— Якога Хрыста, бервяно ты?!
— Палотны свяці-ілі. Кла-а-ала ў скрыню, — морда ў каменнай бабы была чырвоная, а не плыло хіба толькі з вушэй. — Ад каторага палатна скрыня, а ад скрыні до-ом, заняўшыся, згарэў… Праклялі-і… Нібы жакгва з агнём той праклё-он! У-ы-ы-ы!
Муж пачынаў нешта разумець.
— Казалі, за яе дабрыню да іх, ды-ды-ды Хадосо-оўцаў! А тут зарана па каровы пайшла, ды абачыла дом спалены.
— Дык чаго ж ты, халера табе ў жывот, па каровы зарана пайшла?
— Хры-хрыста хацела вы-жыць.
— Дурніца! Калода! — у гневе кінуў ёй. — Для Бога… Шалберы якіясь, зладзеі, а не Хрыстос быў. — І ў гневе, разумеючы, што ўсё адно дом згарэў і зараз нікуды не паткнешся, аперазаў жонку нагаем. — Каб ты спрахла, у Бога… душу… свяціцеля… — І звярнуўся да пляменніка: — Бяжы, кліч суседзяў. Чорта дагонім, то хаця нап'емся, хаця пысу, рыла гэтае свіное ноч бачыць не буду.
Пляменнік кінуўся на суседні двор. Потым здалёк пралунала:
— Суседзі! Су-се-едзі!
Праз нейкую гадзіну кавалькада коннікаў у сорак, на чале з разгневаным мужам, памчалася ў ноч.
У карчме было цемнавата і дымна. Сталы — векаўшчына — застаўлены ежай і пітвом. Лавы ля сценак. Сценкі на адным узроўні выцертыя спінамі да бляску.
Хаўрус прыйшоў позна. Усе бакоўкі, усе стайні і пуні былі ўжо занятыя. Давялося начаваць у агульным пакоі, галавою на краі стала. На апошні Іудзін залаты засмажылі трох бараноў, папрасілі цыбулі, часнаку і рэпы, чорнага хлеба, двух куранят для Магдаліны, трохі віна і тры «буслы» гарэлкі і мёду. Астатняе карчмар ім зараз жа не аддаў.
— І што паны будуць есці недзе ў нейкага там наваградскага Шабса? Гэта ж, дальбо, і не іудзей. Гэта ж чорт ведае што такое! Беланогая падла, і носіцца са сваім… як… Ну, я не буду лаяцца. Але ж у яго не куры, а ціхія па старасці нябожчыкі. І хіба ў яго гарэлка? Божа мой! Ваш Люцыпар мыў ногі — то і тое вада крапчэйшая была. А заўтра паны будуць мець амаль тое, што і сёння, і за тыя самыя грошы. А я вам яшчэ сена на падлогу…
Пасмяяліся дый згадзіліся. Куды спяшацца?
І вось сядзелі і елі. Якуб адзін даядаў палову барана. Астатнія наеліся ўжо, глядзелі на людзей.
Палаў вялізны камін. Круціліся ў ім на пожагу, шыпелі ў агні кроплямі тлушчу куры. Карчмар стаяў за загародкай у атачэнні куфляў, мерак, бочак; наліваў, мераў, кідаў на гліняныя місы. Прытрымліваючы хусткай, адразаў ад вісячай шынкі. Любата было глядзець — здаецца, удзесяцёх не ўправіўся б за аднаго.
Людзей было ўжо не так і многа. Позна было.
Ян, прыадкрыўшы па-юродску рот, разглядаў на паліцах, што цягнуліся па ўсіх сценках, для прыгажосці пастаўленыя алавяныя і гліняныя распісаныя місы. Іуда пісаў нешта на краёчку стала.
— Ты… гэна… што гэта? — спытаў Піліп.
— А евангелле пра нас… Трэба ж камусьці.
— Добра табе, пісьменны.
Усім было добра. У галаве прыемны туман. Шум. Сядзіць са шлюхай манах-дамініканец. Смяюцца чагосьці. А унь у куце п'е кампанія шляхціцаў. Адзін ужо ляжыць галавою ў місе… Самы сярод іх паджылы, з пасечаным тварам і пачварнымі сівымі вусамі, бурчыць:
— Не, не тое ўжо, што было. Чорт яго ведае, куды коціцца свет! А бывала… Ой, бывала!.. Бывала, ежа была лёгкая. Паеў — праз гадзіну зноў есці хочацца… А жанчыны якія былі! Дваццаць узапар цалаваў бы. А цяпер? І на адну не глядзеў бы… Вы ўсе тут шчанюкі. Бывала, віно, дык гэта віно — усе б, як вось ён, ляжалі б… І вечная слава ў людзей цягну-у-лася, цягнулася. А сёння — то-олькі аб'явілі вечную славу — бац, памёр; бац, заўтра ніхто ні храна яго не помніць.
Паступова, аднак, карчма пусцела, і яны засталіся адны. Нават карчмар пайшоў да сябе. Сёй-той ужо драмаў, паклаўшы галаву на стол, або на падлозе, на сене. Не спаў з Хрыстом Пятро. Было душна, і Юрась адчыніў акно. І вось тады, адчыніўшы, яшчэ далёка пачуў ён у перадранішняй цішыні, прыглушаны адлегласцю, тупат шматлікіх капытоў.
— Здаецца, дасціглі, — сказаў ён. — Ну вось, маеш, Пятро.
З'явіліся агні паходняў.
— Хлопцы, пагоня!!! — крыкнуў Хрыстос.
Усе замітусіліся па карчме. Толькі адзін Іуда, здаецца, нікуды не спяшаўся. Некаторыя скочылі за дзверы. Андрэй пачаў ліхаманкава ціснуцца ў падпечча.
…Іліяш, выскачыўшы, пабег гародам, капуснымі градкамі, блытаючыся ў гарбузінні, якое, здаецца, лавіла яго за ногі.
…Хрыстос уздзеў рукі:
— Петрэ-Петрэ, набліжаецца ўжо да мяне келіх мой. Маем праз цябе ўзяці. — І раптам выставіў акно, скеміў: — Хіба што пакуту акном адсюль вымкнуць?
Пятро кінуўся за Братчыкам, які ўжо ціскаўся ў акно:
Читать дальше