Тут Ладысь загудзеў:
— Браткі вы мае ўлюбёныя! А што ж гэта нам рабіць?! А як жа нам цяпер перажыць?!
І тады Братчык сказаў, што трэба ўцякаць. А іудзей пакруціў толькі галавою.
— Наро-од, — кажа, — сядзець і слухаць і зразумець. Назад вам нельга… І таму ідзіце вы з намі, хаця, вядома, дурань у дарозе не набытак.
Мы зразумелі, што ўсё гэта праўда, сяк-так памірыліся, з'елі на знак клятвы трохі зямлі, калі ўжо нічога больш ядомага ў нас не было, і пайшлі з імі.
У горадзе між тым зусім не было спакойна, нягледзячы на тое, што ўсе даўно разышліся вячэраць. Заставалася якая гадзіна да захаду сонца, і ўсе, у каго было што есці, спяшаліся з'есці гэта пры дзённым святле: улетку варта загадвала гасіць агні разам з канцом прысмерку. «Гэта не зіма: дні доўгія, надвор'е сухое — ці доўга да начнога пажару».
У слабадах вяшчальнікі ўжо былі, і цяпер іхні крык раздаваўся на ўскраінах:
— Аг-ні гасіць! Пе-чы, лучні-кі га-асіць! Не спіць агоонь! Каганцы гасі-іць! Горны гасі-іць! Матка Бо-жая і святы Юры, злі-ітуйцеся з нас!
— …на-ас!
— …а-ас! — аддавалася недзе далёка, у ганчарным канцы.
Здавалася, павінна б быць цішыня, звычайная вячэрняя цішыня і мір. Але яе не было.
…Па Кавальскай, а потым па Мечнай вуліцах бег захэканы Кірык Вястун, грукатаў у аканіцы, біў нагамі ў дзверы і трубна крычаў адно і тое ж самае:
— Да замка! Да замка! Хрыста забіваць павялі! Забойства!
Калі б нехта глянуў з вышыні, ён бы ўбачыў, што па вуліцах, у розных канцах, мітусіцца некалькі такіх фігурак.
На Піўной кідаўся ад дзвярэй да дзвярэй Зянон:
— Людзі! Хрыста забіваюць! Хрыстос прыйшоў!
Крык каціўся вулкамі. Але рэдка-рэдка дзе расчынялася акно. Вуліцы, здавалася, вымерлі, безудзельныя ад адчаю.
Раўла на вуліцы Стрыхалёў дуда.
— На дапамогу! Хрыстос прыйшоў у Гародню!
У рэдкіх непрыкрытых аканіцамі шыбах дагараў крывавым святлом захад. Так слаба і неахвотна, так рэдка. Згасаў, як воля вялікага горада да ўставання. Яна ледзь тлела за гэтымі рэдкімі шыбамі. І лямантам у пустэлі былі крыкі, што глуха згасалі ў цяснінах вуліц.
— Хрыстос! Хрыстос з апосталамі прыйшоў у Гародню!
Кляонік і Марка лупілі ва ўсе дзверы Разьбярнага Кута.
— Людзей забіваюць! — крычаў Кляонік.
— Ну чаго там? — пытаў сонны голас з-за аканіц.
— Людзей забіваюць! Кажуць, Хрыста!
— А-а.
Першая зорка запалала ў празрыста-сінім небе.
Апошнія промні заранкі адбіваліся на руках Вуса, якімі ён грукатаў у дзверы. Рукі ў яго былі цяпер нібы з чырвонага золата.
— А-а. Тфу! Свінні сонныя.
Пабег, спатыкнуўся аб жабрака, які спаў на ўзбочыне.
— Хрыстос прыйшоў.
— Кінь, спаць хачу.
Гіаў Турай схапіў загрудкі чалавека ў багатай вопратцы, патрос. Ім аказаўся немец.
— Хрыстос у Гародні! Хрыстос уваскрэс!
— А-а, — сказаў немец. — Ён і ф мінулы гот такой ша штука фыкінуў.
— Тфу, каўбаса, — махнуў рукою Турай.
Згасалі верхнія вокны ў дамах. Безнадзейна згасала воля вялікага горада. І ўсё ярчэй у ліпеньскім небе разгараліся зыркія зоры. Ззяў золатам прыгажун Арктур, рассыпаліся ля яго валасы Беранікі.
Зіхацела на поўначы, зусім нізка ад далягляду, шматкаляровая Капэла, і беглі да яе паўз Альтаір і Дэнэб туманныя віхуры Шляху Продкаў. І тады, у адчаі ад таго, што нічога нельга зрабіць, што ўсе глухія ў гэтым горадзе, Кірык Вястун стаў перад парталам касцёла дамініканцаў і, узняўшы рукі ўгору, з апошніх сіл, непрытомна і раз'юшана залямантаваў:
— Хрыстос прыйшоў у Гародню!
Маўчанне. Касцёл, здавалася, падаў на чалавека. Высокі, да зор шпілямі. Цішыня. Больш на паўночны захад зіхацелі над самай зямлёй Блізнюкі — брат залаты і брат белы. Яны бліжэй адзін да аднаго, чым людзі. Або унь як цесна збіліся вакол Нявесты, вакол белай Нявесты*, яе жаніхі, два браты — плячо да пляча**, і іхні нізенькі сапернік***. Так блізка, як ніколі не бываць людзям.
* Вега.
** Бэта і Гама сузор'я Ліры.
*** Дэльта Ліры.
І ў адчаі, разумеючы, што ўсё адно, што ў лепшым выпадку варта схопіць яго за буянства, Кірык зноў ускінуў да зор рукі і закрычаў:
— За-бі-ва-юць Хрыста-а-а-а!
Рэха, што заўсёды было ў вежах, падхапіла крык, пачало адкідаць, гуляць з ім, як з мячом. У верхніх ярусах званіцы пачалі выбухаць дзіўныя гукі:
— …ва-а… та-а… та-та-та!
І раптам здарылася дзіва. Ляснулі аканіцы, і ў акне з'явіўся белы твар.
— Чаго?
— Хрыста катаваць павялі.
Яшчэ і яшчэ галовы з'яўляліся ў вокнах.
— Дзе? Дзе?
— Хрыста забіваюць! У замку! Хрыстос прыйшоў у Гародню. Нас бараніць.
Читать дальше