— Хлопцы, — сказаў ён, — вы ўсе ведаеце сваю справу. Няхай ніводная душа не выслізне жывой з вашых рук! Эпльярд — гэта быў усяго толькі глыток віскі перад абедам; а зараз пачнецца самы абед. Я павінен адпомсціць за трох: за Гары Шэлтана, за Саймона Мэлмсбэры і… — тут ён стукнуў сябе кулаком у шырокія грудзі, — і за Эліса Дэкуорта. І, клянуся небам, я адпомшчу!
Якісьці чалавек, расчырванеўшыся ад шпаркага бегу, прадзёрся праз кусты і выбег на паляну.
— Гэта не сэр Дэніэл! — прамовіў ён, цяжка дыхаючы. — Іх усяго сем чалавек. Страла даляцела да вас?
— Толькі што, — адказаў Эліс.
— Што за ліха! — вылаяўся бягун. — То ж мне і падалося, што я чую яе свіст. Вось я і застаўся без абеду.
У адзін момант увесь атрад «Чорнай стралы» пакінуў паляну перад разбураным домам; кацёл, патухлае вогнішча ды аленевая туша на кусце глогу — вось і ўсё, што ад іх засталося.
Раздзел V
Крыважэрнае паляванне
Хлопчыкі не рухаліся да таго часу, пакуль шум ветру не заглушыў тупату крокаў, якія аддаляліся. Тады яны падняліся з вялікай цяжкасцю, таму што ад нязручнага становішча ў іх занямелі ногі, выбраліся з разбуранага дома і па бервяне перайшлі цераз роў. Мэтчэм падняў згублены кручок і ішоў наперадзе; Дзік рухаўся за ім з арбалетам у руцэ.
— А цяпер ідзём у Халівуд, — сказаў Мэтчэм.
— У Халівуд? — усклікнуў Дзік. — Ісці ў Халівуд, калі ў нашых страляюць? Не, я не пайду ў Халівуд. Няхай мяне лепш павесяць, Джон.
— Няўжо ты кінеш мяне? — спытаў Мэтчэм.
— Ну і кіну, — адказаў Дзік. — Калі я не паспею папярэдзіць іх, я памру разам з імі. Не магу ж я кінуць людзей, з якімі пражыў усё жыццё! Дай мне кручок ад майго арбалета.
Але Мэтчэм не збіраўся аддаваць яму кручок.
— Дзік, — сказаў ён, — ты пакляўся ўсімі святымі, што даставіш мяне цэлым і здаровым у Халівуд. Няўжо ты парушыш сваю клятву? Няўжо ты мяне кінеш, клятвапарушальнік?
— Я кляўся шчыра, — адказаў Дзік, — і збіраўся стрымаць сваю клятву. Вось што, Джон, пойдзем са мною. Дазволь мне толькі папярэдзіць гэтых людзей і, калі давядзецца, пастаяць разам з імі пад стрэламі. Тады сумленне маё будзе чыстае, я выканаю сваю клятву і завяду цябе ў Халівуд.
— Ты смяешся з мяне! — запярэчыў Мэтчэм. — Людзі, якім ты хочаш дапамагчы, палююць за мною, каб загубіць мяне.
Дзік пачухаў галаву.
— Што ж рабіць, Джон? — сказаў ён. — Я не магу інакш. А як бы ты сам зрабіў на маім месцы? Табе небяспека пагражае невялікая, а іх чакае смерць. Смерць! — паўтарыў ён. — Падумай аб гэтым! Якога чорта ты мяне затрымліваеш? Давай сюды кручок! Клянуся святым Георгіем, я не дам ім усім загінуць!
— Рычард Шэлтан, — спытаў Мэтчэм, гледзячы прама яму ў твар, — няўжо ты збіраешся змагацца на баку сэра Дэніэла? Хіба ў цябе няма вушэй? Хіба ты не чуў таго, што сказаў Эліс? Ці табе не дарагая родная кроў, кроў твайго бацькі, якога забіў гэты чалавек? «Гары Шэлтан», — сказаў ён; а сэр Гары Шэлтан быў твой бацька, і гэта таксама зразумела, як тое, што сонца зіхаціць на небе.
— І ты хочаш, каб я паверыў зладзеям? — крыкнуў Дзік.
— Я ўжо даўно чуў аб забойстве твайго бацькі, — сказаў Мэтчэм. — Усім вядома, што яго забіў сэр Дэніэл. У сваім уласным доме праліў ён нявінную кроў. Неба прагне расплаты за гэтае забойства! А ты, сын забітага, ідзеш суцяшаць і абараняць забойцу!
— Джон! — усклікнуў хлопчык. — Я нічога не ведаю. Можа, усё гэта так і было. Адкуль мне ведаць? Але памяркуй сам: сэр Дэніэл выгадаваў мяне і выкарміў; я гуляў і паляваў разам з яго воінамі; а ты хочаш бачыць мяне зганьбаваным.
— Ну, а твой бацька, Дзік? — спытаў Мэтчэм, трошкі, відаць, засумняваўшыся. — Хто ж твой бацька? І клятва, якую ты мне даў? Ты ж даваў клятву, заклікаў у сведкі ўсіх святых.
— Мой бацька, ты кажаш? — усклікнуў Шэлтан. — Бацька загадаў бы мне ісці і абараняць сваіх. Калі праўда, што сэр Дэніэл забіў яго, прыйдзе час, і вось гэтая рука заб'е сэра Дэніэла! Але пакуль сэру Дэніэлу пагражае небяспека, я буду абараняць яго. А ад клятвы маёй ты сам мяне вызваліш, добры Джон. Ты вызваліш мяне ад клятвы, каб выратаваць жыццё людзей, якія не зрабілі табе нічога кепскага, і каб выратаваць мой гонар.
— Я, Дзік, вызвалю цябе ад клятвы? Ніколі! — адказаў Мэтчэм. — Калі ты кінеш мяне, ты — клятвапарушальнік, так і ведай.
— Маё цярпенне лопнула, — сказаў Дзік. — Аддай мне мой кручок!
— Не дам, — заўпарціўся Мэтчэм. — Я выратую цябе насуперак тваёй волі.
— Не дасі? — крыкнуў Дзік. — Я цябе прымушу!
— Паспрабуй! — прыняў выклік Мэтчэм.
Читать дальше