Успыхнулі раптам яшчэ два вогнішчы… Яшчэ. Разам з узрастаннем языкоў агню паскараўся тэмп гукаў.
У гэтым рытме было нешта такое заразлівае, што нават Хрыстос з вялікай цяжкасцю падавіў міжвольныя рухі сваіх ног і прымусіў сябе сядзець нерухома.
Усё меншыя рабіліся паўзы, усё больш прыбаўлялася мігатлівага святла. Нагія людзі пачалі павольна пагойдвацца. Натоўп, зачараваны ўсім гэтым, нібы забыў аб жыцці, аб тым, што чакала ў хатах з гною, прыйшоў у рух.
Рукі шукалі другія рукі, спляталіся. Ногі пачалі спачатку павольна, а потым хутчэй і хутчэй папіраць зямлю.
Яшчэ агні… Яшчэ… Усё больш нясцерпнай і д'ябальскай рабілася музыка і ўдары барабанаў. Бубны клікалі, захаплялі, вялі.
І вось пацягнуўся між вогнішчаў чалавечы ланцуг. Наперадзе цягнулі за вялізныя рогі казлоў, і густы казліны мех мяшаўся з чырванню чалавечай скуры.
Дуды… Трубы… Імкненне… Палёт.
Усё хутчэй і хутчэй, у нястрымным карагодзе між агнёў і вакол галоўнага, нахіленыя наперад, імпэтныя. Выгукі, крыкі, сп'яненне.
Рытм стаў невыносны. Ляцелі развеяныя ў неўтаймаваным палёце валасы, мільгалі ногі, рукі, закінутыя твары. Сям-там, не вытрымаўшы экстазу, бегу, шалёнага імкнення, пачыналі падаць людзі. Але ў віхуры, у вінна-крывавым святле, у ярасці і ўтрапенні, у крыках імчала няздольнае спыніцца чалавечае кола.
Нібы ўзнесеныя пякельным ветрам, нібы сапраўды ў вечным Дантавым карагодзе, у штохвілінным сконе і ўзлёце і як быццам у паветры, не адчуваючы нагамі зямлі, імчалі яны.
Віхура, ураган, вецер саміх стагоддзяў на твары. Забыццё розуму і самога сябе. Пекла, вечнае полымя, шалёны вечны палёт самога жыцця.
РАЗДЗЕЛ ХХVІІ ПАГАНСКІ АРКАН
У кожнай рэчы ёсць два бакі. Непатрэбным урыўкам пергаменту можна распаліць камін, а можна і напісаць на ім індульгенцыю, прадаць і купіць за тыя грошы дом з камінам. На пожагу можна смажыць курэй, а можна і ўстраміць яго ў печань гандляру індульгенцыямі. У кожнай рэчы ёсць два бакі, але бачыць іх дасведчаны і абазнаны, астатнія ж глядзяць, як совы на сонца.
Сярэдневяковы ананім
Стоячы тварам да сонца, мой дружа, мачыцца нягожа.
Гесіёд
Ніколі яшчэ дагэтуль не былі яны так блізка да мэты сваіх пошукаў, як у гэты дзень. Ад мястэчка, у якое прыйшлі яны на кірмаш, было да манастыра не больш за дзень упартай, з летняга ўсходу да захаду, хады. Але ведала, што яны ідуць у гэтым напрамку, адна Магдаліна. І яна адначасова радавалася, што хутка скончыцца яе шлях, што яна выкупіць свой грэх, і незразумела тужыла.
Падалі на натоўп гукі храмавага звона. Кірмаш быў як кірмаш. Мянялі, прадавалі, куплялі. Неяк асабліва добра было чуваць пасля той неймавернай, бы ў сне, ночы звычайныя чалавечыя галасы, будзённыя размовы. Апосталы радасна штурхаліся між людзей. Толькі на адным твары, на твары Хрыста, ляжаў пакутны, не ўчарашні і не пазаўчарашні роздум.
Звінелі макітры. Звінелі ўедлівыя жаночыя галасы ад ятак. І нерухома, як ідал, стаяў сярод натоўпу багата апрануты крымчак з шабляй. Чалма вакол паўкруглага, з шыпам, шалома, насурмленыя бровы, пільны позірк пагардлівых халодных вачэй. Малады яшчэ, прыгожы, гарбаносы твар. Каптан стаіць лубам, відавочна, ад паддзетай кальчугі. Нязмерна шырокія ў калашынах аксамітныя шаравары не гнуцца. На нагах — пацёртыя ад страмёнаў саф'янавыя чобаты. Стаіць, нібы нічога яго не абыходзіць.
На самай справе крымчак слухаў. Так сядзіць на кургане па-царску непарушны драпежны сапсан, не зварухнецца і нібы спіць, а сам чуе падземны віск землярыйкі ля падножжа.
Гаварылі два мужыкі. Адзін маладзенькі, празрыста-прыгожы, з авальным іканапісным тварам, акруглым падбароддзем і некароткім носам («Якшы, — сказаў сабе крымчак. — Для Персіі найлепшы быў бы тавар»), другі — пажылы, але моцны яшчэ, з хітрымі вачыма, тонкім кручкаватым носам і сівымі, аж снежнымі, вусамі.
— Гародзенец адзін прыязджаў, — лупэткі маладога былі поўныя наіўным здзіўленнем перад дзівамі Божага свету, — то ён казаў: Хрыстос выйшаў з горада. І вось нібыта гэта якраз яны унь ходзяць па рынку. Вя-алі-кай магутнасці людзі.
— Па рылу непадобна нешта, — сказаў сівавусы. — Мазурыкі, па-мойму.
Татарын агледзеў вачыма апосталаў, паціснуў плячыма. Пайшоў праз натоўп да храма. Людзі расступіліся, убачыўшы страшненькага.
— Бар-раны, — праз зубы сказаў крымчак.
Ён ішоў незалежна, ведаючы, што закон мясцовых гарадоў — за ўсіх чужаземцаў і не дасць іх у крыўду. Ішоў і гуляў канцом аркана, прывязанага да кушака.
Читать дальше