Хлапчук чухаў адной босай нагой другую:
– Яна, дзядзька князь, казала, што есці ёй і так хопіць. Грошы, дзякуй богу, ёсць. Яна казала, што паненку кінуць не можа, бо той адной зусім дрэнна будзе. Едзьце вы, казала, калі ласка.
Загорскі зразумеў: пакуль што нічога не зробіш. Пакуль за Міхалінай і ўсімі, хто верны ёй, сочаць – трэба не насцярожваць Яраша і Франса. І ён паехаў да дзеда.
... Дзед, здаецца, ведаў усё і не ўсё з таго, што рабілася, ухваляў. Падумаеш, маўляў, рыцар бедны. Трыстан – трубадур і менестрэль, капуста а ля правансаль. І, нібы жадаючы паказаць Алесю, што ёсць і іншы погляд на рэчы і таму няхай асабліва не ідэалізуе, літаральна дапякаў яго з’едлівымі, несправядлівымі, але з гэтай прычыны яшчэ больш дасціпнымі разважаннямі аб жанчынах, іхніх адносінах да жыцця, мастацтва, мужчын і поспеху ў жыцці. Бачыў, што ўнук нібыта перастае быць мужчынам, і таму свядома прышчапляў атруту.
“Рыцар бедны” і злаваўся і адчуваў, што яго лечаць, і не мог не рагатаць, з такой смешнай злосцю і так падобна на праўду гэта гаварылася...
Ён не ведаў, што дзед ніколі не дазволіў бы сабе гаварыць так, каб яму не верылі. Асабліва ў такой вялікай справе, як надаванне гарту душы ўнука.
І Алесь сапраўды адчуваў, што яму лягчэй.
Яны гулялі над возерам. Дзед ішоў надзіва вальяжны і прыгожы, хіба што толькі трохі больш павольна, чым дзевяць год назад. Гумарыстычныя зморшчынкі ляжалі ля цвёрдых вуснаў старога вальтэр’янца.
– Ты думаў над тым, чаму яны так любяць займацца мастацтвам? Таму, што ў глыбіні душы пякуча адчуваюць сваю абдзеленасць у гэтым сэнсе. Разумеюць, што тут нічога не зробіш, але хочуць пераканаць мужчын, што гэта не так.
– Супярэчыце сабе, дзеду. Адкуль жа ў іх тады думкі?
– Вельмі проста. Ад першага мужчыны, які вучыў іх мастацтву. Ну і трохі, наколькі дазваляў мозг, развінутыя і дэфармаваныя. Так усё жыццё і таўчэ. У жыцці ёй станоўчая маральнасць чужая. Ведае яна толькі адмоўную – сорам. Ну, а ў мастацтве ў яе і адмоўнай няма.
Алесь успомніў Гелену.
– Гэта няпраўда, дзеду... Я кажу пра жыццё.
– Яны, браце, неэстэтычны пол. Грэкі былі несамыя вялікія дурні, калі не пускалі іх у тэатр.–Усміхнуўся: – Прынамсі, можна было хаця нешта чуць.
– Нават калі так – яны бласлаўляюць нас на подзвігі. Уся паэзія – ад кахання.
– Скажы: уся пагібель паэзіі ад кахання. Мільтан правільна сказаў сваёй жонцы: “Любая мая, табе і іншым – вам хочацца ездзіць у карэтах, а я жадаю аставацца сумленным чалавекам”. На жаль, пераважная большасць людзей аддае перавагу карэтам перад перакананнямі. А жанчына – яна заўсёды скажа: “Праменні – гэта галоўнае ў сонцы”; рэдка скажа: “Сонца кідае свае праменні” (гэта толькі адна Яраслаўна дадумалася, дый то са слоў паэта), і ніколі не скажа, як Дантэ: “Змоўк сонечны прамень...” Э, браце, нават лепшыя ў іх – дзяцінныя і каротказорыя.
І спытаў раптам:
–Ты чытаў добрых паэтаў-жанчын?
– Сафо.
– То я і заўважаю, што ёй усё жыццё была ў цяжар яе жаноцкасць.
– Але ж паэтэса.
– Гэта яе такой Фет у перакладах зрабіў, – без вагання сказаў дзед.
– Дык, можа, яшчэ з’явіцца.
– За тры тысячы год не з’явіліся, а тут з’явяцца. Натура не робіць скачкоў.
Немагчыма было з ім спрачацца, заўсёды ён меў рацыю.
– Ты, дзеду, зусім як магілёўскі Чурыла-Барановіч, – не вельмі выхавана сказаў раззлаваны Алесь. –
Магілёўскі Дыяген. З усяго здзекуецца, кпіць ды смяецца.
Дзед зрабіў выгляд, што не чуў:
– Хто такі?
– Я ж кажу: губернскі Дыяген. З дзівацтвамі. У доме вар’ятаў быў.
– Добрыя дзівацтвы, – сказаў дзед. – За іх і ўзялі?
– Не, сапраўды. Ідзе вуліцай і рагоча.
– Ну-у, каб гэта ўсіх браць, хто ў нас у краіне на вуліцах рагоча...
Алесь толькі рукамі развёў. А дзед ужо казаў далей:
– Ты не прымай усяго блізка да сэрца... Быў такі ў дванаццатым стагоддзі разумны-разумны папа Інакенці трэці. Напісаў ён трактат: “Аб пагардзе да свету”. Трэба табе пачытаць ды над сім-тым задумацца... Урэшце, нашто чытаць? Вось паслухай, што ён аб жыцці кажа... Ра-азумны быў! “Чалавек створан на няшчасце, не з агню, падобна як свяцілы нябесныя, не з вады, як расліны, а з аднаго рэчыва з жывёламі, таму і церпіць роўную з імі долю. Крыніца зла – ягонае цела, што заняволіла сабою дух і стала для яго турмою. Добрыя пакутуюць не менш за злых, – “калі не больш”, – дадаў дзед. – Жыццё ёсць барацьба. Чалавек вядзе яе з падобнымі сабе, з натураю, са сваім целам і з д’яблам. Не мінае дня, каб да асалоды не прымешваліся гнеў, зайздрасць, страх або нянавісць. Жыццё не што іншае, як жывая смерць, таму што мы паміраем, пакуль жывём, і лепей памерці зажыва, чым жыць мёртвым”. – Падумаў-падумаў: – Зрэшты... дурань ён быў, гэты папа. За што і абралі.
Читать дальше