Але воміг сталася неспадзяваная рэч: хударлявы й распешчаны Пятроні схапіў урэзаную ў плечы далонь маладога атлеты, пасля другую і, трымаючы абедзве ў сваёй адной бы сталёвымі абцугамі, кажа: — Я толькі раніцай бываю недалужны, а вечарам маю даўнюю пругкасць.
Спрабуй вырвацца! Гімнастыцы вучыў цябе хіба ткач, а звычкам — каваль?
На твары ягоным нат не відаць было гневу, толькі ўваччу бліскаў нейкі вогнік адвагі й энэргіі. Па хвіліне пусціў рукі Вініція, а той стаяў перад ім супакораны, засаромлены й злосны.
— Маеш сталёвую руку, — кажа, — але на ўсе пякельныя богі прысягаю табе, калі мяне ты здрадзіў, увапхну табе нож у горла, хоць бы і ў пакоях цэзара.
— Пагаварэм спакойна, — адказвае Пятроні. — Сталь, як бачыш, мацнейшая, чым жалеза, дык, хоць з твайго аднаго плечука можна зрабіць мае два, не патрабую цябе баяцца. Затое горка мне ад твайго грубіянства, і калі б няўдзячнасць людская магла мяне шчэ дзівіць, то дзівіўся б з твае няўдзячнасці.
— Дзе Лігія?
— У люпанарыі, гэта знача ў доме цэзара.
— Пятроні!
— Супакойся, садзіся. Прасіў я цэзара дзвёх рэчаў, якія мне абяцаў: першая — выдабыць Лігію з дому Аўлаў, а другая — аддаць яе табе. Ці не маеш там дзе нажа ў хвандах тогі? Можа мне ўсунеш? Але я раю табе пачакаць дзён з пару, бо ўзялі б цябе ў вязніцу, а тады б Лігія нудзілася ў тваім доме.
Настала цішыня. Вініць пазіраў час нейкі здзіўленымі вачыма на Пятронія, пасля сказаў: — Выбачай. Кахаю яе й каханне марочыць мне голаў.
— Ну, слухай, Марк. Анагдай кажу цэзару так: мой сястрынец Вініць так пакахаў адну хударлявую дзяўчыну, каторая гадуецца ў Аўлаў, што дом ягоны змяніўся ад тужных уздыханняў у паровую лазню. Ты, кажу, цэзар, ані я, знаючыся на сапраўднай красе, не далі б тысячы сэстэрцыяў за яе, але гэты хлапец дурны, як трыножнік, а цяпер і зусім здурнеў.
— Пятроні!
— Калі не здагадваешся, што я гэта сказаў дзеля ратавання Лігіі, то я гатоў сам сабе паверыць, што сказаў праўду. Я ўбіў у голаў Рудабародаму, што такі эстэта, як ён, не можа ўважаць такое дзяўчыны за красуню, і Нэрон, які дагэтуль не смее йнакш глядзець, як маімі вачыма, не знайдзе ў ёй красы, а не знайшоўшы, не будзе яе жадаць. Трэба ж было перад малпай забяспечыцца і ўзяць яе на повад. На Лігіі пазнаецца цяпер не ён, толькі Папея, і іставетна пастараецца яе зараз з палацу выдаліць. А я нехаця казаў далей Рудой Барадзе: «Вазьмі Лігію і дай яе Вініцію! Маеш права гэта зрабіць, бо яна ж закладніца, а калі так зробіш, насоліш Аўлу». І згадзіўся. Не меў найменшае рацыі не згадзіцца, тым больш, што насунуў яму нагоду дакучыць чэсным людзям. Зробяць цябе афіцыйным даглядчыкам закладніцы, аддадуць табе ў рукі гэны лігійскі скарб, а ты, як саюзнік ваяцкіх лігаў ды адначасна верны слуга цэзара, не толькі са скарбу нічога не змарнуеш, але пастараешся яго памножыць. Цэзар для віду затрымае яе дзён колькі ў доме, а пасля адашле да твае інсулі, шчаслівы малойца!
— І то праўда гэтаму? Ці ж нічога ёй там не пагражае?
— Калі б там засталася жыць назаўсёды, Папея пагаварыла б аб ёй з Лакустай, але праз некалькі дзён нічога ёй не пагражае. У палацы цэзара ёсць дзесяць тысяч людзей. Можа быць, што Нэрон зусім яе і не бачыцьме, бо й так усё даручыў мне, што вось перад хвілінай быў у мяне цэнтурыён з дакладам аб дастаўцы дзяўчыны да палацу і здачы ў рукі Актэ. Добрая душа гэта Актэ, таму я загадаў ёй яе аддаць. Пампонія Грэцына, відаць, таксама думала, бо да яе пісала. Узаўтра банкет у Нэрона. Замовіў я табе мейсца вобак Лігіі.
— Выбачай, Кай, за маю гарачку, — сказаў Вініць. — Я думаў, што ты загадаў яе ўзяць для сябе або для цэзара.
— Я магу табе гарачку дараваць, але прастацкія рубашныя жэсты й голас, як тых, што йграюць у мору, цяжка мне дараваць. Гэтага не люблю, Марк, і гэтага высцерагайся. Ведай, што цэзару дастаўляе дзевак Тыгэлін, дый знай, калі б я маніўся ўзяць дзяўчыну сабе, то цяпер, гледзячы табе ў вочы, сказаў бы наступнае: Вініць! Адбіраю ад цябе Лігію і буду яе трымаць аж датуль, дакуль мне не прыесца.
Гэта кажучы, глядзеў Вініцію проста ў вочы з выглядам халодным ды безбаязным, так што малады чалавек збянтэжыўся зусім.
— Мая віна, — кажа. — Ты добры, чэсны, і дзякую табе з усяго сэрца й душы. Дазволь толькі яшчэ запытацца: чаму не загадаў адаслаць Лігію проста ў мой дом?
— Бо цэзар баіцца языкоў. Аб тым людзі будуць гаварыць у Рыме. А як Лігію забіраем як закладніцу, якая прабывае ў палацы цэзара, то языкі не страшныя. Пасля адашлюць табе яе паціхеньку й канец. Рудабароды баязлівы, як сабака. Ведае, што ўлада ягоная безгранічная, аднак стараецца абформіць кажны праступак. Ці супакоіўся ты ўжо і можаш крыху пафілязафаваць? Мне самому прыходзіла ў голаў: дзеля чаго злачынства, хоць бы было магутнае, як цэзар, ды не чула кары над сабою, як ён, стараецца заўсёды прыкрывацца правам, справядлівасцяй і цнотай?.. Нашто яму гэта турбота? Мне здаецца, замардаваць матку й жонку прыстоіла толькі якомунебудзь азіяцкаму князьку, не рымскаму цэзару; але, калі б мне гэта прыдарылася, не пісаў бы апраўдальных лістоў у сенат… А Нэрон піша — Нэрон шукае прыкрыўкі, бо Нэрон трус. Але такі Тыбэрый не быў трусом, аднак апраўдваўся з кажнага свайто праступку. Чаму гэта так? Што гэта за дзіўная, мімавольная пашана, аддаваная праз зло цноце? І ведаеш, што мне здаецца? Дзеецца так таму, што праступак ёсць брыдотны, а цнота прыгожая.
Читать дальше