За першы — 1895-ы — год рэалізацыі патэнта на новы рухавік Таварыства «Дызель» атрымала каля трох мільёнаў золатам…
Зранку ішоў звычайны пецярбургскі дождж. Гул-грукат карэт і конскіх капытоў рэхам прабіваўся нават праз тоўстыя сцены аграмаднага дома ваеннага міністра Пятра Іванавіча Курапаткіна на Садовай, і гаспадар зноў парадаваўся, што прыўзняў свае жылыя пакоі і рабочы кабінет на другі паверх. Таго, праўда, патрабаваў тайны цыркуляр Дэпартамента паліцыі, якім настойліва рэкамендавалася перанесці «службовую прастору на вышэйшыя паверхі ў мэтах бяспекі з прычыны магчымых тэрарыстычных актаў супраць членаў царскай сям’і і высокапастаўленых чыноў».
«Як будзе з тымі актамі — невядома, а вось на першым паверсе шуму было больш, асабліва ў такія слотныя раніцы», — падумаў міністр, зірнуў праз шкло на вуліцу, дзе ў туманным марыве схаваліся і Садовы мост, і Мойка разам з усім Марсавым полем, уздыхнуў, сеў за свой інкруставаны стол з моранага дубу і замовіў гарбату.
Генералу ад інфантэрыі Пятру Іванавічу міністэрскі абавязак надзвычай падабаўся. І не таму, што ў любы час ён адкрываў дзверы ў царскія пакоі ці ў Зімнім палацы, ці ў Лівадзійскім, — наадварот, ад імператарскіх вачэй Пётр Іванавіч стараўся трымацца падалей. І не праз бязмежную ўладу над сотнямі тысячаў падначаленых прыкіпеў сэрцам да гэтай пасады, — накамандаваўся за свой вайсковы век нямала. Выявіць думкамі і словамі, чаму так камфортна, спакойна і душэўна пачуваўся вось у гэтых міністэрскіх пакоях, за вось гэтым сталом, у яго не атрымлівалася. Падабалася — і ўсё тут!
Пецярбург, 1890-я гг.
У дзверы далікатна пастукаў ад’ютант. Прынёс белы імбрык з кубкам, печыва і шакалад.
— Ну хто там сёння першы? — паціраючы рукі, спытаў міністр.
— Першым з дакладам запісаны памочнік начальніка Канцылярыі палкоўнік Берг. Дазволіце паклікаць?
Міністр пераліў настоеную пахкую гарбату ў кубак, сербануў, манерна адставіўшы палец, і выдыхнуў:
— Запрашай.
Палкоўнік Берг бадзёра схіліў галаву, па-заліхвацку стукнуўшы абцасамі, і прысеў да прыстолка, з павагай гледзячы на міністра ды ўжо ў які раз дзівячыся яго незвычайнаму падабенству да маладога расійскага імператара Мікалая ІІ: [5] 20 кастрычніка 1894 года расійскі імператар Аляксандр ІІІ спачыў у вечнасці.
такі ж правільны, роўны авал твару, і такі ж разрэз вачэй, і вусы з культурнай бародкай, і лёгкая прычоска набок з раннімі залысінамі…
Памочнік начальніка Канцылярыі тэзісна распавёў пра мабілізацыйныя планы на наступны год, пра будучыя структурныя пераўтварэнні ў асобных памежных акругах (Варшаўскай, Фінляндскай, Далёкаўсходняй і Закаспійскай), пра павелічэнне фінансавання арміі (аб чым, зразумела, яго вялебнасць спадар міністр ужо ведаў), што дазволіць якасна абнавіць у першую чаргу артылерыйскія часці і палепшыць казарменнае ўтрыманне.
— Што маецца на ўвазе? — Пётр Іванавіч зацікаўлена прыўзняў бровы.
— Плануецца ў гарнізонах адкрыць чайныя, а таксама ўвесці новую табель харчовага забеспячэння ў часцях у ваенны час і ў перыяд вайсковых збораў ці манеўраў…
— Ясна. Някепска, — шмыгнуў носам міністр і зноў сербануў гарбаты. — Ну а праблемы?
— Паводле тых жа планаў, вашая вялебнасць, па-новаму пераасэнсоўваюцца тактычныя характарыстыкі ваенна-марскога флоту і комплексная абарончая стратэгія, як сухапутная, так і водная. Дык вось у звязку з апошняй маем найбольшыя клопаты…
— Што, марскі міністр валаводзіцца?
– І так, і не… — палкоўнік Берг паціснуў плячыма. — Тэхнічнае забеспячэнне нашых караблёў робіць не лепшае ўражанне. Па манеўранасці і ўзбраенні яны адстаюць ад флатылій Францыі і Нямеччыны, ужо не гаворачы пра Англію. Ну і ў абарончым плане прабелы. Не хапае, напрыклад, марскіх мін. І пра закуп іх гаворкі не ўзнімалася. Шкада, што некалі мала замовілі іх на Пецярбургскім механічным заводзе Нобеля…
— Ага… — абудзіўся ваенны міністр. — Шкада…
Ён ведаў, што тыя міны яшчэ ў часы Крымскай вайны перакрывалі ўсё балтыйскае ўзбярэжжа Расіі: Кранштат з Пецярбургам у першую чаргу. Стравальніку завода Эмануілу Нобелю на тым свеце ўжо не да мінаў, пагаворвалі, што за ім неўзабаве выправіўся і сын Людвіг…
— У Фінскім заліве выстаўлена каля паўтары тысячы мін Нобеля, менш — у акваторыях Свеаборга, Рэвеля, у чарнаморскім вусці Дуная і Днепра-Бугскім лімане. Але тэрмін іх эксплуатацыі падыходзіць да канца, а пра новыя размоў, паўтару, не вядзецца.
Читать дальше