Дзіўная рэч, што сёньня не адчуваю гэтак нясьцерпна голаду, як учора і папярэднія дні. Але слабасьць усё большае, цяжка валачыць ногі.
Вяртаюся на рынак. Ізноў бачу пакупнікоў і прадаўцоў. Нейкая кабета прадае мужчынскую бялізну. Атачылі яе перакупнікі й крыкліва гандлююцца, вырываючы з рук бялізну. «Дык жа і я магу прадаць бялізну. Нашто яна мне, калі гіну з голаду?» Я хапатліва сышоў з рынку і зайшоў у двор вялікай камяніцы. Заняў прыбіральню і пачаў распранацца. Было вельмі нязручна. Гімнасьцёрку і нагавіцы павесіў на цьвік, зьняў кашулю і споднія порткі. Потым апрануўся. Агледзеў бялізну. Калашына споднікаў была падрана. Калі б гэтую бялізну папрэць і выпрасаваць, можна было б прадаць яе даражэй. А ў гэткім стане — ня быў пэўны, ці купяць яе.
На рынку я доўга хадзіў са скруткам бялізны пад пахай. Стыдаўся насіць яе на руцэ — як гэта рабілі перакупнікі. Сонца садзілася. Людзей было ўсё менш. Толькі перакупнікі ўвіналіся бяз стомы па пляцы.
— Прадаеш гэта? — зьвярнуўся да мяне мужчына, маючы поўныя рукі розных лахманоў. — Пакажы.
Раскруціў бялізну і ўважліва яе агледзеў.
— Брудная, падраная.
— Так, брудная, але падраная толькі ў адным месцы. Можна выпраць і зашыць. Будзе як новая.
Ён чмыхнуў пагардліва і спытаў:
— Колькі хочаш?
— Трыста марак, — прамовіў я няпэўна.
— Трыста марак! Чаму ня тысячу? Няма пра што гаварыць. Хочаш пяцьдзесят марак, дык вазьму гэтыя лахманы. Можа, страчу на іх.
Кілё хлеба каштавала пяцьдзесят марак. Таму мог купіць за тыя грошы толькі адзін кілаграм хлеба. Я не пагадзіўся і пайшоў далей. Бялізнай гандлявала яшчэ двое перакупнікаў. Адзін прапанаваў мне сорак марак, другі трыццаць. Зразумеў, што яны ў змове і зьбіраюцца купіць у мяне бялізну як патаньней. Але я бачыў раней, што самі прадавалі такую бялізну як мая, але чыстую, па чатырыста пяцьдзесят марак за пару. Шкадаваў, што не пагадзіўся на цану першага перакупніка. Мог бы купіць ужо кілё хлеба. Тады падышла да мяне немаладая кабета.
— Прадаяце бялізну? — спытала.
— Так… Але брудная.
Уважліва агледзела кашулю і споднікі.
— Колькі просіце?
— Ня ведаю… Колькі можаце даць?
Каля мяне затрымаўся адзін зь перакупнікаў, які раней гандляваўся са мной за бялізну, прапануючы за яе сорак марак. Зьвярнуўся да кабеты:
— Яна, напэўна, з хворага. Не купляйце. Магу прадаць вам лепшую.
— Калі ласка, ня верце яму, — сказаў я. — Гэта мая ўласная бялізна. Танна прадам.
— Яна крадзеная. Можаце займець зь ёй клопат, — уклініўся ізноў перакупнік.
— А цябе гэта ня тычыцца, — кінула яму кабета. — Цябе не пытаю. Колькі хочаце за бялізну?
— Дзьвесьце марак, — сказаў я няпэўна.
— Дам сто пяцьдзясят, — мовіла кабета.
Я адразу ж пагадзіўся і атрымаў грошы. Накіраваўся да ятак і купіў кіляграм жытняга хлеба, ладнага селядца, дзесяць папяросаў і пушку запалак. Аддаў сто дваццаць марак. Засталося ў мяне трыццаць.
Пайшоў на бераг Вяльлі й знайшоў зручнае месца. Пачысьціў селядца і памыў яго ў рацэ. Пачаў есьці. Забіраўся пакінуць трохі хлеба на потым, але зьеў яго ўвесь. Потым доўга піў цёплую ваду проста з ракі. Адчуў сытасьць. Закурыў папяросу і лёг на беразе. Доўга ляжаў нерухома. Думкі снавалі ў маёй галаве. Рака так салодка цурчэла. Сонца зьніжалася ўсё ніжэй, заліваючы ўсе касымі промнямі. Я заснуў.
Не магу зьмірыцца з тым, што ўжо цывільны. У войску я быў неабходнай і патрэбнай адзінкай — як зьвяно ланцуга, як рэйка чыгункі. Пасьля дэмабілізацыі я стаў нічым — нікчэмным чалавечым лахманом, што замінае прахожым. Нашу ў грудзях бунт. Уражвае мяне ўсё вакол, неахайныя цывільныя, бязладны рух на вуліцах, паўсюдная нэрвовасьць. Часам зрок спачне на постаці вайскоўца. Назіраю за ім з зацікаўленьнем. Ён блізкі мне, хаця падзяляе нас прорва, бо я цяпер сярод цывільных. Некалькі разоў здараліся са мною памылкі: аддаваў чэсьць старшым афіцэрам. Цяжка ад гэтага адвыкнуць. Пры кожным такім спатканьні аўтаматычна выпрастоўваюся, выпінаю грудзі і… раптоўна прыпамінаю сабе найгоршае: я звольнены з войска. Мая галава апускаецца, упіхваю рукі ў кішэні й валакуся далей, нядбалым, цывільным крокам. Нідзе ані сьледу арганізацыі, салідарнасьці ці нават… людзкасьці. Учора ўвечары я ішоў вуліцаю. Дастаў апошнюю папяросу. Зьвярнуўся да нейкага акуратна апранутага цывільнага, які курыў папяросу.
— Агеньчыкам не падзеліцеся?
Зыркнуў на мяне злымі вачыма і буркнуў:
— У краме ёсьць запалкі!
Читать дальше