І тут да яго зноў падышлі два былыя слепакі. Народ сустрэў іх сяброўскімі крыкамі.
— Ну як, сталі бачыць? — спытаў ён.
— Але, — выскаляўся той, што ўзяў манету.
— То добра, ідзіце з мірам, — дружалюбна сказаў Хрыстос.
— Мір не танна дастаецца, — шапнуў мазурык. — Давай яшчэ тры залатыя.
Яны шапталіся з ласкавымі ўсмешкамі на вуснах. Народ з замілаваннем глядзеў на гэтую сцэну.
— Няма ў мяне больш. Слова. Пасля, можа…
— Крыкнем, — сказаў сляпы.
— А я вось зараз таксама крыкну, — сказаў Пятро, — што вы за вылячэнне яшчэ і грошай просіце. Тады вам жыва вочы выб'юць, а другога Хрыста — дай вам Бог, галубочкі, дажыць да яго з'яўлення.
Братчык з кранаючай пяшчотай абняў іх:
— Ідзіце да д'ябла, улюбёныя браты мае. Пакуль не пасыпаліся зоркі з вачэй вашых. Не хацелі па-добраму пачакаць. Страшыце? Копну вам у зад.
У натоўпе ўзніклі ўздыхі замілавання. Братчык падвёў «братоў» да прыступак паперці і непрыкметна даў ім моцнага выспятка ў азадак. Тыя з каметнай хуткасцю паляцелі праз натоўп.
— Бач, пабеглі як, — пракаменціравала баба. — З радасці, мілая!
— З радасці пабяжы-ыш.
…Магдаліна ішла, і трывога яе рабілася нясцерпная. Што ж, урэшце, здарылася? Яна раптам адчула самоту і жах. Ёй хацелася хутчэй дабрацца да тых, каго яна гадзіну назад ледзь не аддала ў рукі святой службы. З імі не так небяспечна, яны нешта прыдумаюць.
Гатычныя, папярочна-смугастыя дамы навісалі над ёю, здаецца, сачылі вострымі маленькімі акенцамі, прыціхлі. Яна фізічна адчувала, што за кожным рогам яе чакае небяспека.
Урэшце ў самым канцы вулачкі яна ўбачыла на прыступках храма Хрыста з хаўруснікамі, адчула гэта з раптоўнай радасцю і… стала.
Паміж ёю і Хрыстом стаяў і глядзеў на яе невялічкі, пераважна жаночы, натоўп. Былі тут касцельныя жоўтыя дэвоткі і чырвоныя маладзіцы з тупымі і злоснымі вачыма, былі вечныя «дзяўчаты» з вуліцы святой Цэцыліі, што глядзелі прагна, з адчуваннем сваёй бяспекі, было некалькі пажылых мужыкоў у пераломным узросце і манахаў з блудлівымі зрэнкамі. Было нават некалькі няпростых кабет у багатых сукнях.
Яе вочы з дзіўнай рэзкасцю бачылі ўсё гэта.
А наперадзе стаяла мажная кабета ў дзявочым шлягавым вянку. Расставіла ногі, склала на грудзях пачварнай магутнасці рукі. Грыбасты рот усміхаўся.
«Ганорыя з Валевічаў, — зразумела яна. — Усё. Адкрыў ёй стары хрэн ваявода».
Яна аглядала агульную і Ратмаву нявесту і міжволі іранічна думала: «Бедны Ратмір. Ну, гэтая яго навучыць».
— Вядзьмарка! — кінула Ганорыя ціхім голасам. — Абпаіла д'яблавым зеллем. Спакушальніца…
Магдаліна рушыла наперад, гледзячы ёй у вочы. Тая сумелася, і таму, здаецца, нахабства яе яшчэ ўзрасло.
— Ну, — сказала Магдаліна, — ачысці дарогу.
Натоўп па-ханжаску маўчаў. Баяўся смелых вачэй.
— Распусніца, — хавала вочы Ганорыя. — Самадайка. Вядзьмарка. Тварына. Жаніхоў чужых зводзіць?…
— Ты ўжо хто? — з усмешкай сказала «лілея». — Дарога кірмашная.
Яна адставіла клетку, каб часам не растапталі.
— Прыходзяць тут гнілыя… Хамка… На дваран замахваешся? Не па чыне.
— Адыдзі.
Голас быў такі ўладны, што нахабная бабішча адступіла была, з уласцівай усім такім подлай баязлівасцю, але вакол зашапталі:
— Не пускай… Не пускай.
Магдаліна зразумела: прайсці не выйдзе. Цяпер трэба было ўчыніць вялізную сварку — можа, пачуюць свае і вызваляць, пакуль не пабілі.
— Чарадзейка… Атрутніца… Вочы выдзеру, шлюха ты, — кідала Ганорыя.
— Маўчы, грамадская студня… Зажыва гніеш, а на маладога рыцара брудным вокам кідаеш… З турэмшчыкамі табе спаць, з пракажонымі, з катамі! І ён яшчэ з табою пойдзе, святы хлопец? А дулю.
— З табою хіба, з шалавай? — спытала гаспадыня Валевічаў.
— А і са мною. Арол такой гусі бруднахвостай не пара.
— А ты хто, хлопка?
— Ды ўжо ж не ты. Да чыйго дома ў горадзе самы біты шлях? — яна выдумвала, але ведала: з гэтай усё будзе — праўда. — Ці ёсць у Наваградку такі хаўрус, які б цябе «нашымі жорначкамі» не называў? Ды ў яго, калі ён дурань будзе, шыя зломіцца ад тых падарункаў, што ты яму да шлюбу назапасіла!
— Дрэнь! Чарнакніжніца! Ерэтычка!
— Ад каго браты зажыва засмярдзелі ды Божага царства пайшлі шукаць?! Хто ва ўласнай маткі ў дванаццаць год законнае права жонкі адабраў?
Удар нечакана трапіў у цэль. Ганорыя задыхнулася.
— У студні закінутай у яе пашукайце, — цадзіла Магдаліна (яна добра ведала норавы жанчын такога тыпу). — Бачыце, айцы святыя непарочнай яе агаласілі. За колькі? Ці мо натурай заплаціла? Можна і гэтак. Тыя казлы згодзяцца. Дзявочы вянок беднаму добраму Ратму. Ды табе б ганебны каўпак, ды прыпол абрэзаць, ды — віцамі! А лепей крыж забараніць насіць, ды радзюгу нашыць на плашч, лапічак, ды бранзалет на нагу [97] Сярэдневяковыя адзнакі дзяўчат пэўнай прафесіі, спайманых на рабунку гасцей, дужа ўжо нізкапробнай распусце, брудзе або хваробе.
.
Читать дальше