Ля крыжа стаяў чалавек у чорным плашчы. На твары — груба намаляваная маска, на шапцы — турыныя рогі. У руцэ — доўгая дзіда.
— Неафіты, дзе ваша абяцанне?!
Над галовамі людзей паплыў вялікі, увесь няроўна, плямамі спярэшчаны чырвоны ліст пергаменту.
Мужчына сярэдніх год, вельмі падобны на таго, сівога, што спалілі сёння, магчыма брат, узяў яго ў рукі. Сказаў ужо знаёмым голасам, тым самым, што казаў «забяры нас»:
— Мы выдзерлі яго з самага вялікага Евангелля, калі бралі ахвяру. І кожны пакінуў на ім кроплю крыві. Вось.
Ён узняў вялікі палец левай рукі. І за ім пачалі сямтам уздымацца рукі з адстаўленымі пальцамі. Дзесяць… трыццаць… сто… яшчэ і яшчэ.
— Ён чырвоны, — сказаў мужчына. — Кроў выклікае кроў. Зло не нараджае дабрыні, але гнеў і зло. Дарэмна стараюцца.
Рагаты ўзняў на дзіду пергамент і падпаліў яго ад крыжа.
— Гары, — хрыпата сказаў ён. — Попел — разам. Кроў — разам. Гнеў — разам.
Усе моўчкі глядзелі, як скура карабацілася ў агні.
— Кляніся, — сказаў рагаты, калі попел абсыпаўся на зямлю.
— Клянуся за ўсіх, — сказаў мужчына. — Клянуся ў гэтым выпаленым месцы, клянуся на попеле выкрадзеных і пахаваных, што мы аддаем сваю душу, помыслы, усіх сябе і дзяцей нашых табе, Чарнабог. Навучы нас быці трывалымі, як ты, навучы нас перамагаць, як ты, навучы нас не стагнаць нават тады, калі ўся кроў у нашых жылах пачне гарэць ад іхняга жалеза, як згарэлі гэтыя кроплі. Імем тваім выракаемся Бяссілага, яго гарадоў і нават Нябеснага Града, у якіх, як і ў сэрцы слуг ягоных, як і ў іхніх гарадах, няма ні шкадавання, ні літасці, у якіх няма нічога святога, нічога чалавечага. Ён не даў нам ані кроплі святла, ані іскры надзеі. Таму рэкі нашай крыві, агонь нашай лютасці мы аддамо, каб дапамагчы табе заваліць яго, Чарнабог. Вер нам. Мы з табою да канца і, на знак гэтага, прыносім табе ахвяру.
Натоўп трохі адышоў ад агню. Плечы Хрыста калаціліся.
— Што з табой? — шэптам спытаў Іуда.
— Які гонар! Якое беднае быдла! Якая мужнасць! Якая цемра!
Перад агнявым крыжам ляжаў на плоскім камені нехта, укрыты грубай палатнінай.
— Адкрыйце, — сказаў рагаты. — Развяжыце яму хлябала.
Нехта таргануў з ляжачага покрыўку. І тут Хрыстос закрыў далонямі рот, каб міжволі не крыкнуць. На камені ляжаў генеральны камісарый доказнай інквізіцыі. Вялікая грузная туша.
Калі ў яго зноў выцягнулі з рота кляп — аддаўся той самы, што і раней, жывёльны крык.
— Судзіў і судзімы будзеш, — сказаў рагаты. — Кажы, што хацеў яшчэ сказаць, іначай будзе позна.
— Адпусціце, — з клекатаннем у глотцы сказаў той. — Бачыце, вы ёсць. Значыць, нельга сказаць, што мы вядзём вайну з бязвіннымі. Паўсюль вайна за душы, і ў гэтай вайне я — салдат. Палонных не забіваюць.
Бялявыя валасы таго, што прысягаў за ўсіх, зблытанымі кучмамі падалі на шалёныя вочы. Твар запаў у шчаках. Вусны пабялелі так, што амаль не адрозніваліся ад колеру ўсяго аблічча.
— Значыць, і ерэтыкі — палонныя салдаты? — Вочы ягоныя ашклянелі. — А што робяць з імі? А знішчаныя вёскі і гарады? А разораныя краіны без людзей? Чым вінныя былі перад табою і Богам тыя, спаленыя сёння? Той стары з курачкай? Нас не было. Гэта ты нас выдумаў. Ты жорсткасцю зрабіў нас. Хто пайшоў бы сюды, каб не штурхнуў ты і твае браты ў забойстве? Можа, я? Па даносу хапаў бязвінных, гвалціў жанчын, катаваў і паліў — і ты салдат? Не было б цябе — не было б і д'ябла. За жорсткасць — жорсткасць… Рыхтуйся. Мы дамо табе хуткую смерць. Не як ты.
І тады, зразумеўшы, галава доказнай інквізіцыі зноў нема закрычаў. Брат спаленага прыставіў яму нож да сэрца і налёг на рукаятку.
— Не ха-чу! — крык захлынуўся ў нейкім булькаценні, змоўк.
Чалавек вытаргнуў нож, ашалела паглядзеў на ўсіх.
— Б-бярыце гэтую пад-длу.
Ён стаяў, хістаючыся, і раптам упаў, нібы яму ўдарылі пад каленкі. Яго аднеслі. Народ стаяў у суровым маўчанні. Ціха-ціха. Пагрозна ціха. І тады рагаты падышоў да падгарэлага крыжа і адным ударам нагі паваліў яго на труп. Узляцеў ураган іскраў.
— Жары… Каб яшчэ з аднаго бандзюгі не зрабілі святога.
Дыван жарынак засыпаў ляжачага. Ускінулася полымя. На яго накідалі яшчэ сушняку. Вакол былі суровыя, амаль безнадзейныя, мядзяныя твары з рэзкімі чорнымі ценямі.
І тут за спінамі людзей, недзе ў цемрыве, пачалі павольна біць барабаны, раўці дуды, уздыхаць бубны. Заспявалі смыкі.
Палілася павольная музыка. Рытм яе ўсё пачашчаўся. У ім было нешта пагрозлівае, д'ябальскае і, аднак, поўнае жыцця, страснае.
Читать дальше