— Сядайце.
Усё было звычайнае. І ўсё ж за гэтым пакоем ён бачыў вязніцу і полымя вогнішча.
Пачырванеўшы, працягнуў ёй скрутак паперы.
— Што гэта?
— Прачытайце. I не бойцеся турмы. Я вас абараню.
Яна з усмешкай паглядзела на яго, такога наіўнага ў сваёй веры. Што мог зрабіць ён?
Пасля разгарнула скрутак i з той самай памяркоўнай усмешкай пачала чытаць.
Усмешка знiкла.
Страшна бледная, яна глядзела на яго.
— Стары пан піша, што ён вызваляе мяне па вашаму жаданню.
— Калi ён пiша так — значыць, ён добры да мяне.
І тут ён убачыў яе вочы. Што гэта было, ён не ведаў, але гэта былі зусім другія вочы, не тыя, што вось толькі, не тыя, што на сцэне.
Маўчанне панавала ў пакоі. А за паўкруглым акном ляжала глыбокая ноч.
— Дзякую вам, — сказала яна. — Я гэтага ніколі не забуду. Ніколі не забуду.
Гэта было непатрэбна. І ён, адчуваючы, што слёзы вось-вось зноў пырснуць з вачэй ад захаплення і шкадобы, павярнуўся і кінуўся з пакоя.
Раніцай сонца прабівалася праз плюшч на вялізную верхнюю тэрасу, што з фасаднага боку. У вальерах сварыліся і шалёна крычалі папугаі.
Дзед сядзеў у крэсле. Перад ім дымела філіжанка шакаладу і стаяла бутэлька белага віна. Убаку сядзела за каклюшкамі Глебавічна.
А перад Алесем акрамя шакаладу ляжалі лісты жоўтай слановай паперы, стаяла ў чарніліцы кітайская туш. Дзед у гэтых адносінах быў вялікі сноб, — пісаць, дык пісаць так, каб была асалода: ільсняным чорным па гладкім жаўтаватым, тады пішацца нешта талковае. "Сучасныя пісакі таму і пішуць абы-як, без стылю, што перад імі каравая папера і чорт ведае якія пер'і: скрабуць ды рыпяць".
А пер'і былі адмысловыя: гусіныя, тонка завостраныя, мяккія, заўсёды з левага крыла, каб зручна ляжалі ў руцэ.
Дзед прыгубляў віно і пачынаў, быццам бавіўся новай гульнёй, але так, што гэтага нельга было заўважыць:
— Разважаннi аб злачынстве i пакараннi…
Пяро ў Алеся пачынала бегаць.
— Не спяшайся, — казаў дзед. — Выслухвай і запісвай самае галоўнае… Дык вось, мы спыніліся на неадпаведнасцях паміж людскімі законамі і натуральным законам прыроды…
Дзед думаў хвіліну.
— Чалавек следуе законам натуры толькі ў горшым. Ён карае смерцю нават за тое, за што натура даруе ў літасці і жорсткасці сваёй… А між тым, безумоўна, падлягае смерці толькі адно злачынства — здзек з чалавечай душы, катаванне чалавечага цела… Сюды трэба аднесці гвалт над жанчынай…
— Бацюхна, — з дакорам казала Глебавічна. — Яму рана.
— Маўчы… Заўтра я, магчыма, памру, так і не дачакаўшыся, калі яму будзе "час". Хай слухае. Ён не зразумее гэтага брудна…
— Табе лепей ведаць, — прымірылася яна.
— Вы гаварылі, што ў Півошчах стралялі, — сказаў Алесь. — Што атаман Прайдзісвет забіваў з голаду… Тады і… нас.
— Магчыма, сынок.
— Ба-ацюхна мой, — уздыхнула Глебавiчна. — Вы ж не ўдарылі нікога за ўсё жыццё.
— Ён разважае разумна, матухна, — казаў князь. — Я не ўдарыў, але маё становішча такое, што я магу ўдарыць чалавека, які не можа адказаць. Значыць — розніца невялікая.
— Вы пан літасцівы.
— У літасці ўся і справа. Літасцівы. Ашчаслівіў. А яго сын, скажам, будзе нелітасцівы. Або мы загінем падчас навальніцы на Дняпры. Усе.
— Свят-свят, — хрысцілася Глебавічна. — Вы нешта жахлівае кажаце.
— Так, дзядуля, — казаў Алесь. — Я і сам гэта думаў. А потым прыйдзе нейкі Кроер.
— Вось, — казаў дзед. — І таму мы, незалежна ад нашых добрых якасцей, удзельнічаем у адным вялізным злачынстве, імя якому… Расійская імперыя.
Стары вальтэр'янец усміхнуўся. Зялёны і сонечны цень ляжаў на яго абліччы, а ў вальерах далёка і прыглушана крычалі птушкі.
— Чаму ж не змяніць гэтага? Ёсць разуменне, ёсць воля, ёсць зброя.
— 3 кім змяніць, сынок? Каб было з кім — я першы блаславіў бы цябе на гэта, — сумна ўсміхаўся стары. — Няма з кім. Пагоны, ордэны, прывілеі разбэсцілі амаль усіх. Гэта подласць. Гэта замаскіраваныя хабары, якімі бяруць прагных да пашаны і проста нячыстых людзей. І вось таму я кажу табе гэта, каб ты не быў падобны да іх. Ніколі не бяры прынады, ніколі не бяры славы і ўлады — хаця б цябе сілком цягнулі да іх. Ніколі не йдзі на раду нечасцівых, блажэн муж.
Ззяла сонца, заліваліся птушкі ў шатах дрэў і вальерах. А стары маленькімі глыткамі, толькі мачаючы вусны, піў віно, і твар яго быў незвычайны, горкі і з'едлівы, і ад гэтага прыемны.
— Няма з кім, сынок… Часы… Равеснік Шэкспіра меў бы магчымасць бачыць большасць славутых англійскіх драматургаў. Равеснік Фельдфебеля — ледзь не ўсіх славутых мярзотнікаў і паганцаў свету, бо і ў тым і ў другім выпадку існавалі ўмовы, якія спрыялі іх з'яўленню і развіццю. Або прасцей: якая эпоха, такія і таленты.
Читать дальше