расцягваць — нібыта гэтым гіпнатызуючы — словы, — бо, са-ам разумееш, няма-а ў тако-ой спра-аве найбо-ольш во-опытнага і адда-анага імпера-атару чалаве-ека… — Міністр спакмеціў, як у Лобіча зацікаўлена расцягнуўся лоб, нават бакенбарды ўзняліся над вушамі. — Так-так, няма. Трэба ўзяць пад кантроль бакінскі нафтапромысел. Там, ведаеш, з нафтай многа ў апошні час і муці рознай усплывае. — І міністэрскі тон зноў ператвараўся ў мядовы. — Дык найперш, калі ласка, ёй і займіцеся. Парадак, ахова, дзяржаўныя інтарэсы і гэтак далей, словам… Неадкладна сустрэньцеся з Нобелем, ну ведаеце — цяперашні кіраўнік Таварыства нафтавай вытворчасці… Скажаце, што маё, і не толькі, асабістае даручэнне. Ён патлумачыць, чым дапамагчы. Адпаведныя дакументы аб надзвычайных паўнамоцтвах на подпіс падрыхтуеце самі — каму, як не вам, аксакалу Канцылярыі, вядома ўсё наперад?.. — і бачачы ў вачах падначаленага вострыя хітрынкі, Пётр Іванавіч завяршыў, як адрэзаў: — І не калі́ мяне, Мікалай Львовіч, сваімі зрэнкамі, бо яшчэ дзякаваць стомішся. Пасля гэтай камандзіроўкі грашовага забеспячэння табе на некалькі жыццяў хопіць. І, прабач, не толькі на карты ды казіно ўсякае… — міністр напрыканцы даў зразумець пра сваю абазнанасць у няпростым і пакручастым лёсе генерала Лобіча. — Ну давай, з Богам!..
Пасля далучэння да Расіі гэта быў павятовы цэнтр Каспійскай вобласці, які пазней уліўся ў Шэмахінскую губерню. Але ў 1859-м Шэмах зруйнаваў землятрус, і новай сталіцай стаў ён — Баку. На той час яго ваколіцы ўжо прасвідравалі некалькі першых нафтавых вежаў. Цяпер жа яны — як аграмадныя п’яўкі — прысмакталіся да ўсяго Апшэронскага паўвострава. А вакол — мёртвы пясок, вапняк, калючкі… сонныя антылопы, гідкія змеі каля берага… і зноў: чорныя калюгі смярдзючай нафтавай жыжы, шкілеты (драўляныя ці ржава-металічныя) свідравін, кішкі трубаправодаў, дашчаныя масткі, пясок, вапняк, калючкі… і калюгі нафтавай жыжы.
Пра «гаручую чорную ваду» тут ведалі яшчэ ад старажытнасці. Капáлі калодзежы і скуранымі мяхамі чэрпалі нафту, якая ў тых краях так і называлася: па-азербайджанску, па-персідску і па-турэцку — нэфт. Затым нястомныя вярблюды, абвязаныя бурдзюкамі, везлі яе ў Шэмах, Нахічэвань, а таксама ў Грузію і Персію. І выкарыстоўвалася тая нафта па ўсім Усходзе найперш як мазь-лекі ад пацёртасці ды часоткі ў вярблюдаў…
Хоць ужо заканчваўся кастрычнік, тут было палетняму цёпла. Яны — Эмануіл Нобель з кіраўніком свайго пецярбургскага канструктарскага бюро Карлам Нордстрэмам (і нядаўна прыстаўленым целаахоўнікам са штата бакінскага ваеннага гарнізона) — абышлі амаль усё заходняе ўзбярэжжа Піралахі і цяпер стомлена сядзелі каля маяка, за якім віднелася некалькі баракаў для рабочых, стары будынак перагоннага завода ды кантора «Бранобіль», і назіралі, як апускаецца ў ваду малінавае сонца. Для Нордстрэма, летуценнага шведскага інжынера, гэтая паездка была экскурсіяй: у нафтаздабычы ён мала што разумеў, а калі неяк пачуў ад Нобеля назву — востраў Піралахі — перапытаў: «Гэта недзе ў Фінляндыі?» Нобель усміхнуўся і адказаў: «Амаль што… Паехалі са мной, пакажу. Развеешся і, можа, адпачнеш ад сваёй майстэрні».
Читать дальше