Некаторы час я маўчаў. Гэта таму, што гэтыя худародныя сівалапы маюць кепскі слых. Скажаш ім: «Слава Езусу» — Божага імя яны, пыхатыя, не чуюць. Але затое варта камусьці ў іхняй кампаніі трахнуць — яны пачуюць адразу. Кожнаму сваё. Кожны чуе тое, да чаго найбольш звык. Іхнія вушы прыстасаваныя не для гучання Божага імя, а для больш нізкіх гукаў. Вусны іхнія забылі, як вымаўляецца слова «Езус», і памятаюць толькі словы: «Ф-фу, хамства».
І вось ён ехаў побач са мной і звягаў. А я маўчаў. Аж датуль, пакуль ён не сказаў нешта наконт таго, што хай ён не будзе Тадэем Квясткгайлам, калі не прымусіць мяне заплаціць. Толькі тады, учуўшы брыдкае Богу ягонае імя, я зрабіў ласку адказаць і кінуў:
— Што твая «гарэнда» перад шляхецкім гонарам? Тфу!
Тады ён пачаў непрыстойна выхваляцца сваім захудалым шляхецтвам. І я сказаў яму з годнасцю:
— Тфу ты, а не шляхта! Вы з лясоў жмойскіх прыйшлі. Вы пісьма не ведалі, а Роскашы — карэнныя тутэйшыя. Вы на мядзведзях жаніліся, калі нас князь Усяслаў у лыцары вялебна ўсвяціў.
— Брэшаш. Мы вас заваявалі.
— Гэта мы вас заваявалі, — кажу. — На чыёй мове гаворыш, дзікун?!
Яму няма чым адказваць.
— Давай, — крычыць, — грошы!
А я яму, як соллю ў вочы, праўду:
— Вы ад Гедыміна па пятай бакавой малодшай лініі, а я ад Усяслава Полацкага — па другой. Тфу тваё дваранства перад маім!
— Хам! — насмеліўся ён.
— Дзікуны вы. З быдлам вы спалі ў круглых халупах сваіх. У шкурах хадзілі вы!
— Мужык!
Тут я, нібы праполваючы, выдраў чартапалох, святую нашу гербавую расліну, і сунуў яго пад хвост хамскаму каню гэтага хамскага нібы магната. Конь гэты даў свечку, і той вылецеў з сядла і бразнуўся ўсім целам аб раллю… І ён яшчэ казаў, што дваранін. Ды дваранін нізавошта б з каня не ўпаў — хіба што толькі зусім п'яны.
Я стаў над ім — не рухаецца.
— Я т-табе дам «мужык», — спакойна сказаў я.
Падумаў трохі, а потым выпраг каня, каб не пакутавала жывёліна, пацалаваў у храпу вернага свайго баявога сябра дый пайшоў па раллі да пушчы.
Перад Лотрам стаяў чарговы са святога сямейства. Той самы боўдзіла, што граў у містэрыі Хрыста. Ён перамінаўся з нагі на нагу, і падлога стагнала пад ім. Цяпер на ім не было залацістага парыка. Свае валасы, бруднавата-рыжыя ў іржу, былі зблытаныя. Лоб нізкі. Надброўныя дугі вялізныя. Тупаваты, але даволі дабрадушны твар — увасабленне флегмы.
— А ты? — спытаў Лотр.
— Гэна… Я? — спытаў, нібы здзівіўшыся, целяпень.
— Гэна… ты, — сказаў кардынал.
— Акіла Кіёвы, — сказаў чалавек.
— Распавядай, — сказаў Балвановіч.Целяпень плямкаў вуснамі, як мень.
АПАВЯДАННЕ АКІЛЫ КІЁВАГА
— Гэна… А я што? Я лесаруб… Прыстаў да іх, хай яно… Лесаруб я… Хаціну меў… гэткую… Ледзь, можа, болей… ну… за дупло… З хаціны… як жа яно… сагналі… Лес стаў запаветны… каралеўскі… Ну і потым, я на зборшчыка падаткаў выпадкова дуб пусціў. Спляжаны. І не сказаць, каб вялікі быў дуб. Так год на семдзесят. Ды, мабыць, трапіў па голым месцы.
— Нішто сабе, — сказаў Лотр.
— Гэна… А чаго «нішто»? На мяне адноечы стогадовы ўпаў. І нічога. Часам толькі… як жа яго… гэна… у вушах страляе.
— М-м, — у адчаі замычаў Басяцкі.
— Клянуся Маці Божай і святым Міхалам, — упадаючы раптам у прыпадак гневу, сказаў Пархвер, — вось каго проста і Бог не дазволіць пакінуць без вогнішча. Ягоны тлушч адзін каштуе больш, чым усё ягонае вартае жалю жыццё.
— Гэна… А чаго маё… гэта… жыццё… Яно мне — нічога.
І тут раптам ускіпеў Багдан:
— Ты… хамуйла… Які ж ты тхор!… Я пачынаю сівець, ты, шчанюк, і яшчэ нікога не дапікнуў жыццём. Мы памром. Але ты, вось так дакараючы людзей самым каштоўным, што ім дадзена, памрэш раней. А калі дажывеш да маіх год і не атрымаеш плахі ў загрывак ці стралы ў тэльбух — значыць, беларусы сталі быдлам і іхняя высокай пробы храбрасць памерла.
Роскаш быў такі страшны, што, баючыся праклёну асуджанага, у які тады верылі значна больш, чым цяпер, суддзі змоўчалі, і нават Пархвер сцішыў свой гнеў.
— Добра, — ціха сказаў Лотр. — Ну, а ты… наступны?
Наступны, чалавечак год пад сорак, гарбаносы, са сквапным ротам у сетцы буйных жорсткіх зморшчын, з шэрымі, адначасова фанатычнымі і сварлівымі вачыма, раптам закрычаў нейкім бязглузда-страсным голасам:
— А што наступны?! Што наступны?! — Вочы ягоныя бегалі.
— Ну, ты што? — спытаў Басяцкі. — Можа, хаця ты сумленны чалавек?
— Чаго сумленны?! Нашто?! Сярод такіх людцаў ды сумленны?! Я не сумленны, я — мытар! Мытнік я! Мытар!… Данель Кадушкевіч маё прозвішча.
Читать дальше