Тая, якая дае сілу хлебу. Нашто ёй жыць, калі памруць тыя, хто верыць у яе».
— Стой, — сказаў каплан. — Ты хто?
— Хрыстос.
— Калі ты Хрыстос, дзе маці твая? Дзе сёстры і браты?
— Я маці яму! — крыкнула з натоўпу старая, што маліла аб карове.
— І я!… І я!
— Мы яму браты! Мы сёстры! Мы! Мы!
І гэты крык прымусіў Братчыка забыць, што за ім палявалі, бо людзі кінулі яго. Гэты крык зрабіў тое, што свет неяк дзіўна затуманіўся ў яго вачах, і ён упершыню не асудзіў свой лёс.
«Магла ж сапраўды быць хата».
І ён нібы ўспомніў хату пад яблынямі… Старых на траве… Ціхую рэчку, дзе вадзіліся самы. Самога сябе, які пускаў на купалле вянкі.
І ўжо разумеючы: так трэба… так трэба дзеля святой прыналежнасці да гора ўсіх гэтых людзей, да радасці іх, да агульнага жыцця ўсіх людзей, ён сказаў (і гэта была праўда):
— Была ў мяне хата. Далёка-далёка. Там цяпер вогнішча. Попел. Прах. Як ва ўсіх вас. І вінаваты я, ведаю: забыў. У гонары сваім узнёсся, пагарджаў, ніжэй сябе лічыў, даруйце мне. А цяпер успомніў… Ану, гець з дарогі!
Са звонам вылецела вялізнае акно: як заўсёды, перастараўся Піліп.
— Даруй, маці Сутнага, Ціоця, Жытняя баба, Маці Божая, — сказаў Братчык. — Табе ж не трэба.
І ён прыгаршчамі стаў браць з алтара золата і каштоўныя каменні і сыпаць іх між сукнямі. Каплан, убачыўшы святатацтва, пабег, каб разам не загінуць ад немінучай нябеснай маланкі.
«…і кеды быў да алтара прыведзены, з рук іх вырваўшыся, яка шалёны прыпаў да алтара, на якім было поўна пенязей* і камыкаў, на афяру злажоных, і, хвацяючы пенязі, клаў іх сабе ў распор аж занадта. Мніх-каплан, каторы на той час мшу справоваў, ад страху ўцёк».
* Грошай.
Народ на вуліцы чуў крыкі. Пасля сам каплан бачонкам скаціўся з гульбішча, кінуўся прэч:
— Да алтара прыпаў! Камні хапае! Матка Боска, ды лясні ты яго па галаве!
…Служкі схапіліся за мячы, — стаў на дарозе ў іх Тумаш. Выставіў наперад даволі магутнае, хаця і падупалае ад галадоўкі, пуза. Напнуў грудзі.
— За зброю хапаецеся? Пры Маці? Я вам хапану. Я вас зараз так хапану!…
Тыя сумеліся. І тады на Хрыста кінуліся ашаломленыя было манахі. Схапілі за пояс, здзерлі яго…
«Па ім (каплану) другі мнішы, адумеўшыся, прыпадуць пояс на ім абарваць, мнімаючы, бы пенязі клаў за кашулю занадта, але ад тамтоля толькі камыкі павыпадалі, а пенязі ся ў распоры, за падшыўкаю сукні засталі. Мніхі, здумешыся… думаючы, бы пенязі ў каменне ся абярнулі справаю дыявальскаю, пачалі заклінаць каменне і малітвы над нім модліць і псалмі спяваць, абы ся знову ў першую форму сваю абярнулі».
…На падлогу сапраўды высыпаліся каменьчыкі. І ўсе аслупянелі.
А пасля пачаўся шабаш і садом: стогны, плач, дзікае выццё ад жаху, выгукі. Ледзь не істэрычныя галасы на верхніх нотах выкрыквалі псалмы.
— Нечасцівыя не будуць прад вачыма тваімі: ты ненавідзіш усіх, хто робіць беззаконне.
Нехта рыдаў:
— Бо няма ў вуснах іхніх ісціны… Асудзі іх, Божа, хай падуць яны ад задумаў сваіх; па мноству нячэсця іхняга, адрынь іх, бо яны ўзбунтаваліся супраць цябе.
Яшчэ адзін гарлаў, як спалоханы змяёю бугай:
— Сакрушы мышцу нечасціваму і злому так, каб шукаць і не адшукаць ягонага нячэсця.
Хрыстос стаяў над гэтым стоўпатварэннем і ўсміхаўся. Зараз ён пагарджаў толькі гэтымі.
Музыка змянілася. Нехта, відаць, зняверыўся ў псалмах і пачаў заклінаць, як цёмныя яго бацькі:
— Чорт Савул, чорт Калдун — паступіцеся. Пане наш Пяруне, Езус наш найлітасцівы, Вялес, быдлячы Бог і Ўласі святы, рассейце, забурыце падкопы, зрабіце, каб каменні ў першую форму сваю абярнуліся.
Пасля гэтай дзікай какафоніі звалілася раптоўная цішыня. Мніх схіліўся над каменьчыкамі і асцярожна, як жар, памацаў іх:
— Н-не памагло.
Твары былі збянтэжаныя і расчараваныя. І тады мніх узняў евангелле, псалтыр і заклінальную кнігу і шваркнуў іх аб падлогу:
— Калі такога д'ябла не бачылі — ідзіце з ім самі да ўсіх д'яблаў!
«…але калі тое каменю нічога не памагло, мніх кнігі свае заклінальныі, разгневаўшыся, кінуў аб зямлю, мовечы: ежасмы такога дыявала не бачылі, пойдзеце там з ніх да ўсіх д'яблаў».
Гучна, страшна бразнуліся аб каменныя пліты цяжкія тамы ў скуры, дрэве і золаце. Якуб Алфееў заплюшчыў вочы.
Яму здалося: ударыў пярун, і д'ябал, дзіка зарагатаўшы, з'явіўся ў агні, схапіў кнігі пад пахі, што смярдзелі потам, серай і паленымі грэшнікамі, зрабіў непрыстойны рух у суправаджэнні гэткага ж гуку і пярунападобна ўзляцеў.
Ён узняў вейкі і зразумеў, што гэта коцяцца сходамі, уцякаюць манахі. Кнігі па-ранейшаму ляжалі на падлозе.
Читать дальше