Зноў я ў цэнтры гораду. Ноч. Прахожых усё менш. Людзі, якія зрэдку шпацыруюць вуліцай, выглядаюць таямніча. Напэўна, і я дзіўна выглядаю, бо прахожыя падазрона паглядаюць на мяне і нават збочваюць з дарогі. Спыніўся каля выйсьця зь першазоркавай рэстарацыі. Блішча шкло, зіхаціць мосенж. За дзьвярыма велічны парцье ў ліўрэі. Бачу з вуліцы мноства столікаў, засланых белымі абрусамі. Сядзяць пры іх убраныя мужчыны і жанчыны. Крыху далей я знайшоў цёмную нішу і прысеў у яе глыбіні. Адтуль мог бачыць вуліцу і адпачыць. Было б добра заснуць. На вуліцу час ад часу выходзяць падпітыя, вясёлыя людзі. Чуецца жаночы сьмех і пэўныя ў сабе галасы мужчын. З-за рогу вуліцы, з доўгай чарады чакаючых на пасажыраў брычак, азываюцца па маханьне далоні ці ляскі рамізьнікі й затрымліваюцца перад франтонам камяніцы. Ад’яжджаюць. Я застаюся. Чакаю — няведама чаго. Гукі музыкі далятаюць праз адчыненыя дзьверы.
На ходніку зьяўляецца дзяўчынка. Яна спрытная і зграбная, але бедна апранутая. У руках кошык. Кветачніца. Дакучліва прапануе кветкі тым, хто выходзіць з рэстарацыі:
— Шаноўны пане, прыгожыя браткі. Сьвежыя браткі. Купіце для прыгожай дзяўчыны!
Яе адганяюць. Я назіраю са схованкі за лёгкімі, гнуткімі дзявочымі абрысамі. Мне шкада яе дарэмных высілкаў. «Нашто ім кветкі? Кветкі ўночы сярод гэтых каменных магіл непатрэбны». З рэстарацыі выйшаў немалады таўстун. Ён элегантна апрануты. Самы шык! Разьвітаўся з кімсьці і, вытанчана нацягваючы на галаву кацялок, далікатным крокам скіроўваецца ў мой бок. Дарогу яму заступае кветачніца. У руках мае букеты браткаў — кветак вясны. Дзяўчынка танчыць пры сьвятле вулічнага ліхтара. Танчыць танец вясны, ночы і нэндзы.
— Шаноўны пане! Прыгожыя кветачкі. Браткі. Купіце. Цудоўна пахнуць.
Таўстун зрабіў рух рукою, як бы зьмятаючы з дарогі неспадзяваную перашкоду. Потым зірнуў на кветачніцу і затрымаўся каля маёй нішы. Узяў з рук дзяўчыны букецік браткаў і выняў з камізэлькі манэту. Кветачніца працягнула да яе далонь. Мужчына пахіліўся, хочучы схапіць яе падбародак.
— Пойдзеш са мною, красуня, што? Добра заробіш. Ну?
Дзяўчына адным скачком пераскочыла рышток і апынулася на бруку. Манэта пакацілася ходнікам.
— Ах ты, ты… тоўстая сьвіньня! А курвы навошта?
Абураны таўстун у кацялку тупнуў нагою.
— Хочаш, каб арыштавалі! Чапляешся да прахожых. Ты бахурка!
Кветачніца перабегла вуліцу і наблізілася да групы прахожых.
— Прыгожыя браткі. Сьвежыя фіялкі. Купіце. Танна. Вельмі танна…
Пасьля ўцёкаў дзяўчынкі таўстун у кацялку злосна засоп, шпурнуў браткі на ходнік і элегантным крокам падаўся далей. Я выйшаў зь нішы, узьняў кветкі й панюхаў іх. Згадаў сабе манэту, якая пакацілася ў рышток. Лёг паўскрай ходніка і доўга шукаў яе ў бруднай вадзе ды ў глеі. Не знайшоў. Напэўна, завалілася ў нейкую яміну. Абцёр аб нагавіцы далонь і ўзьняў букецік.
Плятуся вуліцаю. Зрэдку мінаюць мяне мінакі. У роце суха. Мучыць голад і страшэнна баляць ногі. «Навошта я гэтулькі хаджу? Зьнясільваюся. Цікава, ці браткі прыдатны да ежы?» Пачаў жаваць адну кветачку. Адчуў у роце горыч. «А там… у той рэстарацыі гэтулькі ежы!»
Спыніўся пры нейкай краме. Абапёрся рукамі на парэнчы. Узіраюся ў бліскучае шкло вітрыны і нічога ня бачу. Перад вачамі нясецца рой вясёлых зораў — зялёных, чырвоных, белых. Шуміць у вушах, слабеюць калені.
Адчуў цяжкую далонь на плячы. Азірнуўся. Убачыў зашпілены над падбародкам скураны матузок і дапытлівы, недаверлівы позірк. Паліцыянт
— Што ты тут робіш? Га?
— Нічога. Стаю.
— Тут нельга затрымлівацца. Ідзі далей!
Зноў мінаю вуліцу, валакуся каля гмахаў гэтых жахлівых джунгляў, дзе гэтак шмат цэглы, жалеза і каменьня, але дзе так цяжка мне здабыць лусту хлеба. Іду вуліцаю Вялікаю. Кіруюся да Вострай Брамы. Там у цудоўным убраньні валадарыць Божая Маці. Адтуль плыве благаславенства на мільёны людзей і на мяне. Думаю пра гэта. Раптам з-за рогу вуліцы бліснулі вочы. Пачуўся прыглушаны шэпт:
— Хадзі, хлапец… Хадзі… Пазабавімся. Хадзі…
Я збочыў у цемру вуліцы. Іду па няроўным бруку. Спатыкаюся. Наперадзе мяне маячаць невыразныя абрысы кабеты. «Можа, яна душа гэтай бруднай вуліцы, гэтых халодных муроў, гэтай галоднай ночы?». Праз хвілю пытаю:
— Куды мы ідзем? Чаго ты хочаш?
— Хадзем, хадзем. Ужо блізка.
Мы ўвайшлі ў страшэнна сьмярдзючую браму. Ногі сьлізгаюць па нечым ліпучым. Суцэльная цемра. Кабета цягне мяне за рукаво.
— Хадзі… Сюды, зараз.
Вільгасьць склепу. Бліскучыя муры. Убогі агеньчык сьвятла вырывае са змроку лапік прасторы. Разглядаю стары, кашчавы твар кабеты. Страшэнна схуднелая постаць. Убогія, сьмярдзючыя лахманы, цяжкія ад бруду і вільгаці. З-пад кароткай, абадранай спадніцы відаць босыя, брудныя ногі… Галёначныя косткі шкілету абцягнуты патрэсканай скурай. Кабета робіць на хворым твары какетлівую ўсьмешку, падобную да грымасы болю. Цягне мяне ў кут склепу на агідны падсьціл. Адпіхваю яе рукі.
Читать дальше