Голас папа замілаваны. Ён уздымае вочы ўгору.
Алесь зноў пакасіўся на яе. На вуснах блукае ўсмешка. Агеньчыкі свечак адбіваюцца ў шырокіх і сініх,
як марская вада, вачах.
Халоднае золата старога вянца лягло на лоб. Старая рэліквія загоршчынскай царквы. Не менш як трыццаць пакаленняў адчувалі яго вось так, лобам.
Суровыя твары сяброў былі каля сцен і вакол. І між іх, побач з ім, стаяла яна, гатовая на ўсё.
– Пане божа наш, славаю і гонарам вянчай я, – пралунала.
Чаша з віном ля вуснаў. І вось яе рука ў ягонай руцэ. Невядома адкуль з’явілася раптам радасць. Толькі
адзін дотык рукі вярнуў яе, і цяпер ужо назаўсёды… назаўсёды… назаўсёды… Ён паўтараў гэтае слова, як клятву.
Абкружылі сябры. Пайшлі ў іх атачэнні да прыступак на хоры. Узняліся амаль на палову вінтавых сходаў, калі знізу, ад дзвярэй, даляцеў поўны і гулкі, бы ў бочку, гук: ударылі чымьсці цяжкім.
…З вышыні галерэі яны ўбачылі паплямаваны паходнямі поплаў і коннікаў. Чалавек пяцьдзесят.
Ля самых дзвярэй у царкву стаяў дзіўна кароткі – з вышыні – Франс Раўбіч. Трохі далей, ля коней, стаялі малады і стары Хаданскія. Яшчэ далей – Раўбічава шляхта, Браніборскі, яшчэ і яшчэ людзі, Мнішак.
Апошні сустрэўся вачыма з вачыма Янкі Клейны, крэкнуў і, махнуўшы рукою, павёў каня з паплаўца. Астатнія стаялі.
– Адчыні, – сказаў бляднейшы, чым заўсёды, Франс.
– Што табе трэба, Франс? – спытаў Алесь.
– Злодзей, – сціснутым голасам сказаў Франс.
Магчыма, ён і не сказаў бы гэтага, каб не пёк сорам перад Хаданскімі.
– Злодзей цяпер ты, – спакойна сказаў Алесь. – Тут няма цяпер Майкі Раўбіч. Тут ёсць мая жонка перад богам і людзьмі – Міхаліна Загорская… Я раю табе лепей ехаць дадому, Франс. Мы можам сустрэцца потым, калі хочаш.
Франс развёў рукамі.
– Відаць, досыць, – сказаў ён. – Давайце бярвенні, людзі.
– Не рабі гэтага, – сказаў Алесь. – Не рабі таго, аб чым пашкадуеш. Я люблю цябе, браце. Ты сапраўды цяпер мой брат. Не я завёў тую свару. Я заўсёды хацеў, каб быў мір. Нам абрыдла, што з-за дурной спрэчкі гінуць лепшыя нашы гады. І таму я вымушаны быў пайсці на гэта, хоць я вельмі шкадую, Франс. І я прашу твайго даравання.
Раўбіч, здаецца, не ведаў, што яму казаць.
– Бач, запяяў, – сказаў, – сказаў Ілля Хаданскі.
– Я не баязлівец, Франс, ты ведаеш. Я проста хачу міру. Не крыўдзь сваёй сястры, а маёй жонкі.
– Досыць, Франс, – сказаў стары Хаданскі. – Ты можаш ісці. За крыўды адплацім мы.
– Як? – спытаў Франс.
– Яна зробіцца ўдавой Загорскага, не паспеўшы зрабіцца жонкай.
Алесь змрочна кінуў:
– Я не хачу і тваёй крыві. А ты, Франс, запамятай: што б ні здарылася, я ніколі не стану страляць у цябе. Мне дарагая мая жонка.
– А калі стрэлю я? – спытаў Франс.
Алесь паціснуў плячыма.
– Не прыніжайся, – раўнуў раптам Мсціслаў.
– Я не прыніжаюся, ты бачыш.
– Мы яму не дамо расстрэльваць цябе, – пачырванеў Паўлюк. – Я буду страляць. Чуеш, я?!
– Чуеш, Франс? – сказаў Алесь. – Магчыма, яны. Але не я.
– Адчыні, – сказаў Раўбіч, – не заўдавай сабе ганьбы.
– Я не магу гэтага зрабіць, – спакойна сказаў Алесь. – Я не веру вунь тым. Я схіліў на гэтую справу сяброў і адказваю за іхняе жыццё і бяспеку.
Франс адышоў прэч ад царквы. Нешта горача казаў яму Ілля Хаданскі. Раўбіч ашчаперыў рукамі галаву. Хаданскі казаў далей. Франс ківаў галавою. Потым глыбока ўздыхнуў і агледзеў вежы і гульбішча царквы.
– Франс, – сказаў Алесь, – адумайся, пакуль не позна.
Замест адказу пралунаў стрэл з купкі дваран ля старога Хаданскага. Паляцела грубая жоўтая атынкоўка
ля галавы Алеся.
У адказ галерэя залапатала нягучнымі стрэламі.
– Людзі! Людзі! Адумайцеся! – гарлаў Алесь. – Што вы робіце? Людзі!
Замалаціла свінцовым бобам па свінцовых чарапіцах над галавой.
Мсціслаў сунуў у Алесевы рукі стрэльбу.
– Бі! Бі і не крычы! Яны гэта не так зразумеюць!
І тады Загорскі, захлынаючыся гневам і роспаччу, прыпаў да прыклада.
Стрэльба была новая, пістонная. Яна нечакана зручна лягла да пляча. Алесь убачыў на канцы рулі галаву Іллюка Хаданскага і націснуў курок.
Ілля схапіўся за галаву і павольна заваліўся назад, на рукі сябрам.
– Няўжо забіў?
– Ну і чорт з ім, хоць і забіў, – прахрыпеў з правага боку мурын.
– Не забіў! – раптам амаль з радасцю крыкнуў Андрэй Кагут. – Не! Бач, устае. Аглушыў, відаць, толькі.
Ра-та-та, – сыпанула па чарапіцах. – Ра-та-та.
– Бач ты, – сыпануў Кандрат. – Гэтак вельмі проста і забіць могуць.
Читать дальше