— Вось што, — сказаў «анёл». — Махлярыць дык махлярыць. Што нам у гэтых бедных мястэчках? Хадзем адразу ў вялікі горад, у Гародню. І зусім без розных там вяшчальнікаў пераапранёмся за мурамі ды ў горад. І — тавар лепшым бокам.
— У Гародні людзей больш, — сказаў, мацаючы сінякі, Акіла.
— То што?
— Ты Хрыста ў Гародні сам іграй, — сказаў Юрасю Акіла. — Я цяжкі на бягу. Для мяне гэта работа дужа шкодная.
Я сказаў яму, што няма чаго запасіць, саліць, сушыць лаянку там, дзе яе і так досыць. Нашто гэтая справа, калі і так свет трымаецца толькі на ёй і лаюцца ўсе, ад папы і да таго, хто ходзіць з чарпаком. І чым больш лаюцца, тым больш лаянка — гарох у сценку… І потым, пры чым тут рыжы кот?
Фарс аб анафеме рыжаму кату
Гаршком назаві, ды ў печку не стаў.
Беларуская прымаўка
У той год Рым анафемстваваў Лютара і ўсіх, хто з ім, успамінаў праклёнам Арыя, Вальдэнса [48] Вальдэнсы — рэлегійная секта, якая ўзнікла на поўдні Францыі ў канцы ХІІ ст. Заснавальнік — П'ер Вальд, ліонскі купец (рэд.).
, чарнакніжніка Агрыпу, Гуса і Героніма Пражскага і іншых ерэсіярхаў. У той год Масква ўспамінала анафемай Святаполка Акаяннага і ноўгарадскіх «жыдоўствуючых», якія адмаўлялі манастыры і царкоўнае землеўладанне і казалі, што Хрыстос і без біскупа ёсць Хрыстос, а біскуп без Хрыста — тфу, і нашто ён тады ўвогуле?
У той год Гародня анафемствавала мышэй.
Ніхто не кінуў горада: ні цяжарныя, ні легкаважная моладзь. Нават калі і былі гэткія богабаязныя, то было іх так мала, што іхнія ўцёкі практычна не змянілі колькасці мышынага статка.
…Над Гародняй білі званы. Глуха бухаў дамініканскі касцёл, пагражаў бернардынскі, надрываліся званы Каложы і манастыра Барыса і Глеба, трывожна гудзелі святая Ганна і набрамная Зафея, стагналі званы францысканцаў.
І пагрозна раўлі — нібы адна адну праглынуць жадалі — барадатыя, праваслаўныя, і босыя, каталіцкія, пашчы дыяканаў.
— І ў тэрмін належны не пайшлі… Закон Божы пераступіўшы…
— І nunc, anima anceps… [49] Дык ідзі ж, грэшная душа…
— І за тое хай будзе ім Іудзіна ўдушэнне, Лазарава гніенне…
— De ventre inferi… [50] З глыбіні пекла…
— Гіезіева пракажэнне…
— Анафема!
— …валхва імгненная смерць…
— А-на-а-фе-ма-а!
— Анафема, маранафа!
— Анафема!..
— А-на-а-фе-ма-а-а!!!
Гуд званоў быў жахлівы. Рыканне бязмежных, як пячора, глотак яшчэ страшнейшае.
А між тым мала хто звяртаў увагу на анафемстваванне.
Напярэдадні, пасля вялікай бойкі на Старым рынку, людзі разышліся, але горад нібы застыў у чаканні нечага. Штосьці віравала пад вонкавым спакоем, мяшчане-рамеснікі шапталіся і глядзелі на варту з удаваным спакоем і патаемнай злараднасцю. Усю ноч з дома ў дом мільгалі нейкія цёмныя цені.
І ледзь толькі загулі званы, увесь горад (і ў адно імгненне) устаў. Відаць, дамовіліся загадзя, што пачнуць з пачаткам анафемы. У вокамгненне высыпалі з двароў узброеныя хто чым людзі, хапалі самотных вартаўнікоў, цяклі завулкамі, зліваліся.
Места валіла да Старога рынку. Разбіваць хлебныя склады. Хай сабе там і мала чаго ёсць — потым можна пайсці на склады замкавыя. Немагчыма больш было цярпець.
Над вуліцай стаяў такі крык, што яго пачулі нават ліцадзеі за мурамі. Яны якраз апраналіся ў грубы кужэль і перапаясваліся вервіем, калі места пачало рыкаць.
— Што гэта там? — з трывогаю спытаў тонкі Ладысь Гарнец.
Юрась ускладаў на галаву цярновы, з тупымі шыпамі, вянец:
— А чорт яго ведае! Горад… Відаць, нічога страшнага. Бачыш, варта нават брамы не зачыняе.
— Што рабіць будзем? — спытаў Жарнакрут.
Братчык спакойна ўскінуў сабе на плечы вялізны лёгкі крыж. Паправіў яго.
— Хадзем.
І спакойна пайшоў да брамы.
Дванаццаць чалавек у радне рушылі за ім. Следам пацягнуўся прадзёрты, брынклівы фургон.
Горад крычаў страшна. Тое, што ў замку дагэтуль не ўзнялі гвалту, можна было растлумачыць толькі гулам замкавых званоў. Цэрквы былі блізка. Вуліцы рамеснікаў — наводдаль. Замак маўчаў, але гарланне і крык каціліся ўсё бліжэй да яго.
Людзей было мала — ледзь адзін з пяцёх — дзесяцёх выйшаў на вуліцы, — але яны так напіналіся ў крыку, што ім здавалася: няма сілы, якая магла б стаць на іхняй дарозе.
Нізкалобы сотнік Карніла першы ўбачыў з кутняй вежы далёкі натоўп і, нягледзячы на тое, што быў цяжкадум, зразумеў, чым гэта пахне.
Пыл стаяў ужо над Старым рынкам: відаць, купцы баранілі плошчу ад рамеснікаў… Не, рамеснікі з мяшчанамі яшчэ далёка. Дарогаю, пэўна, разбіваюць нечыя дамы… Чаму ж пыл над рынкам?
Читать дальше