Таго дня і Лігія мелася быць на падобным банкеце. Трывога, няпэўнасць і ашаламленне пасля наглых выпадкаў змагаліся ў ёй з думкай супраціву.
Баялася цэзара, баялася людзей, баялася палацу, гоман якога адыймаў у яе прытомнасць, баялася банкетаў, аб гідоце якіх чула ад Аўла, ад Пампоніі Грэцыны ды іхніх прыяцеляў. Хоць была шчэ маладая, не была нясведамай, бо сведамасць благога ў тых часах даволі рана даходзіла да дзіцячых вушэй.
Дык ведала, што ў гэным палацы чакала на яе гібель, ад якой і Пампонія яе перасцерагала. Маючы, аднак, маладую душу, неабытую з гідотай, і вызнаючы высокую навуку, прышчэпленую ёй прыбранаю маткаю, абяцала бараніцца ад тае пагубы: матцы, сабе і адначасна таму Боскаму Вучыцелю, у якога не толькі верыла, але й любіла сваім дзіцячым нявінным сэрцам за салодкую навуку, за ахвярную горкую смерць і за хвалу згробуўстання.
Была пэўная, што цяпер ужо ні Аўл, ні Пампонія Грэцына не будуць адказваць за ейныя ўчынкі, дык думала, ці не лепш будзе супрацівіцца й не йсці на банкет. З аднаго боку страх і трывога адзываліся ў ёйнай душы, а з другога радзілася ахвота паказання адвагі, вытрываласці мучаніцкай. Адыж Боскі Вучыцель так казаў. Адыж сам даў прыклад. Дый Пампонія расказвала ёй, што гарачэйшыя вызнавальнікі цэлаю душою жадаюць мучаніцкае нагоды й просяць яе. І Лігію, як была шчэ ў Аўлаў, часамі апаноўвала такая ахвота. Уяўляла сябе мучаніцай з ранамі ў руках і нагах, бы снег белай, прыгожай засветнаю горкасцю, няслі яе анёлы ў блакіт. Такімі й падобнымі з’явамі любавалася ейная ўява. Было ў гэтым шмат дзіцячых летуценняў, але крыху й самаўпадобы, за якую ганіла яе Пампонія. Цяпер жа, калі супраціў цэзаравай волі мог пацягнуць за сабою страшэнную кару і калі мары маглі стацца рэчаіснасцяй, да захопных уяваў і ўпадобаў далучылася яшчэ са страхам змяшаная нейкая цікавасць: як яе абвінавацяць ды якія пакуты ёй прысудзяць.
І так хісталася ейная паўдзіцячая шчэ душа на два бакі. Але Актэ, даведаўшыся аб гэтых хістаннях, глянула на яе з такім здзіўленнем, як бы заўважыла ў ёй гарачку. Цэзару думаеш працівіцца? Сцягнуць ад першае хвіліны ягоны гнеў? На гэта трэба быць горкім дзіцянём, няведаючым, што гаворыць. З ейных слоў вынікае, што яна не ёсць закладніцай, але звычайнай, забытай праз свой народ, дзяўчынай. Не бароніць яе ніякае права народаў, а нат каб і бараніла, то ў цэзара хопіць магутнасці, каб яго ў гневе стаптаць.
Падабалася цэзару яе ўзяць, і ад тае пары распараджаецца ёю. Ад гэнай пары ёсць на ягонай волі, над якою няма іншае.
— Так, — талкавала далей Актэ, — і я чытала лісты Паўла з Тарсу, і я ведаю, што ёсць Бог над зямлёю, ёсць Сын Божы, што згробуўстаў, але на зямлі ёсць толькі цэзар. Памятай аб гэтым, Лігія. Ведаю таксама, што вера твая не дазволіць табе быць тым, чым я была, і што вам, як стоікам, аб якіх расказваў мне Эпіктэт, калі давядзецца выбіраць бессаромнасць і смерць, можна толькі смерць выбраць. Але ці ты ведаеш, што цябе чакае? Няўжо не чула пра дачку Сэяна, якая, шчэ дзіцянём будучы, мусіла на загад Тыбэрыя, для датрымання права, забараняючага караць дзявіц смерцяй, перажыць ганьбу перад смерцяй? Лігія, Лігія, не дражні цэзара! Калі прыйдзе вырашальная хвіліна, калі мусіцьмеш выбіраць ганьбу або смерць, дык зробіш, як табе твая праўда скажа, але не шукай згубы самахоць ды не дражні абы-чым так страшнага зямнога бога!
Актэ гаварыла з вялікай ласкавасцяй ды чуласцяй, а маючы з нараджэння прыкараткі зрок, прысунула бліжэй свой салодкі твар да твару Лігіі, як бы манячыся спраўдзіць, якое ейныя словы зрабілі ўражанне.
А Лігія, закінуўшы па-дзіцячаму даверліва ёй на шыю рукі, сказала: — Добрая ты, Актэ.
Актэ, заахвочаная пахвалою й даверам, прытуліла яе да сэрца і, вызваліўшыся з ейных ручонак, адказала: — Маё шчасце мінула, і радасць мінула, але я не злую.
Пасля гэтага пачала хадзіць хуткімі крокамі па хаце, як бы сама да сябе прыгаворваць: — Не! І ён не быў ліхім. Ён сам думаў тады, што ёсць добры. Я найлепш гэта ведаю. Гэта ўсё прыйшло пазней… як пакінуў кахаць… Гэта іншыя зрабілі яго такім, як цяпер, гэта іншыя — і Папея!
І вочы яе заплылі слязьмі. Лігія перш вадзіла за ёю сваімі блакітнымі вачыма, пасля кажа: — Табе шкада яго, Актэ?
— Шкада! — глуха адказала.
Ды зноў пачала хадзіць са сціснутымі, як бы ад болю, рукамі ды бязрадным абліччам.
А Лігія нясмела пытала далей: — Ты яшчэ любіш яго, Актэ?
— Люблю… Пазней дадала: — Яго ніхто, апрача мяне, не любіць… Настала маўчанне, падчас якога намагалася супакоіць раскалыханую ўспамінамі душу, і калі на твары зноў загасціў ціхі сум, сказала: — Гаворым аб табе, Лігія. Нават і не думай супраціўляцца цэзару. Гэта было б адчаем. Урэшце, супакойся. Ведаю добра гэты дом і думаю, з боку цэзара нічога табе не пагражае. Калі б Нэрон загадаў цябе забраць для сябе, не прывялі б цябе на Палатын. Тут валадарыць Папея, а Нэрон ад тае пары, як нарадзіла яму дачку, шчэ больш паддаецца ейнай уладзе… Не. Нэрон, праўда, загадаў, каб ты была на банкеце, але не бачыў цябе дагэтуль, не пытаў пра цябе, дык яму пра цябе не расходзіцца. Можа, адабраў цябе ад Аўла й Пампоніі толькі праз злосць да іх… Мне пісаў Пятроні, каб апекавалася табою, але пісала й Пампонія, дык хіба згаварыліся з сабою. Можа, ён зрабіў гэта дзеля ейнае просьбы. Калі так ёсць, калі і ён заапякуецца табою, нічога табе не пагражае, і хто ведае, ці не нагаворыць Нэрона, каб аддаў цябе дамоў. Не ведаю, ці Нэрон надта яго любіць, але ведаю, што рэдка калі асмяляецца яму пярэчыць.
Читать дальше