Усе глядзелі на яго з жахам.
— Царства фарысеяў… Труны схаваныя, над якімі людзі ходзяць і не ведаюць таго… Гора вам, што забіваеце пасланнікаў… Гора вам, хлусам… І вам, законнікам, гора, што накладаеце на людзей ёрмы нязносныя… Гора вам, што будуеце магільні прарокам, якіх забілі бацькі вашы.
Твар у яго быў такі безнадзейны, што Магдаліна ўскрыкнула:
— Кінь… Страшна!
Толькі тут Юрась нібы апрытомнеў. Гледзячы ў зямлю, глуха сказаў:
— Даруйце. Ніхто з вас не ведае, як гэта цяжка, калі цябе не разумее ніхто. Тут і звар'яцець нядоўга. — І дадаў са змрочнай усмешкай: — Заўтра пайду і павешу генеральнага камісарыя. Або злаўчуся і… усю святую царкву. Мне можна. Я цяпер — як вар'ят. Святы… як яго там… Гальяш з мядзведзямі на бязлюдным востраве.
— Кінь, мілы, — упершыню паспагадала Магдаліна. — Як ты жыць будзеш?
— А, як жыву. Маўчы, Магдзя.
— Ну добра, ну ёсць злыя пастыры, злыя законнікі.
І тут раптам Хрыстос узвіўся.
— Ёсць?! Ты добрых сярод іх пашукай! Дзе яны?! Смурод суцэльны ўсе справы іхнія! Запалохалі, загадзілі… Вы тут сядзелі, а я надпісы на помніках чытаў! Я іх да смерці не забуду! Няма даравання зямлі, дзе нават пра нябожчыкаў так пішуць, пра тых, пра каго хлусіць нельга… І пісалі, і хвастом круцілі. І ўсё адно кімсьці знішчана вёска. Могілкі!
Ён не ведаў, што вёску сапраўды знішчылі за «ерась і непакорлівасць», а месца аддалі праклёну, што абрабавалі нават клады, што нават на могілках разбілі ўсе звычайныя пліты. Але ён і ведаў гэта. Падсвядомай упэўненасцю душы. І рука ягоная торкала ў помнікі.
— У-унь. Так на дух чалавечы замахнуліся, што перад імі і ў смерці баяцца, трусікі.
Ён стаў на магілу і прачытаў:
— «Дзеля Бога вялікага чакаю… Жыццё ўслаўленню ягонаму аддаўшы, не пісаў я канонамі незацверджаных, непадобных ікон».
Цяпер ён з ярасцю папіхаў нагою другую пліту.
— «Не быў я арыянінам, ані багамілам, ані ў іншай ніякай ерасі не быў. Сплю спакойна».
Ён пхнуў нагою збуцвелы крыж.
— Унь, дзеці пастараліся: «Тата, заўсёды ты быў з ісцінным Богам, верыў у яго, літасцівага, пакорлівы быў намеснікам яго і ўладзе, а ерась ненавідзеў чыстай душою сваёй. Спі спакойна».
І Хрыстос выскаліў зубы, як ваўкалак:
— Ён спіць спакойна. А вось пад якой спаленай хатай, пад якой з іх, у якім попеле спяць вашы костачкі? Ды што ж гэта за быдла! Ды колькі ж разумным людзям вучыць вас, каб былі вы не чарвякамі, а людзьмі? — Шкаляр затрос кулакамі ў паветры. — Законнікі, кажаш? Паны? Тысячаначальнікі кепскія? Брэшаш! Не яны смярдзяць! Справа смярдзіць! Справа іхняя ў шкоду чалавеку і зямлі! Не чалавек вінен — кодла! «Род лукавы і любадзейны! Сляпыя правадыры сляпых! Дрэва па пладах пазнаюць. Як жа яны могуць гаварыць добрае, будучы злы!»
— Ціха! — сказаў раптам Фама. — Чуеце?
Запанавала маўчанне. Усіх уразілі не столькі словы шляхціца, колькі ягоны выгляд, насцярожаны, увесь нібы напяты, з прыхаванай трывогай у вачах.
— Ціха… Чуеце?
Вогнішча амаль дагарэла. Цемра насоўвалася на маленькую лагчынку. І ў гэтай цемры, недзе ўнізе, у лесе, на подступах да вялікай лагчыны, яны пачулі нейкі дзіўны трывожны шолах, нейкія рытмічныя ціхія гукі.
— Ідуць, — шэптам сказаў Тумаш.
І сапраўды, гэта было падобна на прыглушаныя, слізготныя крокі дзесяткаў маленькіх ног, сярод якіх часам выдзяляліся цяжкія, нібы ішла вялікая жывёла. Набліжалася нібыта нешта шматногае, і яно ці грузна ступала па зямлі і моху, ці скакала, ці гучна наступала на карэнні. Ціхі пошчак, нібы ад буслінай дзюбы, часам гучаў у змроку, нейкія пагрозлівыя ўздыхі.
— Хто гэта? — спытаў Сымон. — Або што гэта?
— Ціха, — сказаў Тумаш.
Глухі, бы з-пад зямлі, раздаўся раптам нейкі прызыў — а можа, маленне? — і сціхнуў. Зноў паўтарыўся… І нечакана ў адказ на яго прагучаў нечуванай сілы голас, ад якога ў нявольных сведкаў пабег па спінах мароз.
— Хто там кліча мяне? — біўся ў вялікай лагчыне голас.
— А-о-о-о-оў-у-у! — праспявалі з цемры галасы.
— Хто не баіцца праклятага Богам і слугамі яго месца?
— Слабыя, — прастагнаў нечы голас у адказ.
— Чаму слабыя не баяцца зямлі, ад якой адступіўся Бог? — бразгаў металам пачварны голас.
— Бо выракаюцца. Бо хочуць быці моцнымі.
— Хто жыве на пустой зямлі?
— Ніхто.
— Хто пануе над ёй?
— Ты.
— Чаго хочаце вы?
— Быці тваімі. Мана.
— Як гэта на мове таго, каго выракаецеся?
— Аман.
— А папраўдзе?
— Мана.
У цішыні прагучаў нібы здушаны, пачварны рогат многіх галасоў.
Читать дальше