Алесю і сапраўды даводзілася цяжкавата. Ён стаяў на тэрасе, адступіўшы на некалькі крокаў ад дзвярэй y дом, так што кожны госць павінен быў прайсці непадалёку ад яго. I з кожным трэба было раскланьвацца. Бацькі стаялі далей, яны абменьваліся з кожным парай слоў, усміхаліся, – ім было не да яго, ён быў нешта накшталт перадавога паста, высунутага ў самае размяшчэнне ворага – enfant perdu, загубленае дзіця.
– Bonjour, madame [22] Добры дзень, мадам (франц.).
.
Мадам сто год. На руках y яе абрыдлівая, кірпатая балонка. Мадам мінае яго, і ён чуе, як яна кажа маці:
– Il est charmant [23] Ён вельмі мілы (франц.).
.
Часам на адну хвіліну да яго падыходзіць, каб памагчы, француз: шэпча, якога госця ён павінен сустрэць зараз, ці павінен сказаць яму некалькі слоў.
Некаторыя з гасцей выклікаюць y яго агіду. Па сваёй ахвоце ён ніколі б не паехаў да такіх y госці. Так і хочацца сказаць:
– Je faut que rècurez la maison de votre présence [25] Трэба, каб вы аслабанілі дом ад вашай прысутнасці ( франц. ).
.
Але так нельга. I ён паважна схіляе галоўку з падплоенымі на канцах валасамі, робіць рукой гасцінны жэст і кажа:
– Bonjour, monsieur.
Бацька бачыць усё гэта аж занадта добра. У самай спіне хлопчыка невыказная пакута. Але ён усміхаецца і шэпча маці:
– Глядзі, што ён вытварае... Les merweilles gymnas tiques [26] Дзівосы гімнастыкі ( франц. ).
.
Падыходзіць пан Мнішак... Гэтага шкада... Такі стрыманы гонар y вачах, і такі змучаны твар... Кажа нешта па-польску... Зразумець нельга, хаця гукі і некаторыя словы падобныя...
A вось гарматы грымнулі тройчы. Лёкай абвяшчае недзе пад тэрасай:
– Віцэ-губернатар, іх яснавяльможнасць граф Ісленьеў.
На тэрасу падымаецца гнуткі і станісты стары ў мундзіры палкоўніка. У старога сівыя бакенбарды і зусім малады, без ніводнай зморшчынкі, румяны твар з яснымі вачыма.
Пра гэтага Алесь ведае. Выпадкова чуў размову бацькоў.
Граф не зробіць кар’еры. У яго занадта многа сваякоў, замешаных y той няшчаснай гісторыі, – пра яе ніхто толкам не ведае, яна адбылася год за трынаццаць да Алесевага нараджэння, – калі “ныне здраўствуючы” цар страляў з гармат па людзях. Невядома, што хацелі рабіць тыя людзі. Але стары прыемны. I ён не мучыць яго, Алеся. Ён ласкава, са старамоднай галантнасцю ківае яму галавой і адразу праходзіць да бацькоў.
Голас маці, y якім, як заўсёды, гучаць бездапаможныя інтанацыі. Яна пытае графа... Нешта аб пераводзе ў Вільню... Граф стрымана смяецца:
– Мне добра ў вашым доме... Рыцарства заняпала. Яго няма. Мы з вамі, як дрэвы на лядзе. Іх пакінулі выпадкова побач, і яны радуюцца гэтаму. Чаго яшчэ патрабаваць ад жыцця? Спадзяюся, ваш малады князь будзе, як вы.
– Я спадзяюся, што ён будзе лепей за нас, – строга адказвае бацька.
Іх не можа чуць ніхто. Іх не чуў бы і Алесь, каб не яго выключны слых, аб якім яны не ведаюць.
...Ідзе цэлая кампанія: поўны сівы чалавек y бездакорным фраку, старая ў чорных карунках і хлопец, можа, гады на два старэйшы за Алеся.
– Граф Мікіта Хаданскі!.. Графіня Альжбета Хаданская... Граф Ілья Хаданскі.
У старога графа паблажлівы, – бо не прыродны, a прыдбаны выхаваннем, – выраз на поўным, сінім ад брытвы абліччы, такі выраз можна бачыць на старых партрэтах. Ён ні да чаго не абавязвае, гэты выраз. Румяныя вусны завучана ўсміхаюцца, – нават ямачка амура на адной шчацэ. Відаць, быў y свой час селадон, ведаў сабе цану.
Калі спытаць аб такіх – добразычлівы чалавек толькі і скажа: “Il a de l’esprit” [27] Ён дасціпны (франц.).
, таму што больш y заслугу ім сказаць няма чаго.
Графіня пабляклая, з прыпухлымі вачыма. Адразу відаць, што злая румза. Алесь чуў і пра яе. Дворня казала. Казала, што з “людзьмі” капрызная, бо ўсё жыццё плача аб першым сыне, які памёр немаўляткам.
Затое Ілья Хаданскі нічога сабе. Гэткі звярок, рухавы, спрытны, гарэзлівы. Вочы сінія і дурнаватыя, як y кацяняці, валасы залацістыя. Такім галубоў ганяць.
Вітаюцца, праходзяць да бацькоў... Цікава было б зараз уцячы з гэтым Іллём і Мсціславам куды-небудзь y лес. Во пашукалі б!
– Пан Таркайла! Панскі брат, Тодар Таркайла!
Гэтыя былі яшчэ больш дзіўныя. Абодва ў дыхтоўных, на сто год, сурдутах шэрага колеру, абодва трошкі занураныя, абодва пышнавусыя, яны чымсьці нагадвалі камічных шляхцюкоў з карціны “Бітва пад Оршай”. Праўдзівей, нагадвалі б, бо ні ў аднаго з ix не было ў вачах дабрадушнасці. Насцярожаныя шэрыя вочы, жорсткі прыкус вуснаў. Старэйшы, Іван, той хаця намагаўся ўсміхацца краёчкам вуснаў, ды і наогул быў больш тоўсты і гладкі. Затое Тодар, худы, згорблены нейкай невядомай сілай, глядзеў падазрона і холадна.
Читать дальше