— Пага-аненькая, — яна падала гнуткі сувой.
— То мы з сабою возьмем, — Якуб усміхнуўся. — А Хрыстос цябе будзе бласлаўляць, абы табе кудзелю хутка прала.
— Кажы другое палатно, утканае, калі маеш, — падступныя Пятровы вочы нібы чаравалі. — А мы табе будзем пасвячаць.
— Людзі мруць, — ціха сказаў Юрасю Раввуні. — А гэтая… Во каб пярун яе спаліў.
Баба з сумненнем падала Пятру таўсценную штуку палатна. Пётр узвёў вочы і зашаптаў нешта сам сабе. Ніхто не заўважыў, як ён непрыкметна выбіў у сярэдзіну сувоя жарынку са сваёй люлькі:
— На. Будзь блаславёная за дабрыню да нас.
— І да суседзяў, — з іроніяй дадаў Раввуні.
О, каб ён ведаў, што словы тыя трэба казаць не з іроніяй, а з пагрозай!
…Баба паклала палатно ў скрыню і зноў пачала ласкава насоўвацца на іх грудзьмі.
— Прабач, Пане Божа. Прабачце, Божыя госцейкі. Я ўжо і затрымаць вас не магу.
Яна выціснула іх у сенцы, а пасля на двор.
— Ані на хвіліначку не магу. Па кароўкі ў чараду бегчы трэба… Хаця якія ўжо там кароўкі. Два дзесяць нейкія разоў па сем. Вы ўжо як калі-небудзь яшчэ пойдзеце, можа, то заходзьце, заходзьце.
І хаця ўсе — і яна сама — разумелі, што па каровы ісці рана, усе зрабілі выгляд, што так і трэба.
— Мужык калі вернецца? — падступна ўсміхнуўся Пятро.
— Заўтра, любенькія, заўтра.
— То перадавай яму прывітанне ад Хрыста з апосталамі, — усміхнуўся Пятро. — Яшчэ раз будзь блаславёная за дабрыню.
Ён ведаў такіх людзей.
Яны рушылі сваёй дарогай, а баба пабегла сваёй.
І калі яны адышлі ўжо вельмі далёка, Лявон — Пятро раптам зарагатаў. Усе пачалі распытваць, і тады ён расказаў ім усё. Хрыстос аж збялеў.
— Вернемся.
— Позна. Цяпер, пэўна, яна з лазінай да чарады ідзе, а са скрыні з усіх шчылін дым валіць. Пакуль дойдзем… Пакуль тое… А ты што, Езус? Пагоні баішся? Мужык заўтра вернецца.
— Можа, яна гэта таму сказала, каб мы вечарам не вярнуліся, — баязліва сказаў Андрэй.
— Глупства! — сказаў Пятро і раптам зноў зарагатаў. — Каб жа яна не была гэткая разумная ды не выжыла нас адразу з хаты. Ну, пачаў бы кубел смылець — пачула б. А то… «кароў-кі». «Хай зды-ха-юць…» Во, цяпер яна, пэўна, да чарады падыходзіць… А дым ужо з акон.
— Вось што, — сказаў Хрыстос. — Праўда, вяртацца позна. То сядай, кабета, на мула і едзь. А мы за табою. І — бегма! Каб усе гэтыя вёскі бокам абысці, за сабою пакінуць. Каб начаваць ва Ўсялюбе, а то і далей. Спаймаюць — галаву адкруцяць. А табе, Пятро, за такія штукі я ў другі раз усе кіі абламаю аб лысую тваю пустую конаўку.
Яны ішлі хутка. Яны амаль беглі за мулам. Але Пятро ўсё адно часам спыняўся і захэкана рагатаў.
— Во, быдла гоніць… Во, дым убачыла…
І праз некаторы час:
— Во, падбегла… Дом гарыць… Бурным, халера на яго, полымем.
І потым:
— Во, пластае!.. Во, раве!
Калі яны такім чынам ужо ўначы дабеглі амаль да Ўсялюба, убачылі агеньчыкі і, знясіленыя, пайшлі трохі цішэй, Раввуні раптам вылаяўся:
— Ну і д'ябал з ёю… Хай уся згарыць…
— Ты што? — здзівіўся Юрась.
— А тое, — з негасімай злосцю сказаў Іуда. — Хай гарыць!
І пасля маўчання дадаў:
— Тыя ў яе таксама, пэўна, прасілі аб літасці. А ўся літасць — кавалак хлеба, каб душу ў целе ўтрымаць, у брудным, у паскудным гэтым свеце.
За іх спінамі было ўжо вельмі многа вёрстаў. Яны дайшлі да Ўсялюба і пераначавалі ў апошняй, на выездзе, глухой карчме.
…А на захадзе сонца набліжаліся да Вераскава два коннікі, адзін з якіх быў муж каменнай бабы, а другі — яго пляменнік.
— Бачыш? — сказаў старэйшы, вытрасаючы з каліты на далонь тры залатыя. — А ты казаў, каб я росту з тых Хадасоў не браў. Захацелі, дык адразу і доўг вясковы заплацілі… А ты: «пашкадава-аць, адкласці бы тро-охі». Вось табе і пашкадаваў бы. Сам бачыў: п'юць ды ядуць. Прыкідваліся ўсё, вядома… Не, праўду вучыць начальства: «Не плоціць мужык падатку — раскладзі яго на прыгуменні ды лупцуй, пакуль не заплоціць. Не бойся — знойдзе».
— Ды я, дзядзька, і сам цяпера бачу, — паныла адказваў грыбасты пляменнік.
— То ж бо, — і шляхцюк засунуў каліту ў запазуху багатай чугі.
— Бацюхны, гэта што ж?! — ахнуў пляменнік.
З павароткі яны ўбачылі зыркае вялізнае полымя, што рвалася ў прыцемак.
Каменная баба сядзела каля дома, які палаў, і выла.
— Гэта ж як, жэно?!
— Хры-Хры-Хрыстос! — смаркалася і рыдала яна.
— Ведаю, што ўсё ад Бога, — нагайка ў мужавых руках уздрыгвала.
— З-ле-е ў дому Хрыста з апо-осталы чэствавала, пра тое ён на наш дом помсту зэсла-аў…
Читать дальше