— Нешта такое дзівотнае ты ўкладаеш у вушы нашыя, — ялейна сказаў Басяцкі. — Ні храна не зразумець… Ну?
— Ну, я і пайшоў па зямлі… Без надзеі, але каб ведаць усё і жыць, як усе. Ні мне, ні ім і ні вам анічога не дапаможа. Шчасце не з'явіцца перадчасна. Але застаецца цікаўнасць, дзеля якой мы… ну, як бы гэта вам сказаць… з'яўляемся ў гэты свет, калі… наш Бог вядзе нас у яго.
«Паверылі ўсякаму, нават самаму цёмнаму слову, — падумаў Юстын. — Што за сіла? Іншых ужо катавалі і правяралі б. А тут… Але нічога, вогнішча яму не мінуць».
Маўчанне вісела над галовамі. Усе невыразна адчувалі нейкую няёмкасць.
— Гм, — сказаў Лотр. — Ну, а ты адкуль, іудзей? Ты хто?
Іудзей паспрабаваў выпрастацца, але яму гэта дрэнна ўдалося. Развёў вузкімі далонямі. Насцярожана і сурова глядзеў на людзей за сталом. Пацягнуўся быў пальцам да скроні, але ўраніў руку.
— Ну, што вам казаць? Ну, мяне выгналі-ткі са Слонімскага кагалу. Я Іосія бен Раввуні. І бацька ў мяне быў бен Раввуні. І дзед. Д'ябал… прабачце, лёс прыгнаў прадзеда майго дзеда сюды. Спачатку з Іспаніі пайшлі маўры… Потым яму давялося ўцякаць і з Мальоркі. Каму ахвота быць чуэтам? [62] Чуэты — нашчадкі хрышчоных яўрэяў у Іспаніі.
Потым быў Ціроль і была разня… Потым разня ўжо была паўсюль. І адусюль беглі сюды, бо тут быў прыстанак. Хто ведае, ці доўгі ён будзе?
Дамініканец усміхнуўся. Братчык заўважыў гэта і перавёў позірк з яго на іудзея, незнаёмую аповесць якога ён слухаў з жахам, спагадаю і агідай.
— Я быў у Іспаніі, — сказаў Басяцкі.
Раввуні глядзеў на яго і адчуваў, як жах бяжыць у яго ад лапатак да самага таго месца, дзе, як сцвярджаў папа Сікст, ва ўсіх ягоных супляменнікаў знаходзіцца хвост. Ніхто лепей за Раввуні не ведаў, як мала грунту пад гэтай гіпотэзай. Але неўгрунтаванасць і няслушнасць у гэтым выпадку можна было б пераканаць, толькі ўсё жыццё ходзячы без портак. І не аднаму яму.
А гэтага не дазволіў бы ніводны цывілізаваны ўрад, ніводная рада.
І таму ён халадзеў. Яму не раз ужо даводзілася бачыць такія вочы. Няхай нават не самому. Няхай памяццю прашчура. Вось яны з'явіліся і тут. Наколькі лягчэй было жыць між напалову паганскага народа.
Але ён быў выносны і ўчэпісты, як дзяржы-дрэва на скале. І таму ён не закрычаў, а, упершыню за ўвесь час, усміхнуўся. І тут адкрыліся зубы такой сляпучай белі, што бурмістр Юстын усміхнуўся ў адказ.
— Прыемна чуць, што вы пабывалі ў такім падарожжы, — сказаў езуіту Раввуні. — Колькі вы ехалі адтуль?
— Два месяцы.
— Ну вось. А мне на гэта спатрэбілася амаль два вякі. Можаце-ткі мне паверыць.
— У мяне ў Іспаніі быў адзін друг, — усміхнуўся Басяцкі.
— Толькі адзін? — нечакана для сябе самога спытаў Багдан Роскаш.
— Ён адзін быў варты тысяч, — і мніх зноў усміхнуўся, бо ўспомніў парады гэтага друга наконт народа беларускай зямлі, які ўграз у язычастве, дагэтуль трымае ідалаў і слова і больш, чым у Хрыста, верыць у Маці Божую [63] Культ Маці Божай прывіўся асабліва лёгка, бо яна атаясамлівалася з багіняй плоднасці, «вялікай бабай» Ціоцяй.
(хаця ўсім вядома, што яе адзіная заслуга была нарадзіць Богачалавека), які ўвесь засмечаны ерассю. Успомніў ён і другія парады вялікага друга. Наконт гэтых , якім па недахопу рэўнасці Божай і дбання аб ягонай велічы далі тут прытулак. Успомніў ён і парады аб ведзьмах і ведзьмарах.
І таму, што ўсяму гэтаму заставалася жыць нядоўга, і таму, што вось гэтых ужо заўтра ўзвядуць на вогнішча, каплану стала лягчэй, і ён усміхнуўся яшчэ. На гэты раз іудзею, Роскашу і Юрасю.
— Гэты друг казаў мне, што калі ерэтыкі, накшталт гэтага шкаляра, пусцілі такіх, як ты, сюды — над галовамі прыхадняў віліся совы.
Раввуні таксама разумеў, што заўтрашняга полымя не абмінуць.
— Наўрад ці. Ніхто не разводзіць соваў. Мы — таксама.
— Гэта няпраўда, мніх, — сказаў Братчык. — Я ведаю. Чалавек, які быў пры гэтым, усё запісаў. Я чытаў яго запісы. Гэта праўдзівая кніга. Кніга жыцця. Больш ніхто не запісаў бы так.
Іудзей зноў усміхнуўся белазубаю ўсмешкай. Лыцар Езуса паглядзеў на яго і раптам спытаў:
— Гэта праўда, што вы ўзялі ад старажытных ібераў [64] Іберы — кельтскае племя, што насяляла ў рымскія часы Іспанію.
агідны і брыдкі Богу звычай паласкаць свае зубы мачою і таму — вось хаця б у цябе — яны такія белыя?
— У мяне яны таксама белыя, — сказаў Братчык. — І ў многіх тут, хто здаровы.
Але яго ніхто не слухаў.
— Ну? — спытаў дамініканец.
— Адкуль гэта вядома? — спытаў Іосія.
Читать дальше