– Вось чаму, – сказаў Стафан, убачыўшы дзесятак верхавых.
На свежых, амаль не змораных конях коннікі глыталі дарогу ўдвая хутчэй, чым папярэднія, і хутка вылецелі на шлях. Сталі, азіраючыся.
Абліччы былі завешаны белым.
– Гэй! – сказаў адзін. – Не бачылі людзей?
Стафан глядзеў на яго і думаў, казаць ці не. Бадай, не варта было хлусіць: невядома ж, што то былі за людзі, дый звязвацца з гэтымі страшна. Але завешаных было многа, а звычай казаў: бачыш, што шмат людзей гоняцца за адным – не памагай. Ён вагаўся.
– Бачылі, – сказаў Стафан.
Лапата аж сціснуўся. Коннікі пад’ехалі бліжэй. Вочы змрочна блішчалі пад павязкамі.
– Куды памчалі? – спытаў коннік у сінім.
– Два? – спытаў Стафан, марудзячы.
– Але.
– Конна?
– Я вось табе як жыгну, – сказаў другі, з шалёнымі вачыма, уздымаючы карбач.
– Чакай, – сказаў сіні.
– Гэна... як яно... – сказаў Стафан. –Коннікі, значыць, два?
– От варона, – засмяяўся сіні.
– Два коннікі прабягалі вярхом, – сказаў Стафан. – Унечкі туды... Ды не, не туды, а унь туды, бачыце дзе мокры лес.
– А не туды? – шалёны паказаў карбачом на схіл з мядзянымі соснамі.
– Кінь, – сказаў сіні. – Што ім на схіле? Правільна кажа мужык. Там мокры лес, там, відаць, яр.
Яны рванулі ў правы бок, але амаль адразу трапілі ў балаціну і сталі яе аб’язджаць.
– Ты бачыў? – спытаў Лапата.
– Нічога я не бачыў, не бачу і не буду бачыць, – злосна сказаў Стафан.
Шырокае аблічча Юлляна было бледнае. Ён махнуў рукой:
– Гані.
У гэты момант з пушчы, якраз між сухой хвояй і тым схілам, дзе зніклі Корчак з сябрам, вылецеў коннік. Намётам пагнаў да пагоні, махнуў рукою ў бок мядзянага бору.
І Стафан здзівіўся, такое незнаёмае аблічча стала ў Лапаты. Шчокі абцягнуліся, рот нібы праваліўся, моцныя сківіцы дрыжалі.
Маленькі атрад, відаць, спрачаўся. Людзі махалі карбачамі ў розныя бакі.
– Дарма! – тонка крычаў той, што пад’ехаў. – Кажу, часовыя кладкі цераз яр за сабою пабурылі. Скулля вам цяпер, разявакі!
Кагутоў воз імчаўся, хеўра коннікаў рабілася ўсё меншая і меншая. Лапата пашкадаваў, што з ім няма стрэльбы. Той самай, надзейнай, крамянёвай, якая ляжала ў яго на каленях, калі яны раіліся ў чаўнах, а вакол была повень.
Таму што коннікі пачалі павялічвацца. Вельмі хутка.
На хвіліну Юллян адчуў на каленях знаёмы цяжар, адчуў, як левая рука ляжыць на гранчастым ствале, а правая абмацвае звыклы пудовы прыклад, абплецены ўрэзаным у драўніну і расплясканым – для прыгажосці – медным дротам. Ён сам распляскаў яго малатком калісьці на прыгуменні. Быў, помніцца, ясны травеньскі вечар.
Юллян скалануў галавою. Вельмі шырокі, але прыгожы рот сціснуўся. Чаго было шкадаваць, калі стрэльбы няма.
Коннікі дагналі воз.
– Ты што ж гэта, хлоп? – люта спытаў шалёны.
Той, што прыскакаў пазней, спыніў Стафанавых коней, некалькі чалавек саскочылі на зямлю і выцягнулі Стафана з воза.
– Нашто казаў? – спытаў сіні.
– Закон, пане, – проста сказаў Стафан.
– А я вось табе пакажу закон... Законнікі... Праўды пільна захацелася.
Стафана пачалі збіваць. Спачатку кулакамі і карбачамі. Потым, зваліўшы, ботамі. Пыл стаяў над дарогай. Хэкалі, таўклі, цалялі выспяткамі ў галаву, якую Стафан закрыў рукамі, у грудзі, у жывот, да якога ён падцягваў і не мог падцягнуць калені.
Стафан не крычаў. Рахманы твар, калі ўдарам перакідвалі з боку на спіну, глядзеў праз струмені крыві непаразумелымі, але годнымі вачыма.
Моцныя сківіцы Юлляна хадзілі. Ён спачатку думаў, што абыдзецца двума-трыма штурхялямі, але хвіліны ішлі, і ён раптам зразумеў, што Стафана забіваюць.
– Давай, хлопцы, давай, – крычаў шалёны. – Яшчэ пакуль “гуп”. Канчай, калі “чвяк” будзе!
Юлляна трымалі два чалавекі. Ён пачаў круціцца на возе.
– Як б’яце? – крычаў шалёны. –Ану на аглабіцу яго, ды па нырках яго... Па нырках.
Два завешаныя ўскінулі Стафана на аглабіцу воза.
Шалёныя вочы паўзверх павязкі глядзелі весела. Шалёны ўскінуў шаблю разам з похвамі і – плазам –
ударыў... Юллян вырваўся. Навярнуў аднаму пад ніжнюю сківіцу, і той як юкнуў з воза. Спалоханыя коні рванулі, і задняе кола з храбусценнем пераехала скінутаму руку. Той заскавытаў, заенчыў. Шалёная радасць заліла сэрца Лапаты. Ён ударыў нагою другога. У пахвіну. Ляснуўся на дарогу і той.
На крык сіні ўскінуў медзведзяватыя вочы. Юллян рыўцом напалову аддзёр з лёстак аглабіцу.
Вочы Юлляна і сіняга сустрэліся. І ў гэты момант ветрык адхіліў з аблічча сіняга муслінавае пакрывала. Юллян на нейкае імгненне ўбачыў жорсткія вусны Тодара Таркайлы і зразумеў: гэта канец.
Читать дальше