Бо калі вы спыніце кола – вы спыніце жыццё. Наогул жыццё. І перш за ўсё сваё.
І пасля кожнага свайго падзення я, Чалавек, устаю, бо мяне ўздымае праца. Адзіная з усімі на зямлі...”
Нехта бег, грукочучы, па жалезных сходах.
Паніч! Паніч! Княжа Алесю!
Кірдун. Распатланы, бледны, без шапкі і чугі.
Выціраючы рукі прамасленай анучай, Алесь нездаволена адарваўся і ад разабранага гідраўлічнага прэса і ад сваіх думак:
Што здарылася?
Пані Антаніда!
Што?!
У непрытомнасці.
У пакоі маці цьмяна мігцела адзіная свечка. Цёмныя шторы былі апушчаныя. Ледзь вымалёўваліся срэбныя і хрустальныя грані флаконаў на начным століку, маціцай блішчала італьянская маёліка пад шклом.
Вельмі не гарманіраваў гаркаваты пах парфумы з візантыйскай яшчэ, на кіпарысавай тоўстай дошцы, “Траеручыцай”. Трэцяя рука вырасла, каб утрымаць сына, што падаў у студню, бо дзве другія былі занятыя. Ікона была па сутнасці ерэтычная, але добрая чалавечай дабрынёй, не ў прыклад другім візантыйскім іконам.
Такую дабрыню ў вачах Алесь бачыў яшчэ толькі на адной – таксама візантыйскай – іконе, на іконе “Уладзімірскай маці божай”.
Пані Антаніда ляжала на канапе чамусьці пераапранутая ў самы свой улюбёны святочны строй: белую з золатам, аблямаваную валансьенскімі карункамі сукню і белыя з золатам, да смешнага маленькія туфлікі.
Твар у святле свечкі быў слаба-ружовы, гаротныя вейкі апушчаны.
Алесь нахіліўся над ёю:
Што з табой, мамцю?
Не ведаю. Пераапранулася... Раптам закруцілася ў галаве.
Відаць, рэзка ўстала. Ты клікала мяне? То я пасяджу.
Так, цяпер пасядзі.
Цёмна-шэрыя і шырокія вочы глядзелі на Алеся пільна.
Які ты! Працаўнік. Гаспадар.
Алесь убачыў сябе ў туалетным люстры. Пыльны, з сяк-так выцертымі рукамі, непрычасаны.
Пайду памыюся і пераапрануся.
Не. Не трэба. Ты харошы вось такі. Табе ніколі не казалі дзяўчаты, што ты прыгожы?
Алесь сумеўся.
Прыгажэйшы, чым прадзед Акім. Усё лепшае, што было ва ўсіх нашых, ты ўзяў сабе.
Ма-аці, – з ціхім дакорам сказаў Алесь.
Не буду, – сказала яна. – Гэта я адзін раз у жыцці.
Усмешка яе была сумная і слабая. І чамусьці ў Алеся ад гэтага нешта як павярнулася ў сэрцы.
На хвіліну ён заплюшчыў вочы, а калі ўзняў векі – убачыў, што маці глядзіць на яго, нібы шукае суцяшэння.
Загінуў бацька, Алесь. Што ж рабіць?
Што ён мог адказаць на гэта...
Вясна? – спытала.
Вясна.
Лебедзі лятуць?
Але. Хоць яшчэ сям-там снягі.
Апусціліся веі. Алесь бачыў, што шчокі ў матулі трохі ружавеюць, нібы яна збіраецца з сіламі.
Прадчуванне нейкай няяснай трывогі закралася ў Алесева сэрца.
А шчокі маці ўсё ружавелі. І ўсё больш напружваліся плечы пад карункамі.
Я казала яму: не ідзі, не забівай мядзведзя. У яго босыя ногі. Ён быў галодны і ратаваў сваё жыццё. Як мы... Усё ратуе сваё жыццё... Усё было балюча. Жыць – балюча, жывіцца – балюча, дыхаць – балюча.
Голас у яе быў жаласныы і танюткі.
Ма-аці!
Слухай. Слухай мяне. А рыбы як дыхаюць, бязмоўна крычаць на дне чаўна. У адчаі. Многа рыб.
Яны халодныя, – недарэчна сказаў Алесь.
Яна працягнула да яго руку. Нейкую незвычайную сёння, чамусьці зусім кволую і малую, як і ўся яе постаць, руку.
Мама, мы разумныя істоты.
Можа, ёсць і больш разумныя...
Твар маці гарэў бы ў ліхаманцы; цёплыя звычайна, вочы блішчэлі, неспакойны рот крывіўся. І напружана, высока ляжалі на падушцы плечы.
Лічым усіх ніжэйшымі за сябе. Гардыня, подлая самаўпэўненасць! Яны, маўляў, нямыя, гэтыя звяры. А мы можам сказаць, хто мы і нашто? То хто мы перад жыццём – не нямыя?
Нібы адганяючы нешта, яна пакруціла галавой.
Яны не гавораць.
А можа, мы не чуем? Можа, калі красуе жыта, яно адчувае тое, што і мы, кахаючы, і ў радасці хістаецца з канца ў канец і мяняе колер на лілаваты, бо ўбіраецца, і шуміць-шуміць само сабе. Ты ведаеш, што адчуваюць каласы пад сярпом? Толькі яны не могуць ні ўцячы, ні крычаць. Не дадзена ім. Ну і што? Нам паляцець таксама не дадзена. А мы, глушцы, кажам: мо-ожна, бо яны нямыя. І каласы нямыя, і звяры. А адсюль не так ужо далёка і да дзікіх людзей. Яны таксама нямыя, мармычуць невядома што. І мы іх, моцныя, бяром, як трусяня, ды – далонню за вушамі.
Жаль раздзіраў глотку Алеся.
Прыгон, – сказала маці. – Адмяні яго, Алесь, адпусці, калі ласка, людзей. Забі яго, Алесь, бо гэта таксама людаедства...
Я зразумеў, маці. Я ведаю...
Маці, відаць, не хацела, каб Алесь заўважыў яе слабасць. Алесь сабраўся з думкамі:
Читать дальше