— Вы разумееце… я любiў яго, з пачуццем прагаварыў Iлля. Вельмi любiў… Гатовы быў аддаць за яго жыццё. Ды я i аддаваў. Няхай яго не было побач. Усё адно… За iмперыю… На бастыёнах, пад ядрамi… Варта было змагацца… Побач са мной Мельгунову адарвала ногi… Ядро, другi раз, прабiла страху нашай мазанкi i трапiла ў ломберны стол…
Ён збялеў, зноў успомніўшы здарэнне.
— Проста ў стол… паміж мною і паручнікам Ветэрнам. Вось як між вамі, Франс, і мною.
Ядро, вядома, не магло трапіць, "як між Франсам і ім", таму што яны сядзелі плячом да пляча, але Хаданскі не падумаў пра гэта.
— Як між вамі і мной… Каб мы толькі ведалі, які падарунак ён нам рыхтуе! Варта было ваяваць за такое?.. На крыві ветэранаў — такая здрада. Я яго любіў. Я ненавіджу яго цяпер. Калі ён толькі ўздумае рабіць гэта справай, а не словам — хай не спадзяецца ні на што, акрамя мяцяжу і бунту. І я сам, першы, пайду на бунт. Мне да крыві не звыкаць.
Франс безуважна, нібы гэта не ён гаварыў з Іллёю, глядзеў убок.
Коні імчаліся раўнінай. Ілля не ведаў, як яму ставіцца да халоднага тону суседа.
— І, аднак, ён ліберал, — у які ўжо раз сказаў Франс.
— Лухта, — сказаў Ілля.
— А маніфест 26 жніўня? — спытаў Франс.
— Што? Вяртанне дзекабрыстаў? Звар'яцелыя старыя шаптуны. Іх там і варта было пакінуць. Нічога не ўмелі, нават ударыць.
Франс маўчаў. Прыгаломшаны гэтым, Ілля таксама змоўк.
Ззяў над гарызонтам ледзяны, ярасна-блакітны Сірыус.
І толькі пад'язджаючы ўжо да Загоршчыны, Франс сказаў, нібы ўголас падумаў:
— Я, здаецца, пачну яго ненавідзець.
— Правільна, — горача сказаў Ілля і асекся, бо неяк не звязаў у галаве, чаму Франс, які ўвесь час бараніў цара, цяпер збіраецца яго ненавідзець. Ён не ведаў, што Франс увесь вечар думаў аб іншым.
…Яны беглі заснежанай алейкай. Майка, у лёгкім футрачку, накінутым на аголеныя плечы, і Алесь. Кашлатыя, сінія стаялі вакол дрэвы. Маўчалі. Парк і ўвесь свет вакол былі нерухомыя. І ў гэтым непарушным, нібы адвечным, спакоі дзіўна было бачыць над шатамі дрэў мігатлівыя, жывыя іскрынкі зор.
Майка спрытна штурхала ў ствалы нестарых ялінак, выслізгвала з-пад іх і імкнулася далей. А за ёй з шолахам асыпаўся з галін іскрыста-сіні і сухі, як порах, снежны пыл. Асыпаўся проста на Алеся, на галаву, на плечы, на ўскінуты твар.
Змярцвела-сіні, абыякавы да жыцця і цеплыні стаяў вакол парк. А гэтыя двое, не зважаючы ні на што, парушалі гэты сон. Молада, дзёрзка і нахабна разбівалі гэты спакой. Зрывалі саваны са змярцвелых дрэў.
Сыпаўся і сыпаўся іскрысты пыл. І Алесь бег і бег за ёю са снегам у валасах, з трывожным захапленнем у сэрцы.
Ён амаль дагнаў яе, але яна кінулася ўбок, на бакавую сцежку, да белай зімовай альтанкі-павільёна. Пакуль ён павярнуў за ёю, яна ўзбегла па прыступках і, пацягнуўшы на сябе дзверы, знікла за імі.
І ён адчуў нясмеласць перад гэтымі снежнымі сценамі і снежнай веліччу дрэў, міжвольна прыцішыў крокі.
У альтанцы было халаднавата і цёмна. Бледнаватыя, невыразнага колеру плямы ад шыбінак ляжалі на сценах і на падлозе. Чырвонае здавалася ледзь ружовым, сіняе — шэрым.
Алесь стаў пасярод павільёна. Азірнуўся вакол. Майка, відаць, нікуды не адыходзіла, бо апынулася за ягонай спіною і цяпер стаяла ў дзвярах, гатовая выскачыць з альтанкі і зноў бегчы. Ён зрабіў да яе крок, другі, трэці.
Яна вагалася.
Яшчэ, яшчэ адзін. Майка нібы варухнулася, але асталася на месцы. Алесь падышоў зусім блізка і ўзяў яе руку ў свае. Паспрабавала вызваліць.
— Ціха, — шапнуў ён. — Ціха.
Здалёк, з цiшы заснежаных дрэў, з сiняй цiшынi, пачалi далятаць цiхiя галасы. Вiдаць, з вёскi прыйшлi славiльшчыкi:
Святой ноччу,
Святой ноччу ціхай,
На мурожным сене,
У божым Бетлеме,
Ціхай ноччу…
Снег ляжаў густымі белымі шатамі. Спявалі здалёк, ад палаца, і здавалася, што гэта звіняць снежныя чмялі.
— Што гэта? — аднымі вуснамі спытала Майка. — Адкуль?
Алесь зрабіў яшчэ крок і паклаў далоні на яе плечы, прыцягнуў яе да сябе, прыціснуўся шчакою, схаваў усё аблічча ў яе цёплых валасах.
Прыпаўшы галавою да яго пляча, яна маўчала. І яго рукі абнялі пад футрачкам яе вузкія плечы, адчулі іх цеплыню, іх пакорліва-мяккае супраціўленне, а потым бездапаможнасць.
Сінія дрэвы, сумёты, пранізліва-сінія іскры зор. Няпэўныя колеры на падлозе і белых сценах. Са снягоў, з ацяжэлых, як белыя мядзведзі, дрэў даляталі і звінелі галасы:
Лабыры-ягняткі,
Белы казляняткі
Сянца не елі,
На хлапца глядзелі.
Читать дальше