— А мы? — спытаў Алесь.
— А што мы? Гісторыю Прыдняпроўя павінен быў бы пісаць кат. Ён меў магчымасць назіраць за канцом усіх колькі-небудзь значных людзей твае і мае радзімы. І ён быў бы самы дасведчаны, бо толькі ён адзін мог ведаць, колькі патаемных запаветаў перадалі яны пласе сваімі абяскроўленымі вуснамі… Больш ніхто не ведаў. Больш ніхто не чуў…
Алесь даўно пакінуў запісваць. Але стары не заўважаў гэтага.
— Вось, скажам, славутыя цар-гармата і цар-звон… Гэта — пагарда да законаў прыроды і механікі, пагарда свядомая, пагарда ў імя царскага дурнога гонару, у імя варварскага імкнення здзіўляць усіх памерамі, велічынёй, вагою… Сотні людзей пакутуюць, здабываючы жалеза і медзь, задыхаючыся дымам ля формаў… І ўсё дзеля таго, каб гармата не страляла, а звон ляжаў на зямлі, не вытрымліваючы сваёй вагі, і не званіў…
Алесь, трошкі зачараваны гэтай жоўчнай логікай, пакрысе пачынаў супраціўляцца.
— Ёсць жа зброя, каб ваяваць. Можна пераконваць, спрачацца, збіраць сяброў…
— Гэта значыць, палітыка? — бязлітасна пытаў стары.
— Як бы ні звалася.
— Палітыка — брудная справа. Ты ведаеш, у чым яна, палітыка?
— Напэўна, ёсць і добрая палітыка.
— Хто гэта табе сказаў? Тыя, што ўбіраюць свае справункі ў павінае пер'е? А самі яны, кажучы прыгожыя словы, што робяць? Ты на іхнія справы глядзі, — ваўкі. Mon fils, il n'y a qu'une politique, c'est de tenir le pot de chambre l'homme au pouvoir, et de le lui verser sur la tête quand il n'y est plus [59] Мой сын, iснуе толькi адна палiтыка: трымаць начны гаршчок перад чалавекам, якi знаходзiцца пры ўладзе, i вылiць гэты гаршчок на ягоную галаву, калi ён пазбаўляецца гэтай улады (франц.)
.
I князь адсоўваў келіх. Уставаў.
Потым разам ішлі гуляць. Аглядалі пакоі, залы для баляў, малых прыёмаў, грэчаскую залу для антычных статуй, егіпецкую для манет, затым самую вялікую, версальскую — для фарфору і новых карцін. Версальская зала здавалася бясконцай: верхняе святло халаднавата лілося сюды, адбіваючыся ў люстрах. Мармур высачэзных калон з канелюрамі трошкі пажаўцеў, нагадваючы слановую косць.
Аглядалі жылыя пакоі, удвая ніжэйшыя, чым парадныя, аглядалі бібліятэку з бясконцымі шафамі, у якіх чарнелі старажытнымі дошкамі і залаціліся новым цісненнем незлічоныя кнігі.
І ўсяго гэтага было так многа, што рабілася непрытульна. Нашто гэта? Адразу зразумела, чаму ў іх амаль не жывуць, чаму аддаюць перавагу пакойчыкам, удвая ніжэйшым і прытульнейшым.
Увечары Алесь ішоў у тэатр і там смяяўся і абліваўся слязьмі над гаротным лёсам Аглаі з "Палескага разбойніка" і дрыжаў ад шкадобы і тугі, калі ў "Рычардзе ІІІ" пачвара кароль, забіўшы Яе мужа, з д'ябальскай хітрасцю ашукваў Яе. Яна стаяла, гордая ў сваёй нянавісці, і пакрысе той, гарбаты, абуджаў у ёй гонар жанчыны, якую кахаюць. На вачах у Алеся нараджалася каханне, аб якім ён толькі невыразна чуў… У яе мокрых вачах, цьмяна асветленых нянавісцю, нараджаўся аднекуль цэлы свет: давер, боль, а за ім святло саміх нябёс.
Ён яшчэ не мог стрымлівацца, і таму ў зале часта гучалі яго рыданні. І людзі на сцэне адчувалі, што адзін удзячны глядач замяняе ім поўную залу.
Калі праз шмат год славутую актрысу пыталі, ці памятае яна дні, калі іграла лепей за ўсё і хто гэта бачыў, яна адказвала:
— Памятаю. Але гэтага ніхто не бачыў. Толькі адзін. Усё маё астатняе толькі падробка пад тыя дні. Толькі для аднаго я магла так іграць.
— Дзе ж ён, гэты шчаслівец?
— Шчаслівец?.. Не…
Яна болыш нічога не казала. І невядомы "адзін" стаў легендай.
Нельга сказаць, што ў яго не было засмучэнняў. Неяк дзед расказаў, як два гады таму назад некалькіх "фалангістаў" захуталі ў саваны і, прывязаўшы да слупоў, трымалі, з мяхамі на галовах, доўгі час пад рулямі, а потым загналі ў Сібір. Гэта было ў Пецярбургу, і сярод "фалангістаў" быў пісьменнік. Як не прачытаць такога? У дзеда знайшоўся часопіс з яго аповесцю. Аповесць звалася "Бедныя людзі", і Алесь, з цяжкасцю адольваючы мову, прачытаў яе за два дні…
У гэтыя дні якраз скончыўся тэрмін, які вызначыў дзед. Алесю трэба было ехаць. Дзед хадзіў змрочны, дый Алесь месца не знаходзіў. Дзед, зведаўшы ўнука за гэтыя дні, цяпер жахаўся, што мог адштурхнуць яго ў першы ж дзень. Усе свае рысы, усе рысы людзей, якіх ён паважаў, ён прададчуваў у гэтым чалавеку. Вежа бачыў ва ўнуку самога сябе, толькі нязмерна палепшанага, і ганарыўся гэтым.
Напярэдадні стары не вытрываў.
— Едзеш? Напэўна, рад?
— Дзядуля… — з дакорам сказаў унук.
— Едзеш толькі на некалькі дзён… Вядома, бацькі… Але за навукай тваёй буду сачыць я. Прынамсі, год-два, пакуль мне не стане цяжка. І калі я захачу цябе бачыць — па першаму ж майму слову ты павінен ляцець сюды і жыць столькі, колькі я захачу.
Читать дальше