Правёў рабром далоні па глотцы. Зноў узняў каня, павярнуў, пусціў наўскапыт.
І дарэмна. Таму што пасля ягоных слоў над людскім скопішчам павіснула прыгаломшаная цішыня. Цяжка, відаць, варочаліся думкі за зблытанымі валасамі, што звісалі на лбы. Але затое гэтыя думкі былі падобныя.
— Хлопцы, — раптам падаў нехта голас, — гэта ж ён чаго такога сказаў?
Вястун абвёў вачыма Ростань. Сям-там моўчкі стаялі купкі рамеснікаў. Багатыя збольшага разышліся: няма чаго было тут рабіць.
У каваля асекся голас, калі ён ціха сказаў:
— Хрыста?
— Па ката паехаў ганец, — змрочна сказаў Гіаў Турай.
Навісла маўчанне.
— Слухайце, — сказаў раптам Зянон, — а мо і сапраўды Хрыста? Можа, гэта яны Хрыста ўзялі?
Вус разглядаў залатыя далоні, нібы ўпершыню іх бачыў.
— Дарма з палатніны смяяліся, — сказаў ён. — Апосталы, халера на іх, так і хадзілі.
— І сапраўды, радно, — уздыхнула нейкая бабуля. — Грубае. Я ўжо ведаю. Колькі той палатніны рукі мае ўткалі. Грубая. Апостальская.
Кляонік і Марка іранічна глядзелі на ўвесь гэты роздум.
— Гэта значыць, і мы такія самыя апосталы, — сказаў Марка.
— Не вярзі, — абарваў яго стары Турай.
Людзі думалі. Людзі марудзілі разыходзіцца, хаця заставалася іх на плошчы Ростань зусім мала.
Маўчалі.
Раздзел VІІ. Ключы пекла і смерці
І жывы, і быў мёртвы, і се, жывы ўва векі вякоў, аман; і маю ключы пекла і смерці.
Апакаліпсіс, гл. 1, ст. 18
Lasciate ogni speranza [56] Вы, што ўвайшлі, пакінце спадзяванні.
.
Дантэ
Праз гадзіну пасля таго, як ганец паскакаў па ката, ліцадзеяў вывелі з часовай маленькай цэлі ў ніжнім паверсе заходняга нефа і павялі вузкім, як падземны ход, калідорам. Дзікія сцены і нізкае, рукой дастаць, скляпенне ціснулі на душу. Па баках трапляліся каморы ваякаў. У іх блішчалі на сценках шчыты і мячы. У гарачым вільготным паветры ледзь трапяталі языкі свечак, пахла потам, скуранымі рамянямі, іржою, алеем для зброі. Варта моўчкі ішла вакол, а наперадзе, з паходняй, ішоў Пархвер, згінаючы галаву. Толькі тут можна было зразумець, адкуль такія пісягі куродыму на скляпеннях.
У другім нефе каморы трапляліся радзей: відаць, кожныя дзверы вялі ў некалькі пакояў. Там, дзе гэтыя дзверы былі адчынены, можна было ўбачыць, што жытла тут багацейшыя: віселі на мурах кілімы, срэбныя люстэркі, на маленькім наборным століку за аднымі дзвярыма Юрась заўважыў вялікія, вельмі багатыя шахматы.
Увайшлі і ў тронную залу, скупа асветленую двума камінамі, дзесяткам смаласкопаў і верхнім святлом праз вузкія вокны. Сцены тут былі беленыя, разарваныя сямтам гранітнымі неатынкаванымі зверху брыламі. Зроблена гэта было для прыгажосці: роўная белая паверхня, а на ёй, плямамі няроўнай формы, шэрыя, крывавыя, зеленаватыя бакі камяніскаў. Тут і там гэтая прыгажосць была завешана старымі кілімамі і нетутэйшымі габеленамі. На іх вісела зброя.
— Схапіць бы, — шапянуў Роскаш.
— Ну і дурыла, — прашалахцеў цыганаваты. — Усім вядома: клінкі тут прымацаваныя да піхваў. Каб не хапалі зброю пры асобе караля, калі сварыцца пачнуць.
Трон белай косці, пакарбаваны золатам, стаяў у другім канцы. Дзве жалезныя жывёлы нібы вартавалі яго з двух бакоў: воўк і арол.
Ля сцен стаялі лавы, укрытыя налаўнікамі з сукна і футраў, і лавы-скрыні са спінкамі. З адной такой лавы служка, адкінуўшы сядзенне, даставаў зараз срэбныя і залатыя кубкі, доўгія сталовыя нажы — у кожным дзюймаў пятнаццаць, — лыжкі і іншае. Клаў іх на рассцелены абрус. Падчас вялікіх прыёмаў да гэтых лаў прыносілі і ставілі літарай «П» сталы.
У цыганаватага, калі ўбачыў такое багацце, аж заблішчэлі вочы. А Багдан і ўвагі не звярнуў. Глядзеў на разьблёныя спінкі лаваў. На іх сядзелі за сталамі людзі ў багатых вопратках, чокаліся вялізнымі кубкамі і куфлямі, угрызаліся ў шынкі і аленевы сёдлы.
— Багата жаруць, — праглынуўшы сліну, шапянуў ён.
— Змоўч! — гыркнуў Пархвер.
Маленькія, страшна маленькія, яны ішлі залай. Скляпенні былі недзе нязмерна высока, куды вышэй нават за недасяжнае дзённае святло з акон. Настолькі вышэй нават за яго, што безнадзейна губляліся ў цемры. Круцілася галава, калі выпадкова глянеш угору.
Цьмяна зіхацеў над тронам срэбны авал з упісаным у яго прамым шасціканечным крыжам — старой, яшчэ да часоў Воўчага Хваста [57] Воўчы Хвост — ваявода, які прыводзіў да хрысціянства радзімічаў і крывічоў. У пагоні за гэтай добрай мэтай амаль цалкам выразаў Мсціслаў, жыхары якога з таго часу — «недасекі».
, эмблемай гэтых земляў. Паганскай яшчэ эмблемай, якую пакінулі за схожасць са знакам Крыжа.
Читать дальше