На вачах складалася арганізацыя, якая сваёй падступнасцю за нейкія тры гады запаскудзіла ўсю гісторыю Прыдняпроўя і нават потым мела два кароткія рэцыдывы: пасля забойства Аляксандра і ў 1904 годзе. Складалася самая абрыдлівая за ўсю гісторыю Беларусі грамада, якая каштавала жыцця ледзь не дзвюм сотням чалавек.
Складалася “Ку-гá”, прыдняпроўская мафія.
“Ку-га” існавала вельмі нядоўга і паспела забраць параўнаўча мала ахвяр толькі дзякуючы агідзе мясцовых жыхароў да забойства ў спіну.
Начальства заплюшчвала вочы і на дзейнасць грамады, і на яе знішчэнне. А вынішчалі грунтоўна, не падкапаешся. І той, хто пацікавіцца гэтым пытаннем, павінен будзе толькі прагледзець статыстычныя лічбы. За два гады на тэрыторыі Магілёўшчыны загінула “ад ваўкоў” больш людзей, чым за мінулыя трыста год. Прычым чамусьці сярод тых, што загінулі, не было сялян, а ўсё больш шляхта (да сотні душ), гаспадары дзвюх-трох будаў ці гут і іншыя такія самыя людзі. Якой мераю дасі, такой і аддадуць. Супраць “Ку-гі” выступілі “воўчыя братэрствы”, аб якіх даволі многа і даволі негрунтоўна пісаў Доўнар-Запольскі.
...Сабіна Марыч не звяртала ўвагі на гэта. Яна шукала Алеся. А скончылася ўсё нечакана проста, і тон іхняй апошняй размовы не пакідаў ніякіх надзей на тое, што для Сабіны можа нешта змяніццца ў лепшы бок.
Яны сустрэліся і шмат гаварылі, і яна сказала яму, што свет робіцца лепшы, калі ў ім сустракаеш такіх людзей, як ён. І тады Алесь, нібы раптам зрабіўшыся відушчым, сказаў:
– Не трэба гэтага, Сабіна. Для вас я сусед і друг, як Раткевіч, як іншыя добрыя людзі. Зробіцца дрэнна – паможам. Ваш вораг – наш вораг. Ваш сябра – наш сябра. Вось і ўсё.
Яна бласлаўляла бога, што не паспела далёка зайсці, што не дайшла да апошняга прыніжэння.
– Я гэта і мела на ўвазе, князь. Я стаўлюся да вас, як да пана Юлляна.
– Вось і добра.
– І мне хацелася б ніколі зрабіцца для вас тым, што Хаданскія і Раўбічы.
Ён разумеў, што гэта ўдар, магчыма, нават лёгкая пагроза. Алесь ведаў – яна не паспела далёка зайсці, і радаваўся, што адсек адным ударам усе размовы. Але ён таксама ведаў, што ў думках яна зайшла далёка і цяпер нізавошта гэтага яму не даруе.
– Так, – сказаў ён. – Гэта сапраўды было б непрыемна. Асабліва для мяне.
Яна здагадвалася і раней, чаму яму непрыемна варожасць з Раўбічамі, а цяпер даведалася пра ўсё.
Святло пацьмянела.
Ёй нельга было жыць без яго. Раней – і ў марах – як без каханага. Цяпер – як без недасяжнай і адзіна патрэбнай істоты. У недалёкім будучым – як без ворага.
Міхаліна праз няньку Тэклю паведаміла Алесю, што яна зноў, трэці раз за гэтыя месяцы, выбіраючы час найлепшага яго настрою, зрабіла спробу пагаварыць з бацькам аб варожасці да Загорскіх.
Яна пісала, што гэта цяпер было больш чым цяжка. Наваколле не ведала, чаму пасля нападу Корчака на маёнтак Раўбіч асабліва змяніў свае адносіны да маладога князя. Алесь нікому нічога не расказваў. Раўбіч таксама маўчаў. Ведалі, што Алесь з табуном прыскакаў яму на дапамогу, а наконт далейшага хадзілі розныя чуткі. То казалі, што Загорскі спазніўся і бандыты ўжо зніклі, падпаліўшы дворныя пабудовы і не забіўшы пана, бо не хацелі залішніх ахвяр і вялікай аблавы. То гаварылі аб тым, што Загорскі ледзь не сапсаваў справы, яшчэ здалёк распачаўшы страляніну, бо трохі баяўся, што было цалкам натуральна. Гаварылі і аб нейкай вялізнай страшнай спрэчцы (выводзілі яе лагічнымі збудаваннямі), у якой нібыта абодва бакі асыпалі адзін аднаго ўзаемнымі абразамі. А хто казаў, што Алесь наогул не даехаў. Але ніхто нічога не ведаў.
Майка паведаміла, што паспрабавала растлумачыць бацьку ўсё.
Размовы, аднак, не атрымалася. Пан Яраш, каторы ўжо раз, спыніў яе і заявіў, што, калі яна кіне яшчэ хоць слова пра Загорскіх, ён – хоць ніколі не сказаў ёй нават грубага слова – ні з чым не палічыцца і завязе яе ў манастыр, да цёткі-ігуменні, на дадатковае выхаванне. Гады на чатыры.
Алесь, дачуўшыся аб гэтым, паскакаў да Раўбічаў і дзень гойсаў па гаях вакол маёнтка, пакуль Тэклін пляменнік не адшукаў яго там і не папярэдзіў, што з’яўляцца тут небяспечна, бо пан Яраш перахапіў запіску паненкі Міхаліны, падазрае, што перадавала іх Тэкля.
І Тэкля просіць, каб паніч не з’яўляўся, бо яго могуць падпільнаваць, бо Міхаліна амаль у турме, і Алесь можа толькі папсаваць усё і паненцы і ёй, Тэклі. І яна, Тэкля, абяцае: калі гнеў пана пройдзе – паведаміць Алесю.
Загорскі задыхаўся.
– Хлопчык, мілы, скажы ёй: калі ёй дадуць вольную – я яе да сябе вазьму. Хай перадасць адно слова – дзе можна сустрэцца.
Читать дальше