Тодар дастаў з-за пояса пісталеты.
– Тарка... – сказаў Юллян.
Два стрэлы амаль зліліся ў адзін. Юллян Лапата, стоячы на возе, пахіснуўся і, дзіўна заграбаючы паветра рукамі, нібы ішоў купацца па няроўным дне, упаў на Стафана.
– ...ла, – дакончыў ён.
Ён быў забіты напавал.
Коні памчаліся дарогай. Шалёны наўздагон стрэліў у Стафана... Потым коннікі паскакалі полем у бок
ляснога вострава.
Апошняя куля трапіла ў бутлю, прызначаную для людзей, якія заўтра павінны былі пачаць біць студню на Кагутовай сядзібе.
Коні ляцелі як на злом галавы. Потым, стаміўшыся, пайшлі ступою. Крыві нідзе, акрамя саломы, не было відаць, і кожнаму, хто сустракаўся з возам, здавалася, што гэта едуць з кірмаша смяротна п’яныя.
Пад колы капала гарэлка з прабітай пляшкі.
...Алесь прывёз лекара, калі Стафан быў яшчэ непрытомны (апрытомнеў ён толькі на трэці дзень), і толькі раз, на імгненне расплюшчыўшы асавелыя вочы, сказаў не сваім голасам:
– “Ку-га”.
Лекар аглядаў збітага. Алесь сядзеў у двары, на бярвеннях, і слухаў галошанне Марты.
– Закурыць у цябе няма? – сказаў ён.
Марту трэба было неяк адарваць ад гэтага страшнага ляманту, і ён, некурашчы, не знайшоў нічога лепшага. Пакуль Марта пайшла па тытунь, пакуль нацерла яго, пакуль прынесла і пачысціла забытую, на другі дзень пасля вяселля кінутую бацькам Кагутом люльку, яна сапраўды супакоілася.
Сплёўваючы абрыдлівую сліну, Алесь слухаў, як яна, Марта, убачыла коней, што самі спыніліся ля брамы, як падумала была, што муж і Юллян напіліся, як з месца кінулася лаяць і як толькі потым убачыла кроў.
– Поршнікі ж купіў, – пабівалася Марта. – А што гожанькія, што ладненькія!
Малая Рагнеда, на якую ніхто не звяртаў увагі, самавольна абула іх і цяпер тупала перад Алесем, чакаючы, відаць, што заўважыць і пахваліць.
– Кроў, – сказаў Алесь.
– Ав-вой, што той крывішчы было! Вой-вой!
– Кроў, – сказаў Алесь. – Кроў яны прынеслі сюды. Ніколі ў нас так, завешаныя, не забівалі... Ну што ж, будуць мець кроў.
Калі выйшаў лекар, Алесь адвёў яго ўбок.
– Баюся, ён не жылец, княжа. Зламалі тры рабрыны, прабілі галаву. Лёгкае зрушэнне мазгоў. Некалькі кровазліццяў унутр. Але не гэта самае галоўнае... Баюся, што яму адбілі адну нырку. Так што гэта пытанне часу.
– Ён мне брат, пане лекар.
– Я чуў. Але вы памыляецеся, калі лічыце, што я раблю розніцу між князем і мужыком. Я – лекар.
– Якія-небудзь добрыя лекі?
– Адцягнуць час... А ўрэшце – хто ведае? Можа і ачуняць. Ён здаровы. Другі памёр бы, не даехаўшы і да дому.
Алесь прывёз з губерні яшчэ двух лекараў. Зроблена было ўсё, але ніхто не абяцаў вылячэння.
Загорскі, калі Стафан апрытомнеў, пытаў у яго, ці не пазнаў ён каго-небудзь з тых, хто напалі.
– Што вы, – сказаў Стафан. – Я і зразумець не паспеў, што здарылася...
Алесь пакутліва думаў, як жа адшукаць, як адпомсціць. І раптам пачуў дзіўнае:
– Ты не турбуйся, браце, – сказаў Стафан. – Што ўжо табе. Кінь. Усе хрысціяне.
Гэта было так нечакана, што Алесь зразумеў: Стафан ні на хвіліну не сумняваецца ў тым, што яго чакае.
Алесь не ведаў толькі аднаго. Якраз калі ён ездзіў у Магілёў, па лекара, Стафан глядзеў на Рагнеду, якая тупала па падлозе ўсё ў тых самых поршніках. І раптам паклікаў Кандрата.
– Зачыні дзверы, – сказаў ён.
Стафан ляжаў у чыстым пакоі, на тым ложку, дзе слалі гасцям. Звычайна да госця, які пасля вячэры ўжо засыпаў, прыходзіла спачатку Марта, а потым Яня і прыносілі апошнюю чарку крупніку:
– Выпі, госцейка, апошнюю дый спі! Пакрыўдзь сябе, каб дому не крыўдзіць.
Госць усміхаўся, выпіваў, цалаваў пані дому ў шчаку і засынаў з думкай, што дом трымаецца звычаю, што гэта харошы дом.
Цяпер нехта павінен быў паднесці чарку і яму. Стафан адчуваў набліжэнне гэтай пані. Ці стане сілы ў
адказ на яе пацалунак усміхнуцца? Трэба, каб хапіла.
– Што ты, браце? – спытаў Кандрат.
– Абяцай, што ёй заўсёды будуць і поршні і чаравікі. Што іншым дзецям, тое і ёй.
– Крыўдзіш, Стафан, – сказаў Кандрат. – На тым стаім... Ды ты кінь. Ачуняеш.
– То ты, Кандратка, слухай. Пабажыся, што ўсё забудзеш, калі ачуняю.
– У імя бога, – неахвотна сказаў Кандрат.
– Калі ачуняю – я дарую ім, – сказаў Стафан. – Бацька ў яе будзе, а гэта галоўнае. Мы – хрысціяне.
Малая тупала па падлозе. Поршні на ножках былі як вясёлка.
– Але як памру – няма ім майго даравання.
Рахманыя вочы Стафана сталі раптам такія, што Кандрат спалохаўся.
– Таму што дзе ж праўда? Я нікога не зачапіў. Я ніколі не шчаміўся ў іхнія справы, трымаўся звычаю, а звычай забараняе забіваць упяцёх аднаго. І атрымалася так, што для мяне адзін звычай, а для іх – другі. І яны забілі мяне, хоць я нікуды не лез і ведаў, што мы людзі маленькія і павінны араць зямлю, і ў нас дзеці... Дык вось, калі памру – забі.
Читать дальше