— Ён беснаваты, — шапянуў вартавы.
— Маеш рацыю, — ціха сказаў Лотр.
Шкаляр пачуў:
— Не, я не беснаваты. Я такі, як усе. І так буду жыць. Патроху цягнуць час. І памру, як ён, не дачакаўшыся. З цяжарам непатрэбных ведаў, па неабходнасці навучаны хлусні. Інтрыгам. Воўк сярод ваўкоў.
— Пане Божа, — схіліўся Лотр, — плюньце вы на гэтыя думкі. Народ ужо ледзь не цэлую варту гарлае і кліча. Пакажыцеся яму. Ён прагне вас бачыць.
Шкалярова аблічча раптам стала адчайна-злым і нібы нават вясёлым.
— А чаго? Хадземце, ваша правялебнасць. Будзем ламаць кумедзь.
— Што вы? Якую кумедзь?
— Ну, звычайную. Зямную. Чаму не ламаць?
Вартавы адышоў, і тады Братчык зашаптаў з вясёлай злосцю:
— Чаму не махлярыць? Чаму не закахацца? Чаму не пусціцца ў распусту, махлярствы? Чаму не скінуць рымскага папу? Усе папы на сваім месцы, а лепшых не відаць.
Лотр усміхнуўся:
— Вы паразумнелі.
— Я даўно разумны. Я — сын бацькоў са знішчанага пачынка, я — шкаляр… Бадзяга… Камедыянт… Правадыр хеўры. Іншага імя ў мяне няма… Ерэтык у катоўні… Хрыстос… Бліскучае ўзыходжанне. Лепей, чым агароднік… Ва ўсякім разе, варта паспрабаваць. Я ж магу ўсё. Нават злачынствы рабіць.
Кардынал з павагаю схіліўся перад ім:
— Ідзіце пакуль адны, пане наш… Я хутка таксама падымуся.
Братчык рушыў на вежу. Кардынал праводзіў яго вачыма і пайшоў шукаць Басяцкага.
Ён стаяў на вежы даволі доўгі ўжо час. І ўвесь гэты час народ крычаў і цягнуў рукі:
— Бо-жа! Бо-жа! Бо-жа!
«Што «Божа»? Ну добра, я ўсё мог бы зрабіць з вамі, я, самазванец і махляр, бадзяга і злодзей. А на што я мог бы паклікаць цябе? Рэзаць іншаверных або іншамысных?… Нічога не скажаш, годная роля. Самазванцу пашанцавала. Нікому яшчэ не шанцавала так. Прынамсі, вельмі цікава. І каб задаволіць тую цікавасць, трэба цягнуць да канца. Што яшчэ застаецца? І, вядома, чыніць зло. Жывы Бог злой грамады не можа не рабіць зла».
Ён працягнуў народу рукі. Проста, каб паглядзець, а што будзе. Якраз у гэты момант над пляцоўкамі з'явілася Лотрава галава, а потым і ўвесь ён.
«Малайчына, — падумаў кардынал. — Хутка звыкае».
І стаў на верхнюю прыступку забрала, побач з Хрыстом.
Народ, убачыўшы рукі, працягнутыя да яго, узвыў. Крык стаў утрапёны. У ім нельга было нават разабраць асобных выгукаў.
Улешчаны выбухам энтузіязму, Лотр, хаця і пагарджаў гэтым быдлам, стаў з мілай усмешкай бласлаўляць натоўп.
— Вось, — шапянуў Юрась, нібы яго маглі пачуць. — Чаму ж не выбраць там любую жанчыну і не прымусіць узняцца сюды? Плакалі б ад захаплення… Чаму б не прымусіць іх скакаць у роў?
Тон ягоны, прызнацца, быў даволі брыдкі, але Лотра задавольваў. І раптам кардынал са здзіўленнем убачыў, як змяніўся твар Хрыста, як здрыгануліся бровы: той заўважыў кагосьці ў натоўпе.
У натоўпе выдзялялася постаць жанчыны на муле. Шкаляр міжвольна кінуў позірк туды і раптам убачыў, амаль ля самай галавы мула, блакітны са срэбрам караблік на дзявочай галаве, касу, чорныя з сінявою вочы, якія глядзелі на яго, Братчыка, з непрытоеным, амаль малітоўным захапленнем, чаканнем, радасцю і надзеяй.
«Божа мой, якая святасць! — падумаў Юрась. — А я…»
— Ты што? — спытаў Лотр. — Сапраўды хочаш прымусіць кагосьці ўзняцца сюды? То пакліч пальцам, і ўсё.
— Змоўч, — праз зубы сказаў шкаляр. — Хто гэта там? Унь там?
Позірк Лотраў упаў на Магдаліну вярхом на муле. І кардынал узрадаваўся. Не таму, што жанчына паспела абрыднуць яму, зусім не, а таму, што ён намацаў урэшце ў гэтага чалавека слабае месца, ніць, за якую яго можна весці куды хочаш.
«Што ж, давядзецца аддаць, — думаў ён. — Шкада, а давядзецца. Дзеля такога чалавека, дзеля галоўнага козыра ў вялікай гульні. За меншыя козыры ў куды меншых справах аддавалі не толькі жанчын, а і сяброў. А тут і сам Бог дазваляе… Глядзі, любенькі, глядзі. Лопай, лопай, раўняй рыла з мяккім месцам».
Уголас ён сказаў назнарок абыякавым голасам:
— Тая? Ды што… Магдаліна… Лілея далін. Не працуе і не прадзе. А і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся, як яна. Хочаш? Вазьмі яе.
І трохі спалохаўся, убачыўшы выскал Хрыстовых зубоў:
— Э-э, кардынал. Не брашы. Па цэламу сабаку ў цябе з рота скача. На гэткую чысціню брэшаш.
Народ, убачыўшы, што Бог нешта гаворыць, закрычаў утрапёна.
— Чуеш? — сказаў Лотр, паказваючы на яго. — Вось трыумф царквы. Жыццё мы табе далі. Жанчыну тую дамо. Служы.
Крык пачаў сціхаць: людзі хацелі паслухаць, пра што гэта гавораць на вежы. А раптам да іх.
Читать дальше