— Ды што?! — не знайшлася шляхцянка. — Біце яе! За распусту бязбожную! На Евангеллі ў чысціні паклянуся!
Яны ўчапіліся адна ў адну. Магдаліна першым чынам збіла з галавы Ганорыі вянок. Абедзве валтузіліся. І тут нейкі клірык, з жоўтым, як чэрап, тварам і чорнымі вачыма, сказаў:
— Стой! Ну! Вы што, ля студні? А між тым яна ж царкву абразіла! Абразіла! Слова, якім касцёл заступіўся за цноту гэтай дзяўчыны. Чаму? Ачараваўшы ваяводскага сынка, жадала на іншых свае правіны скінуць. Між тым гэта адна з самых страшных кабет Гародні.
Магдаліна магла яшчэ выцягнуь знак, ладанку, дадзеную Лотрам. Але пры ўсіх гэтага нельга было рабіць. Смерць без суда. Чаму яна загадзя не паказала яе дамініканцам?
Яна зразумела, што гэта ўсё. Цяпер нішто не ўратуе. Пасля, на трупе, знойдуць той знак; клірыка за выкрыванне і забойства асабліва даверанай асобы, той, што можа загадваць ад імя царквы ўсім, аддадуць службе і знішчаць. Ці лягчэй ёй будзе ад гэтага? Яна склала рукі і адступіла.
— Распусніца! — узвыў народ.
— Бі яе!
— Дзеўкі, у камяні!!!
Камень ударыў Магдаліну вышэй скроні.
…І тут, пачуўшы гвалт, Раввуні штурнуў Хрыста.
— Глядзі!
— Што такое?
— Магдаліну, здаецца, б'юць, — прабасіў Тумаш.
Збялелы Юрась кінуўся да натоўпу. А гурма ўжо лезла наперад, ціскалася, выла. Лезлі ледзь не па галовах, каб дабрацца наперад, вішчалі. Недзе дурным голасам екатала апантаная бесам. Юрась штурхаў баб, адцягваў за валасы клікуш — і амаль дарэмна.
Але Тумаш добра разумеў, што такое азвярэлы натоўп, а асабліва жаночы. Ён выдзер аднекуль кол і арудаваў ім. Тут было не да ягонага «рыцарства да дамаў». Кол, прынамсі, цверазіў, прымушаў хапацца за выцятае і менш думаць аб ахвяры, а больш аб тым, як знікнуць.
Камяні ляцелі ўжо градам. Але ў клікуш было крывава ў вачах ад ярасці, і яны кідалі свае снарады абы-як. Магдаліна бачыла белыя вочы, разверстыя раты, чырвоныя твары.
Яшчэ адзін камень ударыў яе ў грудзі. Пасля трэці — па галаве… Павісла рука. Зямля пад яе нагамі штохвілінна гусцей пакрывалася плямамі. Яна заплюшчыла вочы, убачыўшы, як здаравенны манах узнёс доўбню. І тут нехта прыціснуўся да яе грудзей спіною, закрыў.
…Юрась перахапіў доўбню, з сілаю, выкручваючы ворагу рукі, выдраў яе і шпурнуў пад ногі наступаючым. Там заенчылі.
— Ці-ха! — выгляд Хрыстоў быў страшны. — Кідай камяні! Нашто б'яце?!
— Не б'ём! — вішчаў народ. — Забіваем яе!
— Маў-чы-це! Маўчаць! Змоўч, ізуверкі!
Ён бачыў, што яго несамавіты крык прыцягнуў увагу мужыкоў з кірмашнага натоўпу і, значыцца, бабу, магчыма, можна будзе ўратаваць.
Было не да тонкасцей. Ён узяў Ганорыю загрудкі і адвесіў ёй страшэннага ляпаса.
Тумаш зрабіў тое самае з «мёртвай галавою» — аж ляснулі зубы.
— Адступі!
Фанатычкі замерлі.
— Імем Бога б'еце, а ў душы што? Зайздрасць?! Або свае грахі на іншых спіхваеце?! «Трымай злодзея»?! Ты, дзеўка, хіба сапраўды не кірмашны шлях?! А ты, чэрап, за што ёй цноту засведчыў?! А ў цябе хіба не бранзалет на назе?! А хто тут з вас па закутках не швэндаўся, мужу галаву не прыўкрашаў?!
Гіпнатычны погляд ненатуральна вялікіх страшных вачэй абводзіў гурму:
— Вось зараз вянкі ды наміткі ў любадзеек у неба палятуць. Каб з простай галавой хадзілі, як шлюхі!
Многія схапіліся за галовы. Ціхі смех прагучаў сярод мужыкоў.
— Пісанне чытаеце?! А там што сказана? Хто без граху — першы кінь у яе камень… Хто кіне?… Ты?… Ты?…
Камні пачалі падаць з рук. Ляскалі па каменных плітах часцей і часцей.
— А цяпер пакажыце ж і вы сваю ўладу, мужыкі! Бярыце іх, хто за што здолее, ды ганіце дадому, а каго — у касцёл, бо там іхні дом, і спяць яны, відаць па іх, са статуямі. Гэх, дурніцы! Не з вашай галавою ў словах папоўскіх разбірацца. З вашай галавою — у гароху толькі сядзець!
Мужыкі патроху пачалі разганяць гурму. Дзе віцамі, а дзе і хапаючы. Віск, гвалт, тупат. Некаторых — па ўсім відаць, тых, што схапіліся за голавы — мужы вялі за касу і штурхаючы пад бакі. Чакала іх горкая чаша.
Хутка вуліца апусцела.
— Устань, жанчына, — сказаў Юрась, бо Магдаліна ад слабасці ўпала на калені. — Ніхто не кране. Хадзем у гасцёўню.
Са скроняй, па якой сплывалі кроплі крыві, з апушчанымі рукамі (у адной з іх была клетка), яна пайшла за ім. Апосталы зноў расселіся на прыступках і сталі сачыць за гаротным Баўтрамеем.
Намачыўшы губку ва ўчарашнім віне, ён абмываў ёй галаву. На акне, у праменнях сонца, вуркаталі галубы.
— Ну, на галаве толькі моцны сіняк… А тут, ля скроні, скуру рассекла. Нічога. Вось і кроў спыняецца. Смолкай залепім — і ўсё…
Читать дальше