Пан Яраш ужо трохі хадзіў. Адпусціла. Але пра Алеся з ім баяліся і гаварыць, тым больш што Франс сказаў аднойчы: “Яна яго жонка і не можа быць больш нічыёй. Але і ягонай яна не будзе”.
Але гэта было не самае страшнае. Значна горш было другое. Алесь не хацеў чакаць, пакуль выйдзе падрыхтаваны маніфест аб адмене прыгону. I Кастусь з гэтым згаджаўся – калі ўжо яны хацелі мець падтрымку сярод сялян наваколля. Адпусціць людзей трэба было хутчэй, каб мужыкі сарака з лішнім вёсак атрымалі волю раней за іншых, адчувалі, ад каго атрымалі, і ў будучым верылі б ва ўсім гэтаму чалавеку.
Загорскі так і зрабіў. Ішла перапіска з Выбіцкім і Вежам. Яшчэ восенню пачалося масавае засведчанне дакументаў аб вызваленні.
Мужыкоў вызвалялі з самым мінімальным выкупам (толькі каб не лямантавалі суседзі) і з перадачай у поўную іхнюю ўласнасць той зямлі, якой яны валодалі яшчэ ў прыгоне. У адпускных было таксама агаворана, што, калі справы былога пана з цукроўнямі і іншым пойдуць добра – мужыцкі надзел можа быць павялічаны за кошт панскай зямлі.
I вось тут здарылася дзіўная, незразумелая рэч. Што сычэла навакольная шляхта – гэта было зразумела. Сычэла, але баялася, прыціснутая старым Вежам, які, дарэчы, сваіх пераводзіў толькі на лёгкі аброк, даючы магчымасць Алесю гаспадарыць у сваіх вёсках толькі пасля ягонай, Вежавай, смерці.
Што раіла адмовіцца ад даравання волі начальства – таксама нікога не здзівіла. Пабойваліся бунту ў наваколлі. I нічога, аднак, не маглі зрабіць. Пан быў гаспадаром, і ў дзеяннях ягоных не было вар’яцтва. Падпалі ён свой уласны палац – справа іншая, тады і апеку можна было б накласці. А так яны толькі раілі ды ўгаворвалі, націскаючы на тое, што вызваленне ўсё адно хутка прыйдзе і пры гэтым чаканні вольныя вёскі сярод прыгонных будуць як фіціль, забыты ў бочцы з порахам.
Здзіўляла іншае: бурчанне мужыкоў. Паўсюль яшчэ было прыхаванае, але ў Татарскай Грэблі і Сцюдзеным Яры вылілася ледзь не ў мяцеж. Сяляне адмовіліся браць волю.
Доўга ніхто нічога не разумеў. I толькі потым па наваколлі, невядома кім пушчаная, папаўзла цёмная чутка:
– Не бярыце, хлопцы, ашукаюць. Царская воля выгаднейшая. Ніякага выкупу, зямля – уся. Падман задумалі. I на цукроўні не ідзіце. Зноў заняволяць...
Алесь напісаў Кастусю і атрымаў параду: абумовіць у водпусках, што, калі надзел і выкуп у “царскай волі” будуць больш выгадныя для мужыка – ён, Загорскі, адпаведна павялічвае надзел і адмяняе выкуп.
...I тут, у ясны лютаўскі дзень, запалала нядаўна застрахаваная цукроўня. Тая самая, з двума верхнімі драўлянымі паверхамі, якія Алесь усё збіраўся перабудаваць на мураваныя. Падпалілі невядомыя людзі. Наўрад ці “Ку-га". Пра яе з дня размовы Вежы з Таркайлам ніхто не чуў. Хутчэй за ўсё нехта з Грэблі.
Згарэла ўшчэнт. Успомнілі аб страхоўцы. Пагражаў суд. Уратавала толькі тое, што ў “водпусках” было агаворана аб цукроўнях. Хіба вар’ят будзе, адпускаючы людзей, нішчыць свой жа набытак.
Алесь валасы на сабе рваў. Людзі не хацелі даброт. Людзі помсцілі невядома за што, аддавалі жорава ў руках на сініцу ў небе. Трэба ехаць на радзіму.
Вось толькі трэці дзень, як у Маскве Кастусь. I сёння нарада аб далейшай арганізацыі. Адседзець і паехаць. Бліжэй да спраў.
...Да “Вярбы” [56] У пятніцу і суботу вярбовага тыдня, шостага тыдня вялікага посту, на ўсю даўжыню крамлёўскіх муроў – ад Спаскай і да Нікольскай вежы – і на палову плошчы пачынаў гаманіць рынак “Вярба”. Палаткі, крамкі. Ювелірныя вырабы, звяры, птушкі, кнігі. Па краях, ля Васіля Блажэннага і Нікольскай вежы – гандляры вярбою, свісцёлкамі, цацкамі, паветранымі шарыкамі.
было яшчэ далёка, але на развале, ля муроў, некалькі чалавек гандлявалі кнігамі. Кнігі ляжалі на подсціле з лапніку і на сталах.
Тут і павінны былі сустрэцца Загорскі і Кастусь. Алесь стаў ля аднаго з гандляроў, няголенага чалавечка з абыякавымі вачыма, і пачаў так, ад няма чаго рабіць, перакладаць кнігі. Чалавечак глядзеў на яго звысоку, нібы гэта ён, Алесь, гандляваў усімі гэтымі пісьмоўнікамі, старымі календарамі і разрозненымі падшыўкамі “Северной пчелы”.
А вось гэта што?
“И что собрала посохомъ вымлатила и знашла ячменю... три меры”.
Што такое? Пальцы гарталі старонкі.
“Ту справа всякого собрани людского и всякого града еже верою соединеннемъ ласки и згодою посполитое доброе помножено бываець”.
Алесь гартаў яшчэ.
“ Предъсловие доктора Франъциска Скорины з Полоцька во всю бивлию...”
Читать дальше