Гэтыя мясістыя рукі займаліся цяпер дзіўнай справай.
Амаль увесь невялічкі задні пакойчык, што межаваў з замкавай спачывальняй войта, займалі глыбокае крэсла і, перад ім, вялізныя начоўкі, сажні ў тры даўжыні, сажні ў паўтара шырынёю. Дно было пафарбавана плямамі ў чорны, зялёны, жоўты колеры. Над начоўкамі цямнеў вялікі круг: дно бочкі, роўна замураванай у сценку.
Рукі магнатавы бралі са скрыні нейкія невялікія прадметы і расстаўлялі на дне начовак.
Вось яны паставілі выразаную з дрэва белую Камянецкую вежу, на «поўнач» ад яе, наводдаль, Каложу, будынак курыі. Узвялі маленькія вежы замка. Потым, бліжэй да правай рукі, узніклі валы і будынкі, у якіх кожны абазнаны чалавек пазнаў бы Менск. Пасля апусціліся на дно начовак вежы Кракава, а яшчэ далей — карункавы Кёльнскі сабор.
Сталі на сваё месца, бліжэй да краю начовак, абацтва ў Кентэрберы і змрочны Дурбан Кастл. Далей, за паласою сіняй фарбы, Жаба паставіў прыступчатую юкатанскую піраміду і нешта накшталт пагады, паколькі на дне начовак там было напісана «Вялікае Чыпанга» [58] Чыпанга, як называў Марка Пола, — Японія.
.
Ён не разбіраўся, дзе там што. Проста абазнаныя людзі шмат разоў паказвалі яму, дзе што павінна стаяць, і ён мог рабіць гэта нават п'яны, а значыцца, ва ўсіх гэтых ягоных дзеяннях было не больш ведання краін і цвердзі зямной, чым у пчалы, якая будуе соты, ведання геаметрыі.
Служка ўжо некалькі разоў гукаў яго. Жаба не звяртаў увагі.
— Вашамосць…
Маўчанне. Рукі цяпер ставяць на дно лясы. Шмат лясоў.
— Вашамосць, гэтыя… хадакі са Шчучынскага наваколля просяць падатак збавіць. Сорак два чалавекі па колькасці вёсак. Не ідуць прэч.
— І не думай. «Ідзі з падарункамі — і добра табе будзе», — сказаў Саламон. А я ў калегіюме вучыўся. Я трохі-трохі разумнейшы за Саламона.
Пасля на дне начовак з'явіліся ўжо хаткі, дамочкі, садкі, кароўкі і конікі на зялёных плямах.
— Крыкам крычаць, вашамосць.
— Тады павесіць, — гікнуў Жаба. — Па-ве-сіць. «Карай сына і не абурайся крыкам ягоным», — сказаў Саламон. А я паразумнейшы за Саламона. Я, можа, сам ёсць бог. Га?
— Так. Так.
— Ідзі.
Служка пайшоў, вырашыўшы ўсіх не вешаць, а павесіць, дзеля постраху, аднаго-двух. Жаба расстаўляў цяпер на дне фігуркі людзей. Лялькі былі драўляныя. Рукі іхнія, змацаваныя на суставах ніткамі, боўталіся. Урэшце скрыня апусцела. Войт пацягнуў з суляі і адставіў яе. Абапёрся падбароддзем на кулакі і зверху стаў глядзець на ночвы.
Плылі рэкі, стаялі гожыя гарады, пасвіліся на паплавах чароды. Жаба глядзеў на гэтую жывую, шчаслівую зямную лагчыну з замілаваннем.
— Хочаш да мяне? — спытаў ён у адной лялькі.
Лялька маўчала.
— Глядзі, пашкадуеш.
Ён узяў суседнюю фігурку і паставіў яе бліжэй да хаты… Потым уздыхнуў і выцягнуў з дна бочкі шпунт. У начоўкі нямоцным струменем паліла вада…
— «Ад чалавека да жывёлаў і гадаў», — прашаптаў Жаба.
Ноздры ягоныя дрыжэлі, пашыраліся. Вада ўжо разлілася па дне начовак, дасягнула лялькам да каленяў. Жаба пераставіў тых з іх, што былі блізка, на стрэхі хацінак. Астатнія паступова заліваліся вадою і не ўсплывалі, бо ў ножкі быў заліты свінец.
Вось ужо заліло авечак… кароў… коней… Некаторыя чарапяныя і касцяныя фігуркі ўсплылі, бо былі пустыя ўнутры. Вада паступова набіралася ў іх, і яны павольна апускаліся ў яе. Астатнія засталіся, варушылі над напорам плыні рукамі, уздымалі іх па меры таго, як падымалася вада. Нібы цягнулі гэтыя рукі да тых, што былі на стрэхах.
Потым вада заліла іх з галавой, і яны стаялі, узняўшы рукі ўгору. Плынь пачала ўкрываць дворныя пабудовы… дахі…
Войт узяў адну ляльку са страхі і паставіў яе на званіцу. Вада ўжо заліла хаты і дрэвы. Толькі плавалі, паступова запаўняючыся вадой, некалькі лялек. Маленькія бурбалкі вырываліся ў іх з ратоў: відаць, у паветраны звон іхняга полага цела вялі тонкія, як волас, праходы.
Жаба ўзяў адну фігурку і паставіў яе на край ночваў. Усміхнуўся ёй.
…Заліло ўжо і званіцы. Павольна ішлі на дно «плыўцы».
…І калі ўсе яны зніклі, войт зняў з краю ночваў самотную фігурку, апусціў яе на ваду і стаў сачыць.
Якраз у гэты момант дамініканец праслізнуў у дзверы.
— Хадземце, вашамосць. Хадземце, сын мой.
— Куд-ды? — не адрываючыся ад відовішча, спытаў магнат.
— Рада сабралася. Самазванца гэтага, Хрыста з апосталамі, судзіць.
— А-а. Гэта я заўсёды.
Фларыян заўважыў стан свайго субяседніка.
— Можаце і застацца. Нам толькі ключы ад «апраметнай».
Читать дальше