Ён страпянуўся:
— Дзякуй, сынок.
— Вы яе знойдзеце. Яна мяне любіць. А я… ну, з бацькамі, ясна, яе аберагаю.
«Гэх, хлопча, — падумаў Братчык, — кепска ты яе аберагаў. Ды я не скажу табе гэтага».
— Мы з ёю сябры — не разлі вада.
— Я знайду яе, сынок.
Юрась пабег.
РАЗДЗЕЛ ХVІ САРОНСКАЯ ЛІЛЕЯ
…Кажуць таксама, што жыціе гэтай святой пачалося з таго, што, не маючы чым заплаціць пагоншчыку мулаў, яна заплаціла яму натурай.
Апокрыф
Было ўжо зусім цёмна. За акном Братчыкава пакоя свяцілася ў змроку чырвоная стужка зары.
Свяцільнік ледзь мігцеў, вырываючы з цямноцця лысіну Баўтрамея, жывое, бы ў малпы, аблічча Іліяша — Сымона, доўгія валасы і юродскія вочы Ладыся — Іаана, ды яшчэ, далёка ад святла, вузкую руку Хрыста, што бязвольна звісала з каленяў. Вышэй за яе трывожна блішчэлі Юрасёвы вочы.
Апосталы не маглі зразумець, што здарылася. Братчык з'явіўся змрочны і ніякіх загадаў не аддаваў, толькі шпурнуў Піліпу ледзь не трэць усіх грошай і сказаў:
— Віна… Вячэраць.
Гэта было добра. Значыцца, галава раздумаў ісці з горада на галодныя і пыльныя дарогі. Раздумаў, прынамсі, на некалькі дзён.
Апосталы радаваліся. Але, з другога боку, словы Юрася аб небяспецы і магчымай пласе ўсё ж запалі ім у вушы, дый Фама, пасля адыходу Хрыста з Іудам, добра такі ўклаў усім розуму ў галаву. Княства княствам, а сваё жыццё даражэй.
І вось таму яны зараз і радаваліся, што застаюцца, і адначасова пабойваліся і хацелі пайсці і знікнуць.
Тумаша не было. Даведаўшыся, што будзе віно і вячэра, ён спытаў у Хрыста:
— Дзевак хіба паклікаць?
— Дзеля сябе і іншых — як хочаш, — думаючы пра нешта другое, сказаў ілжэ-Хрыстос.
Фама крэкнуў з многім значэннем, але той не раззлаваўся, і шляхціц, зразумеўшы такі стан як згоду, пашыбаваў у горад раскідаць свой брэдзень.
І вось усё было падрыхтавана ўжо, а яго не было, і ўсе моўчкі чакалі, і толькі Іуда ў куце пра нешта такое шаптаўся з Хрыстом:
— Ну, і што ты думаеш рабіць?
— Пэўна, чакаць. Сюды, можа, дойдуць звесці, а там… голка ў стозе.
— І я-ткі пайшоў бы.
— Іосія, мілы. Што я магу ведаць? Я нават не ведаю, а можа, яна сама пайшла ад мяне? Можа, яна зразумела ці нехта адкрыў ёй вочы? І вось… не сцярпела падману, прыніжэння, таго, што сама кінулася.
— А можа, ёй зараз так кепска, што… Можа, чакае паратунку?
— А можа, шчаслівая, што мяне няма.
— Гм, рацыя, — сцвердзіў Іуда. — І, аднак, думаць трэба. Шукаць. І заўваж, тут шукаць непрытульна. І можа прыйсці час, што ты не здолееш і думаць. І я не здолею думаць. Чаму? Таму што думаць можна, калі ёсць чым думаць, а калі чым думаць няма, то і думаць няможна. Скажу толькі адно, каб табе, можа, было лягчэй. Што можа зрабіць Іуда? Ён можа кінуць друга? А друг кінуў яго аднаго ў Слоніме? Ці ён можа, каб сябра павесілі?
У гэты момант адчыніліся дзверы, пачуўся вясёлы рогат і віск, і ў пакой пачалі плысці, не датыкаючыся нагамі зямлі, дзеўкі.
Адна, дзве, тры, чатыры, пяць… За імі з'явіўся, сапучы, наліты крывёй, шчакасты Багдан Роскаш. Дзеўкі віселі ў яго на працягнутай руцэ. Але гэта быў яшчэ не канец. Тумаш бокам зрабіў яшчэ крок, і другі, і трэці — і вось яшчэ чацвёра дзяўчат віселі на другой ягонай руцэ і матлялі нагамі ў паветры.
— Вось, — сапучы, сказаў Тумаш. — Добры вечар у хаце… Яны прыехалі… Меў ласку даставіць.
Апусціў дзяўчат на падлогу.
— Гэта не ўсе. Чатыры ішлі самаходам.
— Не здолеў, ці што? — спытаў Іліяш.
— Чаму не здолеў? Месца на руках не хапіла. Гэта ж не зморкі нейкія… Бачыце? Гэта ж ёсць што абняць!
Запалалі свечкі. Іх сталі ляпіць дзе можна, і скора ў пакоі стала светла, бы ў царкве на Вялікдзень.
Асвяціўся вялікі, на ўсю падлогу, кілім і на сярэдзіне яго — смажаны баран, дзве шынкі, тры гусі, дзесяткі два смажаных курэй, паляндвіцы, місы з калдунамі, паранай рэпай, агуркамі салонымі, мочанымі яблыкамі і проста тушаным мясам і іншай рознасцю.
А паміж гэтага строем стаяла безліч бутэлек, пляшак, глякоў з гарэлкай, мёдам, крупнікам і віном.
Фама пастараўся. Нездарма так доўга хадзіў. Дзеўкі былі ўсе маладыя, літыя, цвёрдыя і гожыя. А калі некаторыя і не дужа, то шляхціц меў рацыю: абняць было што. Румяныя, белазубыя, вочы ад чакання выпіўкі і ўзбуджанасці блішчаць. Чырвоныя, блакітныя, аранжавыя кабаты-шнуроўкі, андаракі — як вясёлка. Істужкі, рознакаляровыя кабцікі* на нагах.
* Боцікі.
Пакой зацвіў, як весні поплаў. Адразу запахла нечым цяжкавата-духмяным, зарабацініла ў вачах, і, нават без выпіўкі, пачалі круціцца галовы… Усе з рогатам сядалі за сталы, на хвіліну здзіўляліся, што Пан Бог адзін, а пасля вырашылі, што так, відаць, і трэба, гэта ж не апостал там нейкі, і пачыналі тармасіць кожная свайго.
Читать дальше