Тромб скасавурыўся. Хлапчынка быў маленькі і нястрашны. І гэта белае на далоні…
Ён пацягнуўся і ўзяў цукар. І Алесь адчуў, як нешта ў ім упала, адчуў слабасць.
Князь падыходзіў да яго, і Алесь сказаў глухім, каб не расплакацца, голасам:
— Загадайце прывесці мне маю кабылку… Я хачу дадому.
Вочы іх сустрэліся. І адным гэтым позіркам стары спасціг душу дзіцяці.
— Даруй мне, сынок, — сказаў ён. — Даруй.
Яны ішлі рука да рукі. Нічога не змянілася. Толькі хлопчык увесь час пытаў, а стары ўвесь час адказваў тым самым стрыманым тонам. Нават мова была тая самая, французская, толькі цяпер князь часцей ужываў мужыцкія словы, ужываў, не націскаючы на акцэнт, не агрубляючы іх, спакойна і натуральна.
Конюхі, калі стары і малады адыходзілі ад стайні, збянтэжыліся: не было ніякага загаду аб Тромбе. А Тромб, быццам баючыся астацца адзін, пайшоў асцярожна за хлопцам, касавурачыся вачыма на людзей. І тады стары павярнуўся.
— Каня — у стайню, — суха кінуў ён, — падвойную долю аўса і фунт цукру штодзённа.
— Дарэчы, — сказаў князь суха, — я не супраць пакаштаваць качыны. Загадай, каб засмажылі ў іспанскай падліве, з гваздзікай.
Усе здзівіліся: князь цярпець не мог ні качынага мяса, ні гваздзікі. Ён любіў з дзічыны толькі кулікоў, ды і тое пад мясцовай поліўкай.
Усё было па-ранейшаму. Толькі нянавісць хлопца знікла, даўшы месца насцярожанасці. Ён не разумеў гэтага чалавека.
А князь ішоў і, не заўважаючы хлопцавага настрою, гаварыў:
— Любіш коней? Гэта добра… Што, бацька ўсё са сваёй вінакурняй?.. Ага… хваліў, кажаш, сваю гаспадарку? Дарэмна… Пагібель гэтыя бровары, вось што.
Ішлі тым самым запушчаным паркам, дзе толькі рэдкія статуі часам нагадвалі, што гэта парк.
Натрапілі на азярцо, абкружанае высокімі штучнымі скаламі, і таму ціхае і змрочнае, як возера мёртвых. Дзед узяў з грота дзве стрэльбы.
— Бачыш на тым баку белы камень?
— Ну.
— Пацэль.
Алесь пацэліў дзвюма кулямі з трох — відаць было, як паляцелі каменныя пырскі.
— Нядрэнна, — сказаў дзед. — Ану я.
І пачаў цэліцца. Мёртва ляжала роўнядзь глыбокай, спакойнай і празрыстай вады. І тут Алесь заўважыў, што руля дзедавай стрэльбы няўхільна і цвёрда апускаецца і цяпер глядзіць проста ў ваду, у якой нерухома стаяць адбіткі чорных скал і белы кружок каменя-мішэні.
— Куды вы? — спытаў Алесь.
Замест адказу стары націснуў курок. Так і ёсць, ніжэй, бо пырснула вада. Але адначасова — Алесь аж здзівіўся — ад каменя паляцелі аскепкі. Другі стрэл. Трэці. Чацвёрты. Тое самае.
— Табе трэба навучыцца, — сказаў дзед. — Я цэлюся ў адбітак на вадзе, а куля трапляе ў сапраўдную цэль, рыкашэтам, адскочыўшы ад паверхні [58] Калiсьцi стральба па адбiтках у спакойнай вадзе была ледзь не народным спортам у Прыдняпроўi. Яшчэ сто пяцьдзесят год таму назад рэдка якое паляўнiчае свята абыходзiлася без яе. Потым, калi з-за паўстанняў пачалi адбiраць зброю, звычай пачаў знiкаць, але яшчэ за сто год да нас часам сустракаўся.
.
— Нашто гэта? — здзівіўся Алесь.
— А на тое, што той дрэнны стралок, хто добра страляе толькі ўдзень. Вучыся страляць і ўначы. У сутонні ты часта не бачыш ворага, які ідзе другім берагам, а адбітак добра бачыш. Клікні, а потым страляй.
У невялікі разрыў лістоты Алесь убачыў над паркам — і вышэй за ўсё вакол — узгорак з голай верхавінай, а на ім нешта ружова-аранжавае, узнесенае проста ў неба сваімі каланадамі.
— Храм сонца, — сказаў дзед. — Ён даўжэй за ўсё наваколле бачыць сонца. Але туды мы не пойдзем. Там магіла майго лепшага каня. Звалі яго — Эол. Ды толькі ўсе яго дзеці і ўнукі не тое. Быццам ён усю смеласць за адзін свой век пражыў.
— Можа, не ведалі, як за Тромба ўзяцца?
— Можа, і так… Хочаш — сабе вазьмі. I… да стрэлаў усё ж прывучы…
— Не ведаю. Калі ж я за гэта вазьмуся? — суха запытаў Алесь.
Князь моўчкі ішоў побач з унукам. Вусны яго былі спакойныя, твар, як заўсёды, абыякавы. І ніхто не ведаў, не мог бы ўбачыць, што ад самага здарэння з Тромбам у душы князя спявала радасць.
"Мой… Горды, крыўды недаруе… Не сынаў, не Кроеравай крыві… Мой".
А ўголас сказаў абыякава:
— Ну глядзі, як хочаш… Там, за Жараліцай, бярозавы гай… Там, бліжэй да дому, таксама над рачулкай, мой тэатр… Ну, а зараз пойдзем вячэраць, потым будзем глядзець трагедыю. Ты ніколі не бачыў тэатра?
У Алеся моцна закалацілася сэрца. Аб тэатры яму расказвалі. Бацька і маці бачылі тэатр шмат разоў, у вялікіх гарадах: у Магілёве, Вільні, Пецярбургу.
Читать дальше