На наступную раніцу Дзік падняўся да світання, прыбраўся як мага лепш, скарыстаўшы гардэроб лорда Фоксгэма, і, распытаўшы аб Джаане, вырашыў прайсціся, каб зменшыць сваё нецярпенне.
Ён паблукаў сярод салдат, якія апрануліся ў свае даспехі пры святле зімовай зары і чырвоным бляску факелаў; выйшаў у поле, абышоў аванпасты і накіраваўся адзін у замерзлы лес, чакаючы ўзыходу сонца.
Думкі яго былі спакойныя і шчаслівыя; ён не шкадаваў, што так хутка страціў прыхільнасць герцага. Маючы такую жонку як Джаана і такога заступніка як лорд Фоксгэм, ён мог глядзець на сваю будучыню з надзеяй. Аб мінулым ён шкадаваў мала.
Ён ішоў, паглыбіўшыся ў роздум, а ранішняя зара разгаралася ўсё весялей і ярчэй, і рэзкі ветрык падымаў марозны снежны пыл. Ён павярнуўся, каб ісці дамоў, і раптам заўважыў нейкага чалавека за дрэвам.
— Стой! — крыкнуў Дзік. — Хто ідзе?
Чалавек выйшаў з-за дрэва і ўзмахнуў рукой, як нямы. Хаця ён быў у вопратцы пілігрыма і на твар яго быў апушчаны капюшон, Дзік імгненна пазнаў сэра Дэніэла.
Дзік ступіў да яго, выняў меч. А рыцар сунуў руку за пазуху, нібы для таго каб выхапіць схаваную там зброю, і спакойна чакаў, пакуль ён падыдзе.
— Ну што, Дзікон, — сказаў сэр Дэніэл, — што ж ты думаеш рабіць? Няўжо ты нападзеш на пераможанага?
— Я не замахваўся на ваша жыццё, — адказаў юнак. — Я быў вашым верным сябрам да таго часу, пакуль вы не захацелі забіць мяне. О, як прагна марылі вы аб маёй смерці!
— Толькі з самааховы, — адказаў рыцар. — А цяпер, хлопчык, весткі аб гэтай бітве і прысутнасць маладога гарбатага д'ябла ў маім уласным лесе канчаткова мяне зламалі. Я пайду ў Халівуд, і яго святыя сцены абароняць мяне. Потым выпраўлюся за мора, захапіўшы з сабою ўсё, што магчыма, і пачну новае жыццё ў Бургундыі або Францыі.
— Вам нельга ў Халівуд, — сказаў Дзік.
— Як так нельга? — спытаў рыцар.
— Паслухайце, сэр Дэніэл, сягоння — дзень майго вяселля, — сказаў Дзік, — і сонца, якое зараз узыдзе, азорыць самы светлы дзень у маім жыцці. Вашым жыццём вы павінны заплаціць і за смерць майго бацькі і за спробу забіць мяне. Але і сам я натварыў дастаткова. Я быў прычынай смерці многіх людзей… І ў гэты шчаслівы дзень я не хачу быць ні суддзёй, ні катам. Калі б вы былі самім д'яблам, я не падняў бы на вас рукі. Прасіце даравання ў Бога, а я шчодра дарую вам сваё. Але ў Халівуд я вас не пушчу. Я стаю за Йорк і не дазволю шпіёнам пракрасціся ў наша войска. Калі вы зробіце хоць адзін крок, я крыкну і загадаю бліжэйшаму вартавому схапіць вас.
— Ты здзекуешся з мяне! — сказаў сэр Дэніэл. — Толькі Халівуд можа выратаваць мяне.
— Гэта ўжо не мая справа, — адказаў Рычард. — Ідзіце на ўсход, на захад, на поўдзень, але на поўнач я вас не пушчу. Халівуд для вас закрыты. Ідзіце і не спрабуйце вярнуцца, бо, як толькі вы пойдзеце, я папярэджу ўсе нашы каравулы, і яны будуць так зорка сачыць за кожным пілігрымам, што, нават калі вы будзеце самім д'яблам, вам не ўдасца прайсці.
— Ты аддаеш мяне на пагібель, — змрочна сказаў сэр Дэніэл.
— Не, не аддаю, — адказаў Рычард. — Калі вам хочацца выпрабаваць сваю адвагу, выклікайце мяне на паядынак. І няхай гэта будзе здрадніцтвам у адносінах да маёй партыі, я прыму ваш выклік. Я буду біцца з вамі адзін на адзін і нікога не паклічу на дапамогу. Так, з чыстым сумленнем, я адпомшчу за свайго бацьку.
— Ну так, — сказаў сэр Дэніэл, — у цябе доўгі меч, а ў мяне ўсяго кінжал!
— Я спадзяюся толькі на літасць неба, — адказаў Дзік і кінуў свой меч у снег. — А цяпер, калі ваш злы рок загадвае вам, — выходзьце! І калі будзе заўгодна ўсемагутнаму, я скармлю вашы косці лісам.
— Я толькі выпрабоўваў цябе, Дзік, — адказаў рыцар, выціснуўшы з сябе штось накшталт смеху. — Я не хачу праліваць тваю кроў.
— Ну тады ідзіце, пакуль не позна, — падганяў яго Шэлтан. — Праз пяць хвілін я паклічу вартавых. Я і так занадта цярплівы. Калі б вы апынуліся на маім месцы, а я на вашым, я б ужо даўно быў звязаны па руках і нагах.
— Добра, Дзікон, я пайду, — адказаў сэр Дэніэл. — Калі мы зноў сустрэнемся, ты пашкадуеш, што абышоўся са мною так жорстка.
З гэтымі словамі рыцар павярнуўся і пабрыў прэч, у лясную нетру. Дзік з дзіўным, неўразумелым пачуццём назіраў, як сэр Дэніэл ішоў, шпарка і асцярожна, увесь час кідаючы зласлівыя позіркі на юнака, які пашкадаваў яго і якому ён тым не менш не давяраў.
Вось ён падышоў да гушчару, густа пераплеценага зялёным плюшчом і непранікальнага для позірку нават зімой. Раптоўна пачуўся кароткі, чысты гук спушчанай цецівы. Праляцела страла, і з гучным, здушаным крыкам болю і гневу тэнстолскі рыцар узмахнуў рукамі і ўпаў тварам уніз. Дзік падбег да яго і падняў. Страшная грымаса прабегла па твары, усё цела курчылася ў сутаргах.
Читать дальше