– Які гэта Марка?
– Быццам і не ведаеш? Таго, што на аброку? A божа ж мой, Марку майго ён не ведае! Ды той самы, што ў Сухадоле па вулках хлеб без скарынкі возіць...
Бацька пырснуў. Бабуля падазрона паглядзела на яго.
– A ты не блазнуй. Бог усё бачыць. I твае смяшкі, і Марку, і прагнасць людскую, і нікейскія “серафімскія крылы”.
Усміхнулася:
– Бываюць, значыць, з мурынаў святыя. Я ж казала, божыя душы. Значыць, заўтра ж ахрышчу, цябе вазьму хросным бацькам...
– Ды які я яму хросны? – зарагатаў бацька.
– A ты маўчы. Гэта і мне і табе залічыцца, за многія твае грахі. Дамо яму імя ў памяць пакутніка Яна... A там я падумаю-падумаю ды і ў прыёмышы яго вазьму.
– Прыгоннага.
– Ды які ён прыгонны? Ён жа чорны, як бот. Такія ў прыгоннікі не прыдатныя. Бог іх, відаць, за нешта колерам адзначыў.
I раптам Надзея Клейна засмяялася так, што затрэслася ўсё яе рошчыністае цела.
– A потым дам за ім пару хутароў. Чаму ж не? Раней y многіх калмычкі выхоўваліся. Гадавалі іх, пасаг давалі, выдавалі замуж. I нічога, многія жаніліся. Нават пікантным лічылася. Дык вось я і Янку ажаню. A чаму не?
– Дык хто пойдзе?
– Уce пойдуць, – сказала старая. – Паглядзела б я, якая засцянковая паненка за яго не пайшла б. Гэта каб супраць майго жадання, ды калі я сваццяй буду?! О-го, паглядзела б... A што ж такога? Хлопчык ён добры, сардэчны, галоўкай лашчыцца. Шанаваць жонку будзе, цаніць і шчасце і дабрабыт. Не тое што гэтыя п’янюгі ды сабакары, – прабач, бацюхна.
Памаўчала, падціснуўшы вусны.
– A i тая нейкая пойдзе. Добрыя ды багатыя мужы для бедных дваранак на дарозе не валяюцца. Няхай сабе і цёмны. Не папэцкае, пэўна. Гэта ў яго ад прыроды.
I ціха, адзін пан Юры чуў, спытала ў яго на вуха:
– Цікава толькі, якія ж гэта ў іх дзеці будуць? Крый божа, калі як шахматная дошка... квадратамі... Га?
– Такія не будуць.
– Ну то тады і добра... Будзе мне занятак на старасці год.
Яны набліжаліся да падлеткаў, якія стаялі асобна. Клейна падышла бліжэй за ўсіх і ўтаропіла ў хлопцаў пільны позірк.
– Гэты, – пасля імгненнага роздуму паказала яна кійком на Алеся. – Вочы матчыны, a позірк твой. Толькі, прабач, без тваёй цяперашняй спакайнаты. Хлопец будзе . Будзе хлопец, кажу табе. Не прывучай толькі сабакаром быць.
Зрабіла рэзкі рух.
– I адпусці. Адпусці адсюль. Асалоды ў гэтым мала, ляжаць на вачах усіх, як мухі ў місцы... Антаніда, віншую цябе. Будзе хлопец. Позірк просты, шчыры, не тое што ў гэтых малімончыкаў яго ўзросту... Ну, давай пацалуемся, Антаніда... A вы, дзеці, марш гуляць... I Яначку з сабой вазьміце. Ды не крыўдзіце яго там. Ён сірата.
Дзяцей і прасіць не трэба было: як чародка вераб’ёў, сыпанулі па сходах.
– Karo яшчэ няма, Georges? – спытала матухна.
– Раўбічаў няма. Кроера няма. Старога Вежы няма.
– Добра. Хай ідуць дзеці, – уздыхнула Загорская.
Алесь бег наперадзе ўсіх. Дзеці абагнулі палац, горку, на якой распараджаўся гарматамі Кірдун, карцінны павільён і спынілісяу гушчары парку, дзе была дзярновая лаўка.
Усе селі. Зялёная сетка святла ляжала на тварах дзяцей.
– Дык як жа вы жывяцё, Ядзвінька? – спытаў Алесь.
Лялечны тварык схіліўся ўніз. Вочы, такія нявінныя і сінія, засаромлена глядзелі на Алеся.
– Я з маці жыву. I з Янкам. У мяне тры старэйшыя браты... Былі тры браты... Два загінулі на вайне... Адзін – хто яго ведае дзе, мне не кажуць. Я апошняя. Ніхто ўжо не чакаў мяне, a я ўзяла ды і нарадзілася. Усе за мяне таму вельмі баяцца. Толькі я не баюся. Я люблю, каб цёпла. Люблю, калі спяваюць. Люблю, каб мне не перашкаджалі. A баюся толькі, калі хлопчыкі злыя... I сабак.
Алесь слухаў гэта з памяркоўнай усмешкай.
– Мы не будзем злыя, – сказаў Алесь. – Праўда, Мсціслаў? I сабакам яе ў крыўду не дамо. Што сабакі. У мяне унь два кані ёсць.
– Сапраўдныя коні? – спытала малая Клейна.
– Анягож.
Дзяўчынка паглядзела на яго з павагай.
– Ну a ты, Янка? – спытаў Алесь.
– Я зусім як яна, – вінавата ўсміхнуўся хлопец, і ўсе зноў здзівіліся, як па-вясковаму, амаль зусім чыста вымаўляе ён словы. – Толькі я не ведаю, дзе мае бацькі.
– Так зусім і не ведаеш? – спытаў Мсціслаў.
– Помню... Слаба... Помню агні... Вакол іх, на ражнах, сушылі рыбу... I зусім не помню бацькоў... Толькі аднаго Кемізі... Напэўна, ён быў мне брат... Не ведаю... I яшчэ помню жаночыя рукі... Нічога больш – адны рукі... Аднойчы з’явіліся крылатыя чаўны... Людзі казалі – “даў” [33] Судна гандляроў рабамі.
і паказвалі на іх пальцамі. Дзяцей схавалі, але нас усё адно адшукалі... Усе нашы, акрамя нямногіх, ляжалі на пяску... У Кемізі тырчала ў грудзях палка... Потым нас везлі морам... Потым быў нейкі бераг, і белы-белы пясок, і пячора з крыніцай, куды нас заганялі на ноч. Усё гэта звалася Мангапвані [34] Астравок ля заходняга берага Афрыкі. База арабаў – гандляроў рабамі.
, a вартавалі нас людзі ў белых павязках на галаве... Потым я згубіў сваіх, іх не стала... Зноў было мора і потым вялікі горад, дзе мяне зноў купілі... I прывезлі сюды.
Читать дальше