– Вось і ты трымай гонар. Пастарайся ўжо не вішчаць, як дварняк. Гэта глупства. Нязручна, але затое нядоўга.
Яны не заўважылі, што вусы старога Басака неяк няўлоўна і падазрона паторгваюцца.
– Пацалуйцеся, – сказаў Басак-Яроцкі. – І памятайце, вы казалі словы братэрства і цалаваліся яшчэ тады, калі былі дзецьмі.
Яны пацалаваліся. Басак-Яроцкі палажыў далонь на галаву Алесю.
– Ты насіў дзіцячыя доўгія валасы, з якіх сёння ўпадзе адна пасма. Заўтра іх падкароцяць, і такімі яны будуць, пакуль ты не станеш сапраўдным мужам. А тады насі іх як хочаш, толькі памятай, што людзі нашай зямлі любяць насіць доўгія валасы і вусы, але не любяць і ніколі не насілі барады, калі яны не папы, не манахі і не мудрыя стогадовыя дзяды.
Ён узняў нажніцы.
– З першай пасмай ты не будзеш дзіцём і зможаш сядзець з мужамі, бо сам займееш імя мужа… З гэтай хвіліны памятай, князь, душа твая належыць толькі богу і гэтым палям, шабля – ваяводзе справядлівай вайны, жыццё – усім добрым людзям, сэрца – каханай. Але гонар і чэсць – яны належаць толькі табе і больш нікому. Цябе пастрыгаюць у мужы, каб ты быў незалежны з моцнымі, братні – з роўнымі, памяркоўны і добры з ніжэйшымі.
Цяпер ужо і Мсціслаў глядзеў сур'ёзна, быццам гэтыя словы краналі яго за душу.
– Каб ты быў добры да дзяцей і жанчын, верны для сяброў і страшны для ворагаў, бо ты муж і зброя дадзена табе для таго, каб ты быў мужам і каб той, хто абразіў цябе, ніколі не абышоўся пустымі прабачэннямі, а крывёй плаціў за сваю абразу…
Ляснулі нажніцы. Каштанавая пасма ўпала ў далонь дзядзькі Пятра.
Ён павольна працягнуў яе Мсціславу. І Мсціслаў таксама патрымаў пасму, а потым схаваў яе ў медальён, а медальён схаваў пад сарочку.
– Сын князя Загорскага стаў мужам, – сказаў Басак-Яроцкі. – Памолімся за ягоны доўгі век, за яго дабрыню і высакароднасць. Памолімся за тое, каб бог паслаў яму вялікія дарогі і сілы на тое, каб усё, што з ім будзе, стала вялікімі здзяйсненнямі.
Аднекуль з-за палаца, з таго боку, дзе была магільня, данёсся празрысты, як лёд, і журботны, як галошанне, спеў срэбнай трубы.
Кірдун ледзь не луснуў са злосці за тыя дзве гадзіны, якія прайшлі з пастрыжэння. Здавалася, усё ішло добра. Здавалася, больш ганаровай пасады, чым тая, якую далі на гэтыя гадзіны яму, Кірдуну, нават быць не магло. Сядзі на ўзгорку, адкуль відна дарога і паварот з яе на загоршчынскі “прэшпект”, трымай y руках падзорную трубу і, ледзь толькі ўбачыш карэту ці кабрыялет, якія паварочваюць з дарогі на алею, давай загад тром мужыкам, што завіхаюцца трохі ніжэй, y лагчынцы, ля гармат. I адразу залп. Усё добра, усё чынна. Дык не, прынесла ў апошнюю хвіліну немца, каб на яго пошасць.
Стаіць сабе, чортава пуза, акурат ля яго і глядзіць на дарогу. I такі спрытны, што заўважае ўсё раней, чым Халімон. I гэта так крыўдна, быццам немец y яго хлеб адбівае. Па ўласнай, ці ведаеце вы, ахвоце прыцёгся. Добра б ужо, каб нехта пасылаў. A то ж сам.
Выгляд y чорта важны, паблажлівы. Стаіць, як Банапарт багамерзкі, пуза наперад, і, кожны раз, як ударыць гармата, як ты яму, скажы, цацку нехта даў, такое задавальненне на бязвусай мордзе.
– Einem Löwen gleich... – далятаюць да Кірдуна асобныя словы. – Nüch? [20] Ільву падобна... Ці не так? (ням.).
I, скоса пазіраючы на Фельдбаўха, які абапіраецца на лёску, як на шпагу, Кірдун бурчыць пад нос:
– Das ist ihm Wurst... Гэта яму каўбаса, ці ведаеце... I ўсё “нюх” ды “нюх”... Нюх ты і ёсць нюх. Нюхала нямецкае... Каб цябе ўжо на тым свеце так чэрці нюхалі смярдзючымі сваімі насамі.
Кірдуну зусім дрэнна. Але спраўна грукоча гармата, a то і тры, гледзячы на тое, які госць зварочвае на алею.
...Гэта яшчэ хто? Шарабан старэнькі, конь ледзь перастаўляе відавочна парэпаныя капыты. I тут мужык-запальшчык адказвае:
– То ж гэта высакародны пан Мнішак едзе на сваім Панчоху.
Ну, гэтаму хопіць і аднаго стрэлу.
...А гэта? Пара сытых коней. Тарантас лакіраваны. Ага, едзе дзедзіц Іван Таркайла. Гэтаму можна грымнуць з дзвюх.
...Карэта шасцерыком. Коні ў яблыках. Гэтыя, відаць, рэйнвейн п’юць, як пан Юры ў Кёльне, і хоць коні не чыстакроўкі...
– Страляй... Страляй з усіх чатырох. Хаданскія коцяць!
A немец стаіць. A немец чорт ведае чаго сюды прыцягнуўся. Мог бы стаяць сярод гасцей, – не, собіла яму, нюху праклятаму.
...Кірдун глядзіць на тэрасу, бачыць там фігурку маладога Загорскага, і жаль працінае яму сэрца, прымушаючы і пра немца забыць... Божа мой, нашто гэта? Дзіця цэлы дзень на нагах!.. Мораць, забіваюць дзіця. Паны і ёсць паны. Немец, відаць, усё ж не самы горшы... Прынамсі, любіць паніча, не мучыць яго, як тыя... Тое, што ён мяхом стукнуты – гэта ўсё лухта: без радзімы таксама, гаротны. A без радзімы хто хочаш ашалее... Таксама пашкадаваць трэба... Тым больш бясшкодны зусім, паскудстваў нікому не чыніць. Толькі што прыйдзе ўвечары да аканомкі і просіць: “Гнедзіге фрау... Айн гляс шнапс...” [21] Дастойная фрау... Шклянку шнапсу... (ням.).
Лузне сабе, бедалага, ды і пойдзе... I правільна кажа, бо ў немцах амаль усе жанчыны гнядыя, a аканомша – вылітая немка. Гнядая і ёсць... Толькі б тут не стаяў, a так зусім прыстойны немец... I паніча любіць... Чорт з ім, няхай стаіць, калі гэта яму цацкі... Немцы, яны немцы і ёсць. Усе чыста – як дзеці. Толькі б ім грымела ды блішчала... Так бы і гулялі ў салдацікі да сівых валасоў... Але ж як там дзіця?.. Беднае дзіця!
Читать дальше