Я ведаю галоўнае. Тое, што чалавек павінен жыць толькі для разнявольвання людзей. Ён нікога не павінен хваліць, нікому не павінен спяваць оды. Бо оды – гэта толькі сцвярджэнне таго, што існуе, замацаванне яго на мёртвай кропцы, здрада руху чалавецтва. Ніякай пахвалы, толькі вечнае разнявольванне людзей. І няхай на гэтым шляху нават шыбеніца. Іншага выйсця няма.
Радзімка-мушка над верхняй губой матулі варухнулася ад слабой усмешкі. Зноў напружыліся плечы.
Так... Так... А потым вайна, турмы, шыбеніцы, забойствы. Слабы малодшы народ. Нямы слабейшы сусед. Вінаваты таму, што слабы. І таму – забівай! Нічога, бог даруе.
Маўчанне.
А не даруе бог! Ох, як ён не даруе калісь! Забіваць сябе будзеце, толькі каб не глядзець у вочы апошняму.
Зноў паўза.
Свет, у якім нікому не было б страшна жыць.
Яна сказала гэтыя словы, нібы ўзважваючы. І раптам зноў пачала адганяць нешта.
Ох, які жорсткі, жорсткі чалавек... Крывёю, плоццю, дыханнем іншых... Забіваць, каб жыць, якая лухта! Якое кола безвыходнае. Клічам да дабрыні. Як можам вырасці да сонца, калі прыкутыя забойствам да зямлі?
Шырокія шэрыя вочы ліхаманкава гарэлі:
Нават не дзеля тых, каго забіваем. Дзеля сябе. Бо не можа быць чалавекам той, хто забіў... Таму, каго забілі, лёгка. А вось той, хто забіў... У-у.
Заплюшчыла вочы:
А потым прыходзіць расплата і для нас. Прыходзіць і вяжа па руках, кідае на спіну, – голас стаў раптам цвёрды. – Не, я пайду адсюль не так... Перамагчы...
Нешта такое мяцежнае было ў голасе маці, што ён раптам кінуўся да шторы і са звонам рассунуў яе.
Аблічча было жывое толькі пры ружовым святле свечкі. Акрамя вачэй ды дзвюх ліхаманкавых плям на шчоках – жывога ў ім не было нічога.
Што?! – амаль крыкнуў ён.
Нічога. Проста я пятнаццаць дзён нічога не ела.
Халадзеючы, ён раптам зразумеў, чаму шторы... чаму свечка... чаму яна тады павесялела і стала роўная да ўсіх і ўсяго.
М-ма-а!.. – кінуўся ён да дзвярэй.
Стой, – ціха сказала яна. – Дзеля мяне пачакай, ну! – Вочы былі такія пагрозлівыя, што ён спыніўся. – Я павінна сказаць... Праз пяць хвілін пойдзеш... Ну... Хадзі сюды... Дзеля памяці бацькі.
Ён сеў ля яе. Яна ўзяла яго за руку.
Слухай, няхай нават позна... Ведаеш, як я пакінула есці – мне стала лёгка... Упершыню ў жыцці... Я нікому не вінная.
Але гэта смерць! Мама!
Так. Гэта зачараванае кола. Дарогі, каб вырвацца, чалавеку не дадзена. Або знікай, або забівай. Вар’яцкая прыдумка. І таму мы асуджаныя. Няма выйсця.
Мама...
Яна трымала яго руку, але нагою ён непрыкметна націскаў на пласцінку начной санеткі ля яе ложка. Націскаў... Націскаў... Націскаў...
Сэрца амаль не білася. Я ляжала без рухаў, каб даўжэй думаць. Доўга думала. І вось...
Ён ціснуў пласцінку санеткі... Ціснуў... Ціснуў... Ніхто не ішоў. І ў адчаі ад гэтага ён спытаў:
Нашто, нашто ты гэта зрабіла?
Ты даруеш мне. Ты астанешся моцны, бо ў цябе вялікая, высакародная мэта. А я заўсёды была непрыдатная. Цень – і ўсё.
Алесь фізічна адчуваў, як павінен калаціцца званок у пакоі Анежкі... Божа, толькі б хутчэй прыйшлі!
Нашто? Нашто?
Я была прыдатная толькі на гэта. Узбунтавацца. Пакараць сябе за ўсіх, – вочы яе лавілі ягоныя вочы. – Можа, хоць па кроплі маёй крыві бог пакладзе на астатніх і даруе ім, не ведаюць бо, што робяць.
Голас раптам стаў амаль пагрозлівы:
І ён... таксама. Прыкуць такі дух да быдлячай абалонкі! Як ён мог! Жэрці, як жывёлы, адкідаць, як жывёлы, раджаць дзяцей, як жывёлы... І любіць іх за тое, што забіваюць... У, дрэнь!.. Хіба вінаваты людзі? Калі ў помыслах сваіх ім бы жывіцца святлом!.. І ўсё ж я выпрасіла... дараванне.
Ён націскаў і націскаў пласцінку... Ды што яны, аглухлі там усе, ці што!
Нашто ты так? На-што!
На маем права... І мне страшэнна шкада вас: бацькі, Вацака і асабліва цябе. Ты ўразлівы, тонкі. Ведаю, не маем права – шкада. Можа, гэтымі днямі я выкуплю права на вас, і вы атрымаеце за агульную неяк жыць на зямлі. Не несці адказнасць за агульную віну.
Варухнулася:
Трэба было давесці. І за тое, што я – сваячка Кроера. І за ўсіх чыста людзей. І за яго, беднага, і за сябе. Трэба было давесці, што мы не забойцы, што мы ад адчаю жывём жыццём другіх... Хоць некаму ўзбунтавацца... Каб ведалі, што гэта нам крайняя пакута, што людзі думаюць... думаюць... над гэтым.
Здаецца, пачыналася трызненне. Вочы гляделі вышэй яго.
– Я яго страшэнна кахала. Дай бог, каб цябе... так...
Дрыжучы, ён схіліўся да яе. Яна дакранулася вуснамі да яго вачэй:
Ты панясеш мае вочы далей.
Читать дальше