І вось графіня Альжбета Хаданская вычварыла такое, што ў людзей валасы на галаве заварушыліся. Дзеўка-пакаёўка прыбірала пані і, прышпільваючы ёй ток, выпадкова ўкалола. Вечна раздражнёныя нервы злоснай румзы не вытрымалі, і яна ўстраміла дзеўцы вялізую шпільку ў грудзі. Дзеўка страшна закрычала, выбегла з пакоя, а праз якую гадзіну аб гэтым ведаў ужо ўвесь горад.
Пан Юры, даведаўшыся, кінуўся шукаць Хаданскага. Граф гуляў у ломбернай зале з сябрамі ў віст.
— Пан граф гуляе ў віст?
— А чаму мне не гуляць у віст?
— Ты звар'яцеў, — сказаў князь. — Калі ў цябе няма жалю, успомні, што цяпер трэба сядзець цішэй вады і ніжэй травы. Пугачоўшчыны хочаш? Васька Вашчыла па тваёй хаце не хадзіў?
— Князь…
— Што, цірам абыходзіцца абрыдла? Н-ну добра… Дык вось, калі не хочаш, каб тваю жонку — віламі, скажы ёй, каб маўчала… У апеку вазьму!
— Гэта не ад адных вас залежыць, — сказаў Ілля Хаданскі.
— Я з табою што, парсюкоў хрысціў, што ты ў размову дарослых лезеш?
З моладдзю ніхто так не гаварыў, але князь ужо не мог іначай.
— Вось што, — сказаў Загорскі. — Вось што, граф. Можа, я тую падзею і замну. Але дзеўцы зараз жа волю з зямлёй, дый то ці даруе яшчэ. Зараз жа! Іначай каб вы не пашкадавалі.
— Лухта, — сказаў стары граф.
— Вы пашкадуеце таму, што гэтым займуся асабіста я. Вы разумееце? Асабіста я.
Хаданскі спужаўся. Усё было зроблена па загаду пана Юрыя.
На тым бы, здаецца, усё магло і скончыцца. Але тут нібы чорт уткнуў у справу малодшага Загорскага.
Алесь прыйшоў у зборню. Хацеў знайсці Мсціслава. Перад дзвярыма курыльні пачуў галасы і сярод іх голас Іллі Хаданскага. Ён павярнуўся быў да дзвярэй, але прыслухаўся і спыніўся. За дзвярыма весела брахаў нешта нахабны голас Мішкі Якубовіча.
— Не можа быць? — з удаванай наіўнасцю спытаў Ілля.
— Я табе кажу. I вось нiбыта стаў наш князь перад Мiхалiнай на каленi дый прызнаўся ў каханнi. А тая глядзiць на яго непаразумела i нiц не ўтаропае. Ён да яе: "Люблю". А яна яму: "Што ты, Алесiк, я не магу цябе любiць. Я Наташу люблю… i Ядзечку".
Кампанія зарагатала. Тон гэтых нібыта Майчыных слоў быў такі наіўны, што рабілася ясна: дурніца дурніцай.
Загорскі штурхануў дзверы і зайшоў. Кампанія сціхнула.
— Пан Якубовіч, — сказазў Алесь, — хто вам дазволіў разносіць лапцявую пошту? Хто вам дазволіў бузаваць па брудных корчмах дзявочае імя? Маніць?
Чорныя вочы гусара нахабна і дзёрзка глядзелі на Алеся.
— Гэта што ж, наша высакародная зборня — карчма, ды яшчэ і брудная? — спытаў, дрэнна валодаючы сабой, Ілля Хаданскі.
— Чакай, — уладна перапыніў Міхал, — тут мая справа.
Устаў і наблізіў да Алеся шалёныя вочы.
— Хто патрабуе ў мяне адказу? Васемнаццацігадовы шчанюк, ты малако смактаў, калі я насіў зброю. Зеляпан, ты ў пялюшкі рабіў, калі я на бастыёне пад кулямі стаяў.
Алесь размахнуўся і ўляпіў яму поўху, Міхал схапіўся за шаблю.
— Заб'ю! Штафірка, шпак дохлы!
Хаўрус выкаціўся на вуліцу. Сябры трымалі Якубовіча за рукі. У таго з вуснаў валіла пена. Крычаў нешта яраснае высокім тонкім голасам.
— Калі вы так трымалі сябе на бастыёне — гэта было ва ўсіх адносінах годнае відовішча, — сказаў Алесь.
Канец мог быць адзін: дуэль. І невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але, дачуўшыся аб дуэлі, шматлікія крэдыторы падалі да неадкладнага спагнання свае вексалі на суму нешта каля пяцідзесяці тысяч. Пагражалі яшчэ да дуэлі пусціць маёнтак Якубовіча з малатка. У тым жа выпадку, калі не будзе рызыкаваць жыццём, будуць чакаць, колькі трэба, да атрымання Міхалам спадчыны ад бяздзетнай цёткі. І нават надалей даваць крэдыт.
Веткінскі мяняла Скітаў і магілёўскія банкіры-яўрэі зрабілі тое, што Якубовіч вымушан быў пайсці на міравую.
Вежа лічыў, што ў адкладзеным, у нязбытым двабоі ёсць нешта падазронае для гонару. Алесь са згоды старога Вежы прапанаваў Мішку заплаціць па ягоных вексалях, каб дуэль усё ж адбылася. Мішка падзякаваў і адмовіўся, нават выглядаў прысаромленым і сказаў, што шкадуе аб здарэнні. Асабліва пасля прапановы.
Нібыта ўсё сышло з рук. Але бяда, быццам толькі на хвіліну стаіўшыся, потым як з ланцуга сарвалася.
Злосць Хаданскiх прымусiла iх пайсцi на ўчынак, якi не мог не парушыць адносiн мiж Майкай i Алесем.
Ніхто не ведаў пра сцэну ў альтанцы. Але назнарок пушчанай плётцы многія паверылі, хаця б таму, што плёткі ўвогуле былі рэдкасцю. І сапраўды, прасцей з'ездзіць адзін аднаму па мардасах ды потым стаць да бар'ера, чым пускаць такое.
Читать дальше