Адзін з летапісцаў больш за ўсіх наблытаў вакол гісторыі ілжэ-Хрыста, калі не лічыць, вядома, Марціна Бельскага. Услед за Бельскім ён, магчыма, не па сваёй волі, змяшаў Братчыка з каронным самазванцам Якубам Мялшцінскім, махляром, на якім пробы недзе было ставіць. Нават гісторыю з сукняй ён аднёс у Чанстохаў. Тое, што здарылася з ілжэ-Хрыстом пасля, зрабіла так, што нават успаміны аб ім сталі смяротна небяспечныя.
Але апавяданне аб сукні напісана ў яго такой цудоўнай грубай і плоцкай мовай, так па-беларуску гавораць, гарлаюць і спрачаюцца ў ім удзельнікі гэтай гісторыі, такія яны жывыя, нягледзячы на адлегласць стагоддзяў, што я не магу пазбавіць вас, сябры мае, радасці патрымаць яго ў руках, памацаць яго разам са мною, пакаштаваць на язык.
Я не магу абакрасці вас, зрабіць вас бяднейшымі, адабраўшы ў вас гэтую маленькую жамчужыну, згубленую ў старой пыльнай кнізе. І адначасова гонар мой не дазваляе мне выдзерці кавалак з «Кронікі Белай Русі» і паднесці яго вам як сваё. Таму буду казаць я, а там, дзе слабы будзе мой язык, я дам словы летапісцу, які наблытаў і сям-там нахлусіў, але застаўся геніем стылю, геніем мовы, геніем хітрай іроніі і сонечнага гумару.
Дам словы беларускаму летапісцу Мацею Стрыкоўскаму, каноніку, які больш за ладан любіў жывога чалавека і з'едлівы чалавечы смех.
І вось ён кажа пра гэта:
«А меў той шалёны дваістую сукню, на тое ўмыслене ўробленую, дзе межы разпора могл улажыць, што хацеў, а камыкаў яму межы сукню і кашулю наклалі, ад цела…»
Яны прыйшлі да Маці Божай Вастрабрамскай. Зноў у шапках. Назнарок. Каб бачылі.
І здарылася так, што першы чалавек, які падскочыў да іх, быў той сівавусы, які бачыў Хрыста падчас выгнання гандляроў з храма і першы прызнаў яго не за махляра, а за Бога, стаўшы на калені.
— Шапку скінь, басурман!!! Бо-о!…
На крык азірнуліся бліжэйшыя, і тут Хрыстос са здзіўленнем убачыў, што ў натоўпе зашмат знаёмых твараў. Быў тут малады паплечнік сівавусага, старая, што калісьці маліла аб карове, яшчэ сёй-той і — ён не верыў вачам — той самы кіраўнік ваўкавыскіх мужыкоў, які тады абараніў яго ад Басяцкага і Карнілы, а пасля кінуў, сказаўшы: «Ты з вясною прыходзь. Як адсеемся».
— Свет цесны, — сказаў Хрыстос. — Цябе што, паветрам сюды прынесла?
Сівавусы ўсё яшчэ лез. І раптам ахнуў:
— Пане Божа… Хрыстос…
— Я, — сказаў Братчык. — Ну як, адсеяўся?
Той нізка апусціў галаву.
— Як быццам я не казаў, што сеяць можна… калі ёсць чым. Чаго гэта тут так хутка? Управіўся бліскавічна. І сюды раней за мяне трапіў.
— Не бі па душы, — сказаў той. — Усё ў нас забралі. Ані шэлега падатку не скінулі… Ды тут шмат нашых… Ледзь не палова… Вёскамі бягуць ад голаду. Палова краіны на поўнач сыпанула. На Полаччыну, у Гародню, сюды, на Мядзель. Паўсюль, дзе татар не было, як падвоіўся народ. Усё ж, можа, кавалак хлеба заробіш, не памрэш.
— Ну і як, зарабіў хаця першую лусту?
— Занадта нас густа, каб была луста, — сказаў сівавусы.
— Ледзь не мруць людзі, — сказаў мужык. — А што ж будзе зімой? Душу б заклаў, каб здабыць насення ды хаця трошкі хлеба. Пад карчом зімаваў бы. Як мядзведзь. Палова краіны на поўнач сыпанула.
— Каму яна патрэбная, твая душа, — сказаў сівавусы.
Хрыстос меў досыць далікатнасці, каб не нагадаць ім усяго, не расказаць, як самога яго цкавалі сабакамі. Да таго ж, натоўп ужо заўважыў чалавека ў шапцы. Адусюль штурхаліся дбайнікі аб святасці месца.
— Шапкі далоў! Шапкі прэч! Ану, збіце! — няголасна пакрыквалі яны.
— Сто-ой! — залямантаваў сівавусы.
Крычаць, тым больш гарлаць, тут было не паложана, і таму натоўп здзіўлена змоўк.
— Гэтаму дазволена! Ён татар паграміў! Гэта Хрыстос!
Цішыня. Аглушальная цішыня. І раптам гурма выбухнула такім крыкам, якога нават у самыя страшныя аблогі і сечы не чулі гэтыя сівыя муры.
— Хрысто-ос!!!
Ускінуліся са званіц вароны і груганнё.
— Прыйшоў! Прый-шоў! — цягнуліся рукі.
— Зачакаліся мы! Тугой сышлі! — лямантавалі змарнелыя твары.
— Шкуру з нас апошнюю зажыва здзерлі!
— Котлішчы, попел вакол! — плакалі закінутыя вочы.
— Магнаты ды папы ненасытныя!
— Жыцця! Жыцця дай! Зажыва паміраем!
Тады ён стаў падымацца на гульбішча. Ён быў упэўнены: правільна ён зрабіў, што нанясе ўдар тут. Ён толькі не ведаў, што тут столькі тых, якія ішлі з ім на татар, якія ведаюць яго, з якімі яму будзе лягчэй.
Вось яны. Мора.
Каплан стаў перад ім, загарадзіў дарогу.
«Маленькі, падобны на бачонак, чалавек. Пэўна ў гэты час павінен правіць тут імшу. А за спіною ягонай — манахі, служкі. Гэтых не пераканаеш, што не хоча ён абразіць святыню, што ён проста хоча зрабіць тое, на што з ахвотаю пайшла б і сама вялікая Жытняя баба, маці ўсяго сутнага, якая толькі трохі змяніла тут свой твар. Маці. Гаспадыня беларускай зямлі.
Читать дальше