— Эге, вось і ён там у чоўне ехаў.
— Не ведалі дзеўкі, — сказала яна. — Маўчаць трэба было.
— Чаг-го? Ён харошы хлопчына. Можа, і разам калі зойдзем. Ён песні любіць.
— Пра вас кажуць: добра спяваеце.
— Гэ, лухта!
Ён моўчкі сядзеў у чаўне, гледзячы на яе.
— Дык, кажаце, добры гарох… Гэта добра… Ну, бывайце ўжо. Добрага вам свята…
Алесь здалёку глядзеў, як яны гаманілі і як потым Андрэеў човен даганяў іх па спакойнай вадзе. I ўсё гэта было як працяг ягоных думак. Ён не здзівіўся б, каб за першым жа ўзгоркам адкрыўся вачам гарадок за частаколам, зусім як у адной дзедавай кніжцы. I каб было ў ім свята, і каб гарэлі дымныя вогнішчы, каб былі дзевы, падобныя на тую, і вотракі, падобныя на Андрэя. Гэта ж была тая самая рака, што і за тысячу год да іх дзён, тыя ж берагі і тыя ж дубы на іх. Ён блытае сваіх продкаў, а яго далёкія нашчадкі будуць блытаць яго з Андрэем, а іх — з тымі, што жылі на гэтых берагах даўно-даўно. Таму што пройдуць такія вялікія тысячы год, што ўсім будзе ўсё адно…
I гэта неяк страшнавата наблізіла яго, Алеся, да ўсіх людзей, нават да тых, чые курганы стаяць вось ужо колькі стагоддзяў па берагах вялікай ракі. Ягоны курган зблытаюць з іхнімі. Пройдуць вялікія тысячы год, і людзям будзе ўсё адно. Таму, відаць, і трэба трымацца за тых, каму не ўсё адно, і любіць іх.
Ён думаў, што гэта — толькі працяг таго нязмернага шчасця, якое жыццё любоўна дарыла яму, повязі яго, шчаслівага, з усім жывым. Ён як быццам адчуў усю недарэчнасць часу і вызваліўся ад яго ланцугоў.
…У гэтым новым настроі ён быў як бы ўсеабдымным.
У Вежы былі змены: дзед знайшоў настаўніка, сухарлявага і надта разумнага маладога чалавека. Настаўнік пачаў выкладаць Алесю родную гісторыю, літаратуру і грамадскае права. Ён рабіў гэта добра, але хлопчыка як быццам нічога не абыходзіла.
Настрой усеабдымнасці зрабіў тое, што Алесь цяпер вельмі часта лётаў у сне, пад самай столлю, потым выплываў з акна і плыў над зямлёй. Духі займала. Аднойчы ён спытаў аб гэтым у новага настаўніка і атрымаў адказ:
— Атавізм.
— А гэта не ад вершаў?
I прыкусіў язык. Няварта было камусьці гаварыць пра тое, што жыло ў ім.
— Вершы — глупства, — сказаў настаўнік, папраўляючы доўгія валасы. — Гэта добра для сытых, а вакол столькі бедных людзей. Ім трэба асвета. Настаўнікі. Медыкі.
Бедных людзей было сапраўды шмат, і вершы iм былі непатрэбны. Але ж ён пытаў не аб тых вершах, якія ў кнігах. Ён пытаў аб тых, якія носяць чалавека над зямлёй і дазваляюць адначасова быць з усімі.
Алесь замкнуўся, нікога не пускаючы ў свой свет. Ён слухаў спрэчкі новага настаўніка з Вежам і адчуваў сябе ў нечым вышэй за іх. Яны не ведалі яго таямніцы, якая давала змогу яму, Алесю, любіць усіх людзей, як самога сябе, бо ўсе былі адно, і над гэтым адным не было ўлады часу.
Настаўнік і дзед не разумелі гэтага. Яны спрачаліся.
— Нашчадкі славянафілаў, — віраваў настаўнік. — Захад для іх распуста, злосць, крамола. "А вось мы — непарушнае адзінства праваслаўнага блажэнненькага народа з праваслаўным белым царом. Носьбіты велічы! Трэці Рым! Сіла, якая ўратуе гнілы свет. Крыж на Сафіі, гасудар-бацюхна, славяне богабаязныя, душа смірэнна мудрая! Свет велічы і праўды — не тое, што бязбожныя заходнія аспіды…" А за іхнімі гэтымі ідэямі — бруд. Мы — нашчадкі іншых людзей, мы нясём радзіме адмаўленне, свежы струмень вады ў яе дрыгву.
Дзед велічна ўсміхнуўся.
— Я паважаю вашы думкі, — сказаў ён. — Але не вы дый не вашы апосталы першыя сказалі пра гэта. Яшчэ нейкі баярын бубнеў аб "багамерзскіх немцах з іхняй геаметрыяй". А другі рэзаў яму бараду. Гэта было і гэта будзе праз дзесяць і праз пяцьдзесят год. Паўторыцца старая казка аб заходніках і славянафілах. I толькі падставы будуць іншыя, а вонкавыя праявы падобныя і страшэнна смешныя.
— Што ж вы, адмаўляеце погляды рыцараў духу? — аж бляднеў настаўнік. — Тых, што ў Петрапаўлаўку ледзь не трапілі?
— Я таксама ледзь не трапіў у Петрапаўлаўку, — казаў дзед. — Што ж я, па-вашаму, чалавек поступу і святла?.. Я не бэшчу заходнікаў. Яны былі патрэбны і неабходны. А нашчадкі, узяўшы ад іх усё горшае, ператварыліся ў карыкатуру на іх… Славянафілы ж, якія былі, такія і засталіся, толькі што не выціраюць масляных рук аб валасы, расчасаныя страхой, і не смаркаюцца ў руку, хаця схільныя ўхваляць і тое і другое.
— А вы што ж?
— Я лічу, што людзям патрэбна новая вопратка… Але сам неяк дахаджу ў старой. Калі, вядома, не траплю ў вашу разню.
— Хто каго будзе рэзаць?
Читать дальше